БУТЭЛЬКА


З бутэлькаю звязана шмат нашага жыцця і быць, або не быць". Без бутэлькі не разбярэш, вала не прадасі, дроў не купіш, не змелеш. У кожнай гадзіне нашага жыцця бутэлька іграе асноўную ролю. Але бутэлька поўная. Такая бутэлька прыспяшае рытм сэрца, раз'ясняе вочы і папраўляе настрой. Не гавару ўжо аб дабраце.

А вось пустая пляшка, нібы бяздомная сірата, нікому не патрэбная. Наадварот, чартоўскі перашкаджае дома і купіць ніхто не хоча, хоць усе гавораць аб ашчаднасці.

Сёння ўсю раніцу наша радыё прысвяціла бутэльцы.

Рэпарцёрка ездзіла па ўсёй Варшаве, па ўсіх пунктах, каб даведацца, дзе і якія прадаюць бутэлькі, слоікі і ўвогуле шкляныя ўпакоўкі. Была яна не толькі на пунктах скупкі, але аб'ездзіла ўсе аддзелы "Сполэм" і шкляныя заводы, спажывецкія крамы. Была нават у міністэрстве.

Ездзіла яна, бадай, пару дзён, бо Варшава — горад вялікі, ды і не заўсёды можна застаць на працы каго трэба. Намучылася, пазлавалася і... нічога не даведалася, бо ўсё яшчэ трываюць нарады, як ацаніць бутэльку: восем злотых за паўлітра і дзесяць за літр, ці мо сем за паўлітра, а дзесяць за літр. Гаварыла з міністрам, які наракаў на ПСС "Сполэм", што не хоча прымаць ад людзей шкла, а павінен. Прадстаўнік ПСС "Сполэм" бараніўся, што не можа прыняць, бо, па-першае: магазіны яго змяшчаюць дзвесце тысяч штук, а прымае пяцьсот тысяч, а па-другое: навошта яму працаваць на кагосьці, значыць на прамысловасць дарма.

Вынік паездак пані рэдактар Гансяроўскай (слава Богу, прыпомніў!) быў такі: даведалася яна, а за ёю мы, што шкло цікавіць толькі аднаго чалавека ў Варшаве і ўсёй Польшчы. Ён скупляе ўсе бутэлькі і слоікі і гаворыць (я сам чуў, што не працаваў бы, каб да інтарэсу мусіў дакладаць.

Жыхарам горада Беластока і Беласточчыны падаю прыблізна яго адрас: Варшава-Урсынуў. Калі, даражэнькія, будзеце ехаць у Варшаву па каўбасы, або на экскурсію на базар Ружыцкага, не забудзьце узяць з сабою шкляныя упакоўкі, там, паводле слоў пані Гансяроўскай, прадасце.

На мой дурны розум прыйшла думка: чым людзі больш адукаваныя, тым больш губляюцца ў пошуках. У нас кожны другі мае вышэйшую адукацыю і кожны другі сярэднюю, а вось вырашыць наконт бутэлькі не могуць.

У Чэхаславакіі народ куды скрамнейшы і прасцейшы. Яны не разумеюць аніякае камбінацыі. Гэтыя "прастакі" ўвялі адну, усяго адну, як гэта не сорам, цану на ўсялякую шкляную пасуду: бутэлька ці слоік каштуюць там адну крону, і ва ўсіх спажывецкіх крамах можаце гэта прадаць. Брыдзяцца толькі загранічнымі, як і мы.

1982 г.

Загрузка...