І БУДЗЬ ТУТ ВЕТЛІВЫ


Вадзіцелі аўтобусаў, як і ўсе людзі, бываюць розныя, ветлівыя і няветлівыя.

Днямі, едучы шасцёркай, пачуў я, як нейкі хітрун, падыйшоў да шафёра, сказаў:

— Пане калега, зрабі ласку, выштурхні мяне ля меблевых магазінаў.

Шафёр кіўком галавы прыняў просьбу. Даехалі мы да гэтых магазінаў, шафёр спыніў машыну, выйшаў з кабіны і шпурнуў хітруна каленам у азадак, што той, бы жаба, распластаўся на тратуары.

І ўсё было б "окэй", шафёр жа выканаў просьбу пасажыра. Але ўмяшаліся абаронцы "пакрыўджанага". Узнялі яны гоман, што шафёр пасажыра б'е.

— Чакайце, чакайце! — стараюся перакрычаць гарланісты "адвакатаў" і высветліць справу. А аўтобус рухаецца наперад, ад прыпынку да прыпынку, і шафёр, якога ўсе лаюць, быццам ніякіх спраў да нас не мае.

— Ён жа выканаў просьбу пасажыра, — пераконваю публіку, — навошта тады абзываюць яго брыдкімі славамі?

— Што, ты будзеш бараніць вярзілу, які б'е нас!? — крычаць.

— Я нікога не бараню, але я чуў просьбу "пакрыўджанага", — крычу ў адказ.

— Выкінуць нягодніка з машыны! — крычыць нехта ззаду.

— На брук падлу!

І шлёпнуў я на асфальт, як той хітрун пракляты, толькі менш удала, бо ў мазутную лужыну. Яшчэ ляцеўшы, пачуў, што з шафёрам расправяцца на апошнім прыпынку.

1985 г.

Загрузка...