Ніхто не можа запярэчыць, а хто не ведае — няхай даведаецца, што "Еўрапейскую" гасцініцу ў Варшаве будавалі нашыя грабаўлякі, як і жыхары такіх вёсак, як Чэхі-Арлянскія, Елянка, Курашава, Дабрывада і іншыя, цяпер ужо вядомыя вёскі, бо ляжаць вакол Дубічаў Царкоўных.
Нашы хлопцы пасля вайны вырашылі дапамагчы дзяржаве адбудаваць гасцініцу сусветнага значэння, а сабе падзарабіць крыху грошай. Сядзелі ў Варшаве не толькі месяцамі, але цэлымі гадамі, а гаспадаркі абраблялі жонкі і хто там астаўся. Не адной жонцы бокам выходзіла гаспадараванне, але заўсёды мела надзею на даплыў свежага граша і мучылася адзінока.
Аж прыйшла хвіліна адчаю, калі цётка Манька далей не магла вытрываць без мужа. Адважылася паехаць у Варшаву завезці мужу смятаны, масла і кавалак кумпяка.
Калі цягнік затрымаўся на Віленскім вакзале, пані Маня выйшла з вагона з кошыкам ад бульбы ў руцэ (у ім найвыгадней яйкі вазіць, не паб'юцца так хутка), здзівілася вялікай колькасці людзей на пероне. Падумала "Якосьці польскае свята". Падыйшла да першага мужчыны.
— Дзе тут працуюць грабаўлякі?
— Слухам пані, о цо пані ходзі?
— Як то, вы не ведаеце, па якому я гавару? Я вас як чалавека пытаю, дзе тут працуюць нашы грабаўлякі?
— Я пані не розумем, пані хыба пшыехала зэ всходу?
— А няўжо ж з захаду, пэўна, што з усходу.
— То ніц дзівнэго, жэ пані, не потрафі мувіць по польску...
— То вы не ведаеце польскай мовы, а не я. Я валодаю чысцюткай польскай мовай, як усе з Грабаўца. А цяпер скажыце, куды мне ісці да мужа, яго Дмытром завуць?
— Я направдэ не вем, о цо пані ходзі, і кого пані шука.
— То мо вы і не знаеце Ваські Мазурыкавага? У нас яго ўсе знаюць, бо ён ёсць ахвіцэрам, я яго бачыла, як на ўрлёп прыязджаў.
— Цо мі ту пані оповяда? Які Васька, які Мазур? Ту Варшава, а не якась Піпідувка!
— О, го, го. Ну і разумак. У нас у дубіцкай царкве збіраюцца людзі з... зара, зара: Грабавец, Рутка, Тафілаўцы, Дубічы, Чэхі, Елянка... з шасці або і болей вёсак, і то ўсіх ведаю, а ён, альфабэт, адной Варшавы не ведае. Але што аб ім гаварыць, калі ён аднаго на цэлы Грабавец ахвіцэра не ведае? Якісьці прахадзімец. А мо вы з Орлі? — Не, я з Зялёнкі.
— То й тут Елянка ёсць? Бачыце, а вы ніяк не здолееце навучыцца сваёй мовы, фэ...
Далейшую гутарку з варшавянінам перапыніла Манька, убачыўшы на пероне Трахіма.
— Трахім, што ты тут робіш?
— На піва прыйшоў.
— А дзе мой Дмыцёр?
— Зараз, нап'юся піва, то пойдзем. Мы ўсе там на Кракаўскім Пшэдмесці готэль будуем для Варшавы.
Чалавек з Зялёнкі вырачыў вочы:
— Сконд ту тыле рускув?
1990 г.