КЫЧА, ДЭ?


Этымалогіі і генезісу слова кыча я не ведаю і нават забыў аб тым, што сам яго ўжываў 55 гадоў таму. Неяк яно мне ніколі не прыходзіла ў галаву нават тады, калі пісаў аб сваім пастушыным лёсе. Думаю, што гэта дэфармаванае беларускае слова акыш, якое ўжываецца для адгону птушак або назойлівага суседа: Акыш, маро, згінь-прападзіі У маім Грабаўцы ды ў наваколлі гэтым кыча, дэ'? адганяюць авечак, калі яны цэлым гуртом пруцца, бы тыя свінні, у зялёнае збожжа — шкоду, або запыняюць, калі дурная авечка не трапляе на свой панадворак, а бяжыць кудысьці ў блуды. Агульна кажучы, кыча, дэ? значыць куды лезеш. Але яно гучыць вельмі па-чужому. Так, як бы дзесьці ў аўлах ці іншых кішлаках. Белая Русь запазычыла яго дзесьці з Азіі, як акыш, а наш, тутэйшы народ перарабіў яго на кыча, як перарабляе шмат што іншае, называючы гэта ўзбагачэннем або развіццём мовы.

Гэта слова прыйшло мне на думку ў першай дэкадзе мая гэтага года, калі я, некалькі гадоў пасля разбурэння помніка савецкім дзецям-воінам, адведаў беластоцкія Плянты — парк, якім ганарыцца горад, месца шпацыраў і адпачынку мяшчан. А так, дарэчы, хочацца запытаць дзеячоў КПН, чаму яны не паедуць у Вену, каб і там раз-бурыць падобны помнік або прымусіць аўстрыйцаў, каб гэта за іх зрабілі.

Беластоцкія Плянты прыгожыя здалёк, а найпрыгажэйшыя з самалёта. Але калі ўвайсці туды, дык складаецца ўражанне, што ходзіш па сметніку. Лаўкі, скверы і ставы замест прыемнасці для вачэй дастаўляюць агіду. Усюды густа паперы, каробак з-пад розных сыроў, маргарынаў, ёгуртаў, кефіраў і іншых напіткаў, на лаўках ляжаць кавалкі бутэрбродаў і размоклае марожанае, не гаворачы ўжо пра рознага тыпу бутэлькі і бляшанкі. Не бракуе, хаця цяжка зразумець чаму, і ануч.

Калісьці трэба было мне паехаць у Кляосін. Пры нагодзе зайшоў я і ў лес, бо неяк без яго мне цяжка жыць. Але не суцешыўся я выглядам "народнага багацця". Сустрэў я там столькі набітага шкла, Гаршкоў, торбаў, паперы, бутэлек, банак, дроту і чаго толькі хочаце, што страшна ступаць. Плянты ад гэтага і іншых лясоў, а быў я там якраз тады, калі адбывалася ў Польшчы агульная акцыя ачысткі лясоў, адрозніваюцца толькі тым, што на Плянтах можна пакаўзнуцца і грымнуць на сабачых адыходах, а ў лесе — на чалавечых. Тут няма ніякага закіду ў адрас прыбіральшчыц Плянтаў, бо хто здолее цэлыя суткі сачыць за неахайнікамі?

Справа ў тым, што грамадзяне Польшчы не маюць пачуцця эстэтыкі, дысцыпліны ды культуры ў сужыцці. Адначасна маюць агромную амбіцыю быць паўнакроўнымі еўрапейцамі, на якіх хтосьці мусіць працаваць, каб яны маглі гуляць. І вось тут мне, бы вырванаму з летаргіі, захацелася крыкнуць: "Кыча, дэ?!" Гэта павінны сказаць перш за ўсё немцы, якія любяць парадак, чысціню, дысцыпліну і ... працу. У іх бэфэль іст бэфэль, а нам з чым до госьці, як гавораць палякі. У іх сметніцы ў парках і на вуліцах для таго, каб туды кідаць смецце, а не як у нас, сметніцы пустыя, а наўкол іх — сметнік. А які нямецкі ўрад дапусціў бы, каб вадаёмы былі загружаны рознымі адкідамі, а не качкамі, рыбай і лебедзямі? У нас пасля вайны гэтаксама было, але звялося, бо непатрэбнае. А ці ж не маглі б галодныя людзі, якіх — па-водле статыстыкі — у нас не бракуе, злавіць сабе на абед карпіка ці хаця б карасіка? Не, іншыя дзеці па вуліцах збіраюць грошы для галадаючых дзяцей, а шмат дабра проста марнуецца. Але дзе там! Так лягчэй: сабраць грошы і прыдбаць ім хлеб, куплены ў Канадзе за долары.

Прэмся ў еўрапейскія структуры, як няпрошаныя госці, бо думаем, што яны будуць на нас працаваць, а мы толькі спажываць выпрацаванае кімсьці дабро і гуляць па парках ды выяжджаць да іншых карміцеляў па турыстычных пуцёўках. А нашы паркі і вуліцы будуць прыбіраць нямецкія прыбіральшчыцы. Адпомсцім за фашызм.

Я гэта напісаў і паставіў кропку. Але, калі ахамянуўся, падумаў: а мо гэта і добра, што ўвапрэмся, каб быць у Еўрапейскай уніі і НАТО, бо тады Злучаныя Штаты Амерыкі возьмуцца навучаць нас парадку, дысцыпліны і культурных паводзін. Гэта будзе згодна з нашай ментальнасцю і характарам. Мы любім, каб нас нехта ганяў і намі валодаў. Затое не любім слухаць сваіх, няхай сабе і талковых, людзей. НАТО давядзе да таго, што і ракетчыкі, і пілоты, і падраздзяленні хуткага рэагавання будуць адпачываць у чысціні сярод культурных тубыльцаў. Я — за НАТО! Адмяняю загаловак..

Загрузка...