ТОЛЬКІ ГРЫВУ ВІДАЦЬ


Цяпер усюды аднолькава, ці ў горадзе, ці ў вёсцы. Святло ў горадзе — святло ў вёсцы, трактар у горадзе — трактар у вёсцы, самаход тут і там. Самагонка ў горадзе — самагонка ў вёсцы (вясковыя лепшыя, бо з жыта, а не з цукру), авечкі там і там, сабак поўна ўсюды, свіней хоць адбаўляй, а свініны малавата (у горадзе і ў сяле) Адукацыя зраўнялася, бо ж зборныя школы; вопратка зраўнялася, бо ўся купная. Дываны, мэбля, тэлевізары ідэнтычныя. Ну, можа адно толькі адрознівае горад ад вёскі. У вёсцы няма трамваяў, а ў горадзе вясковага малака. Але хто на такія дробязі звяртае ўвагу? Галоўнае — умовы жыцця зраўняліся і культура. Напрыклад, рук не мыюць перад ядой у горадзе і на вёсцы. Ой, ой, зараз шум. Не гавару пра ўсіх. Рэстараны, забягалаўкі таксама аднолькавыя, не маюць чаго зайздросціць адны другім. А вось мястэчкі перараслі гарады ў галіне навуковага сексуалізму!

Калі я крыху гэтым заняўся, то ўбачыў, што жанчыны мястэчак куды лепш умеюць заспакоіць нашу цікавасць і ахвоту раскошнага перажывання трывожнай ночы. У горадзе намеру Беластока няма аніякіх атракцый. У вялікай агламерацыі ўсё, што робіцца, адбываецца паціху, і нічога ніхто аб нікім не ведае. Усе задаволены і нават няма з каго крыху пасмяяцца. На вёсцы любяць больш атракцый. Наогул вясковы народ весялейшы.

Нядаўна адзін мой знаёмы паехаў у мястэчка на кірмаш прадаваць кабылу і вала. Прадаў. Толькі за кабылу ўзяў трыццаць пяць тысяч злотых. А колькі завала — ніхто не ведае. Ну, калі прадаў, то зайшоў у "рыгалаўку" выпіць барыш. А гэта чалавек, які аж дрыжыць, калі ўбачыць чужую жонку. Тады ён п'е гарэлку, а сліна цячэ з рота, як у сабакі, ды вочы вылазяць з ілба. Так было і цяпер, калі лакомы на секс хітрун прадаў кабылу і бычка. Ён уявіў сабе Дон Жуанам, калі прыкмеціў, што жанчына (год пад шэсцьдзесят) за суседнім столікам сочыць за ім. З'ядаў яе позіркам. І трапіў на кручок. Пайшлі разам да яе на кватэру з мэтай перажыць прыгоду. Распрануўся, а тут уваходзяць два вярзілы. Вопратку з кашальком забралі, аматара чужога ложка адлупцавалі і ў кальсонах выкінулі з хаты. Добрымі былі людзьмі, бо чаравікі выкінулі за ім, каб бегучы дадому, не пакалечыў ног.

Над раніцай дабрыў дахаты.

— Бандыты пераступілі, — тлумачыцца перад жонкай, — разам з вопраткай забралі і грошы.

Яна аднак у банду не паверыла. Калі прыціснула яго добра, "прызнаўся": пасля выпіўкі нейкія мужчыны зацягнулі яго сілай у "чужую хату і ўсё забралі. Адрас падаў, думаў, жонка грошы адбярэ.

І жонка паехала ў мястэчка. Застаўшы пад указаным адрасам жанчыну, пачала прасіць, каб тая пашкадавала яе і вярнула хаця б за кабылу (ужо чорт з валом, няхай прападае). А тая бессаромна задзерла спадніцу і, ляпнуўшы рукой па голым пузе, сказала: "Кабыла тут, толькі грыва відаць".

І паслала цётку к чорту.

Вось гэта атракцыя! Хто ведаў бы аб гэткім у горадзе?

1980 г.

Загрузка...