(Карэспандэнцыя з Чэхаславакіі)
Усе мамы, бабулі і цёткі ведаюць казкі аб гномах. Расказваюць гэтыя казкі, сваім дзецям і ўнукам. А я хачу расказаць вам праўду пра гэтых мілых і сімпатычных карлікаў, якія ананімна і бескарысна памагаюць людзям.
Усе пра іх ведаюць, але дзе яны жывуць — хто адкажа? А вось я ведаю. Гномы пасяліліся ў Чэхаславакіі. Не ведаю, што ім тут так спадабалася: людзі, горы ці паветра? Людзей тут малавата — кожныя рукі на вагу золата, гор многа, але яны ў поўным сэнсе слова хлеба не даюць, а паветра... Паветра тут не найлепшае, навакол фабрыкі і электрастанцыі, усюды дым і сера. Ну, не лічыце курортаў, як Карлавы Вары, Францішкавы Лазні і іншыя. Там паветра сярэбранае — чыстае і здаровае. Але ў гэтых курортных мясцінах якраз найменш гномаў. Яны ўпадабалі сабе вёску. Тую вёску, якая забяспечвае ўсю краіну хлебам, малаком, мясам.
Усе ведаем, у Чэхаславакіі зямля дзяржаўная і кааператыўная. Няма тут аднаасобнікаў. У вёсках не відаць курэй, гусей, свіней і качак. Усім гэтым неабходным забяспечваюць насельніцтва вялікія гадаўляныя фермы. І ніколі не здарылася, каб нават у такім гарадку, як Кадань, не хапала чагосьці.
Ці гэта ўсё такое дзіўнае, што я тут сказаў? Па-мойму, не. Усюды людзі павінны так працаваць і гаспадараваць, каб усё мець. Дзіўнае тое, што ніхто з нас ніколі не бачыў тут людзей на палях. Калі яны сеюць — невядома (а засеяна), калі яны жнуць — невядома (а ўсюды выжата), калі яны аруць — таксама невядома (а ўсюды заарана). Людзі абрабляючыя зямлю, відаць толькі ў суботу і нядзелю, калі яны корпаюцца ў сваіх гародчыках. Усю рэшту зямлі абрабляюць гномы. Збегліся яны сюды, мабыць з усяе Еўропы. А вось да нас чамусьці не горнуцца. Мусіць баяцца нас.
Будзьце здаровыя!
1981 г.