ДУРАНЬ

(Рэфлексія)


Навошта крычаць на дурнога, што ён дурань, ці ж ён гэтага хацеў?

Вінаваты бацькі і прырода, што дурань дурнем астаецца. Ён напэўна хацеў бы быць разумным, але прырода дала яму замала шэрых клетак, або з часам і тое, чым скупа надзяліла, калі пускала такога на свет адабрала. А што зрабілі бацькі, каб увесці ў рух хаця б тыя шэрыя клеткі, якія яшчэ асталіся? Нічога! — і дурань дурнем астаецца.

Але што б аб дурнях разумныя не гаварылі, то і так добры дурань з'яўляецца лепшым чалавекам ад дрэннага разумнага, бо:

— не ведае, як кагосьці абдурыць;

— не ведае, як камусьці "свінню" падлажыць (калі ведае, гэта ўжо не дурань);

— не ведае, які на каго пусціць паклёп, каб яго жыццё зрабіць нязносным;

— не выдумаў ніякіх сродкаў дзеля няшчасця сваіх блізкіх і дезля прыгажосці свайго жыцця, якое атрымаў ад Прыроды.

Гэта ўсё выдумалі і зрабілі людзі разумныя. Гэта разумныя, але дрэнныя людзі наводзяць на іншых людзей жах сваімі" "абяцанкамі" знішчэння ўсяго жывога на працягу паўгадзіны.

Вывад: лайце, ненавідзьце і праклінайце дрэнных разумнікаў, а не дурняў, якія нічога нікому кепскага не зрабілі!

Невядома, колькі аддаў бы нават жыцця бедны дурань, каб быць карысным, разумным чалавекам, але ж нічога не можа зрабіць, бо не мае такога розуму, як іншыя.

Суцяшае адно свет не загіне па волі дурняў, ён загіне "дзякуючы" разумным.

1988 г.

Загрузка...