Ветліва прашу, таварыш міністр унутранага гандлю, ліквідуйце картачную сістэму, бо яна мяне вытанчыць.
Шчыра прызнаюся, у сямідзесятых гадах, калі адчуваўся недахоп мяса і каўбас, я сам на сходах і дзе толькі мог крычаў за ўвядзенне картачак, бо хацеў мець мяса хоць пад нядзелю, як Бог прыказаў, а не меў. Не меў таму, што ніколі не мог дапхацца да прылаўка: пастаянныя "супольнікі" кожны дзень стаялі ў чэргах і выкуплялі ўсё, што даволі, ды сушылі хіба на горшы час. Пасля ўвядзення рэгламентацыі аказалася, як я "палепшыў" сабе. Таксама ў чэргах трэба доўга стаяць, дорага плаціць, а купляць мушу тое, чаго іншыя не хочуць. Не купляў бы, але жонцы здаецца, што даюць дарма: мае ж картачку, і гоніць мяне па чэргах.
З мясам няхай ужо будзе як ёсць, калі нельга лепш, але ліквідуйце картачкі на мыла, парашкі, касметыкі, кашу і муку, бо не магу ўвайсці дахаты.
Калісьці жонка купляла гэтых тавараў столькі, колькі трэба, і можна было ўсё мець, ды ашчадна карыстацца. А цяпер усім гэтым карыстаемся не толькі ашчадна, але і скупа, каб хапіла на даўжэй, бо "хто ведае, як будзе заўтра".
У выніку такой гаспадаркі, мыл, парашкоў, кашы, мукі, гароху, фасолі, алею з соі, алею рапсавага, алею сланечнікавага алівы з алівак, аўсянага хлоп'я, рознае гарэлкі, віна, цукеркаў, пемзаў, туалетнай паперы, перфумаў, крэмаў да твару, крэмаў да рук, да ног, ад вяснушак, ад лішаёў, на маладзенне і гэтак далей — поўныя шафкі, шуфлядкі, яны пад ваннай, на паліцах і буфетах і дзе толькі ёсць нейкія шчыліны. Не хачу ўжо пісаць пра вопратку, абутак і іншыя тавары. Поўны падвал і гараж!
У магазіны кожнага дня прывозяць шмат тавараў, якія яшчэ пра-даюцца без картачак, дык і іх трэба выкупіць, бо "мо заўтра не прывязуць".
Паважаны тав. міністр, будзьце добры і паслухайце мяне, ліквідуйце карткі! А калі ўжо ўпрэцеся і далей будзеце рэгламентаваць, то прашу, пазваніце ваяводзе, каб дазволіў адкрыць краму. Я маю чым гандляваць без даставы. Або няхай ваявода дасць мне яшчэ адну кватэру М-4 і талоны на шафы. Ведаю, што спатрэбяцца, бо грошы трэба ж выдаваць. Мы не сяляне, якія таксама маюць шмат грошай, але не маюць на што выдаць, бо ім жа плугоў, барон, вілаў да гною і іншых сельскагаспадарчых прылад не прывозяць. Мо перакінеце працаўнікоў ад прадукцыі касметыкаў у вясковыя кузні няхай робяць плугі, будзе больш хлеба, мяса і малака, з якога я буду сушыць сыры на ўсялякі выпадак.
1982 г.