АПТЫМІСТ


Усюды чую, што аптымісту лягчэй жыць. Нібы ў яго жыццё прыгажэйшае. Мо так калісь і было. А сёння я хачу быць песімістам, я хачу быць скептыкам, каб не называлі мяне дурнем і разявай.

Днямі паскардзіўся я знаёмаму, што не маю на чым спаць, тапчан, які набыў я ў пару славутага гаспадарчага прыспяшэння, разваліўся.

— І не можаш купіць новага? — здзівіўся знаёмы.

— А што, можаш мне памагчы ў гэтым? — у сваю чаргу здзівіўся я.

— Калі ласка. Учора быў у магазіне на Каляёвай і бачыў там нейкую мэблю. Але не цікавіўся, бо мне патрэбны кухонны камплект.

— То бываюць і кухонныя?

— Розныя бываюць, толькі трэба трапіць у адпаведны час.

— Дык што, паможаш купіць тапчан?

— Паехалі ў магазін.

І мы паехалі на Каляёвую. Заходзім, а там, сапраўды, стаяць тапчаны. І мяккія крэслы. І нейкі камплект рэтра.

— Божа, — кажу, — чаго ж яшчэ хацець? Гэта якраз тая мэбля, якую шукаю. Але чаму яе ніхто не купляе?

— Відаць, дарагая, — адказвае знаёмы.

Пашкадаваў я, што пры сабе не маю 36 тысяч злотых

(цана майго шчасця), але знаёмы пацяшае: "Калі не купілі да абеду, то ўжо сёння ніхто не купіць".

Вясёлы паехаў я дадому, узяў у ПКО грошы і чакаю жонку, пакуль вернецца з працы. А тая прыйшла і есці хоча.

— З голаду не памрэш, паехалі па мэблю, я выбраў прыгожую.

— Ты дастаў мэблю? — жонка смяецца скептычна.

— Няўжо толькі ты ўмееш даставаць? — гаркнуў я і мы паехалі на Каляёвую.

У магазіне пру ў касу і паказваю рукой, за які камплект плачу. Касірша вырачыла на мяне сімпатычныя вочы і сказала:

— Эх вы, непапраўныя аптымісты!

Апусціў я сарамліва галаву і мы вярнуліся з пустымі рукамі дадому. У галаве толькі расло рашучае жаданне быць песімістам.

1985 г.

Загрузка...