Стаю ў кухні ля зліву з закасанымі аж па локці рукавамі, і распраўляюся з селядцамі, якія толькі што купіў у рыбнай краме за 108 зл. Было іх у фольявай торбачцы пяць ці мо шэсць штук. Маленькія яны, але ўсе ў краме гаварылі, што вельмі смачныя.
Я з-за свайго дурнога характару ўжо нават і забыўся, які на смак і селядзец. Гэта з дзвюх прычын: або селядцоў няма і гэта найчасцей, або чарга вялікая і гэта таксама вельмі часта. На нашай вуліцы в рыбнай краме людзей заўсёды поўна і расхопліваюць селядцы маментальна. Адзін чалавек казаў мне, што мае бочку і ўсе здабычныя селядцы туды ўпіхвае, а пасля прадае, раздае або выкідае.
І так, аднойчы прыдумаў я спосаб і пазваніў загадчыцы крамы ды запытаў, ці ёсць селядцы. Маю, бачыце, цяжарную жонку і ёй вельмі хочацца селядцоў. Але тая пазнала мяне па голасе і адразу ў смех, што нібыта, я — варона, Я ей кажу, што нават часам і вароне нейкі чарвяк у горла трапіць, ды сляпая курка зернятка знойдзе. Тады сімпатычная жанчына з вуліцы Вясёлай кажа, што сёння і я — шчаслівая, сляпая курка, якой упадзе пару марскіх ласункаў. Яна, праўда, купіла іх сабе, але адступіць каб я паласаваўся і набраў ахвоты да жыцця. Надта ж, маўляла, скапцянеў я. Яшчэ дабавіла, што яна на мяне ўжо глядзець не можа, на такога падпанка, які баіцца крыху Ў чарзе пастаяць. Не такія і то стаяць...
Я ад радасці забыў абуцца. Кінуў тэлефонную трубку і Ў башмаках, але пры гальштуку, пабег у краму...
І вось, цяпер стаю над імі, як чорт над грэшнаю душой і метадам скурадзёра луплю іх. Бы варвар той, галовы адрэзваю і выкідаю ў смецце, скуру здзіраю, як з бараноў, і таксама — у смецце. Не шкадую дабра, якое трапіцца на звалку. З'ем жа я чысценькае селядцовае мяса.
Перад вайной, за санацыі было селядцоў — колькі хто хацеў. Але ніхто, як добра памятаю, скуркі не выкідаў, бо з ёю можна было з'есці міску бульбы і наесціся. Мой бацька на вялікую сям'ю часам купляў аднаго-два селядцы. Мне даставалася галава, якую я лізаў, а бульбу еў і быў шчаслівы, што ў роце селядцом пахне. Але я пра тое забыў.
1984 г.