Перабраліся мы з жонкай на новую кватэру. Прыгожая, з добрым паркетам кватэра, праз некалькі год стала чыстай мукай. Заўсёды паркет рыпае. Ды не, нельга сказаць, што заўсёды, а толькі раніцай, калі жонка з ложка ўстае.
Колькі я з-за гэтага перажыў! Кожную раніцу са сну выбіваўся. А жонка сустракала адной спеўкай. "Чаго схапіўся, клепкі скрыпяць, а цяжка ў адміністрацыю схадзіць прасіць ратунку?!"
Я адказаў злосна. Пачыналася сварка. З суседзяў ніхто не праспаў — будзіліся на водгук нашай суматохі. Былі нават такія, што стукалі ў сцены, маўляў, спаць не могуць.
Перамогшы сваю ляноту, урэшце пайшоў я ў адміністрацыю з просьбай. Там выслухалі мяне, паспачувалі, але сказалі, што, на жаль, не маюць паркету і памагчы не могуць. Накіравалі да прыватнага столяра, мо ён дапаможа бядзе. А як жа, майстар згадзіўся памяняць клепкі. Прыйшоў, пахадзіў па падлозе, патупаў, памацаў рукою клепкі і са здзіўленнем сказаў: "Я магу перакласці, але ў вас цудоўная падлога і нідзе не рыпае". Не рыпае, не рыпае, — падражніла яго мая, — а чаму рана рыпае?! У нас усё пад мужа, калі трэба, то не рыпае. Бачыце, рана, як нікога няма, сварыцца а цяпер маўчыць, бы вады ў рот яму наліў!
Майстар выслухаў тыраду і абяцаў, што неадкладна пераложыць падлогу — дасць іншыя клепкі. На другі дзень прыехаў з прыладамі і клепкамі, ды ўзяўся зрываць мае. Сумленны быў. Шкадаваў, што мусіць зрываць светлыя, а ўстаўляць цёмныя і вузенькія. Але зрабіў, узяў добрыя грошы і пайшоў. Не, не пайшоў адразу. Я забыў сказаць, што мы "абмачылі" новыя клепкі, каб не скрыпелі, тады пайшоў.
Леглі мы спаць. Жонка ў сваім пакоі, а я ў сваім. Засынаў я з надзеяй, што заўтра жонка ўстане задаволеная і пойдзе да працы, нават мяне не прабудзіўшы. Але надзея адно, а жыццё — другое. Назаўтра жонка расхадзілася не на жарты: прывёў нейкага п'яніцу, выдаў грошы, а падлога рыпае, як рыпела!
У дурнога заўсёды шчасце. І мне ратунак прыйшоў нечакана. Прыйшла да нас суседка, лекар-рэўматолаг. Сядзелі мы за сталом, пілі каву, ды пры сёе-тое гаварылі. Дайшла размова да сукенак. Жонка ўстала, каб пайсці і прынесці з шафы новую сукенку. У той момант, калі яна ўставала, зноў нешта рыпнула. Доктар паглядзела на жонку і кажа: "Ого, трэба будзе паказацца ў маім кабінеце. Як вы маглі дапусціць да таго, каб ногі аж так скрыпелі. У вас рэўматызм".
Мне стала лёгка, а жонцы сорамна, што такая маладая і з рэўматызмам.
1983 г.