ДАСКАКАЎСЯ


Гэта праўда, што я напісаў просьбу да міністра. Але думаў, што рэдакцыя "Нівы" гэты матэрыял пашле ў Варшаву як нешта афіцыйнае і на гэтым наша — рэдакцыі і мая — роля закончыцца. Пачне дзейнічаць міністэрства ўнутранага гандлю, каб памагчы мне ў гандляванні, або пашырэнні плошчы складавання тавару.

Тым часам рэдакцыі так спадабаўся мой рапарт, што ўзяла ды і апублікавала ў рубрыцы "З маёй званіцы". А вядома, што "Ніву" чытае ўся Беласточчына.

У першыя тыдні пасля апублікавання "Рапарта да міністра" адзываліся нясмела адзіночныя галасы ў тэлефоне, часам пры нагодзе пабыўкі ў Беластоку нехта заглянуў дахаты і, дыскрэтна разгляда-ючыся па кутках, пытаў аб тым-сім: нібыта чуў, што маю нешта прадаць, то пыталі, чаму часам не загляну ў сераду (дзень тарговы) ў Гайнаўку, або ў панядзелак в Кляшчэлі, ці ў чацвер у Бельск.

Пабачыўшы, што я на іх прапановы рэагую абыякава, адыходзілі, нічога не сказаўшы, акрамя кароткага: "Да пабачэння".

Ужо мне гэтыя візіты крыху надакучалі, але што, свайго земляка не пусціш дахаты?

Але раптам урвалася, як адрэзаў, а я аж засумаваў, бо ведаеце, прывычка... Можа таму візіты абарваліся, што дамафон не дзейнічае? Заінсталявала яго БСМ і ўзяла ад кожнага кватэранаймальніка па 1500 злотых. Але то і добра, што сапсаваны дамафон, менш наведвальнікаў, мо прывыкну да адзіноцтва?

Але, як гавораць старэйшыя: "Цішыня перад бурай" Аднойчы ляжу сабе ў пасцелі, як цыганскі кароль і цешуся, што свабодны дзень перада мною (бо жонка ў шэсць раніцы пайшла да працы), і слухаю радыё. Аднак чую, што на вуліцы нешта дзеецца, бо чуваць галасы людзей. Прыцішыў я радыё і прыслухоўваўся галасам, але нічога разабраць не магу, бо мой пакой ад панадворка, дык нічога не чую акрамя нейкага "Ого, ух, ого, ух! "Вылез я з каралеўскага ложа і да акна ад вуліцы. Бачу, пад маім акном сотні жанчын і мужчын.

"Паслухаю, што яны крычаць", — падумаў я. Але, відавочна, нехта мяне прыкмеціў, і галасы ўзмагліся: "Петручук, пакажыся, Петручук, выйдзі!"

— Божа, — падумаў, — мусіць, народ патрабуе мяне на нейкі высокі пост. Хутчэй і як-колеч апрануўся я ў піжаму, а сэрца хоча выскачыць ад радасці, што яны Валэнсу і Буяка скінулі з пасады, дык хочуць мяне. Госпадзі, што я ім магу сказаць на хуткую руку, каб яшчэ больш прыцягнуць да сябе, што абяцаць за давер'е?

Выходжу на балкон, бы папа рымскі з паднятаю галавою і яшчэ вышэй паднятаю рукою, каб прывітаць годна паклоннікаў. У такой позе застываю, бо убачыўшы мяне, натоўп змоўк і глядзіць на мяне не зусім прыхільным вокам. Стаяць людзі, па-вясковаму апранутыя, толькі пару сярод іх у капелюшах, ды ясёнках, званых "дыпламаткамі". Думаю: "Прыйшоў мой верны народ прасіць мяне на свайго правадыра і адразу з сабой дарадчыкаў прывёў!" Гэта мяне асмеліла і я выкрыкнуў: "Вітаю вас, мае землякі, мае верныя чытачы! Скажыце мне, што вам баліць, хто вам на сённяшні дзень сала за скуру заліў?!"

На такія словы таўпа збаранела, бо даўжэйшы час маўчала, вырачыўшы вочы. Але пасля адзін з нібы-дарадчыкаў адазваўся: "Мы не ў палітычнай справе, мы ў справе рапарту да міністра!"

— А што ён вам не падабаўся, ці нешта пашкодзіў?

— Не мы толькі хочам ад вас купіць розныя тавары, якія маеце.

— Я не маю ніякіх тавараў. Гэта быў фельетон насмешлівы над тымі, што ўсяго ўдосталь маюць, а крычаць, што бедныя, што крызіс і нічога няма.

— А вы не насміхаейцеся над людзьмі, пільнуйце сябе: падаеце ў газеце, што маеце мноства тавараў на продаж, а цяпер ракам?! О, не. Дурняў з народа рабіць не будзеце! Не рабі з нас дурняў, — зараўлі ўсе, аж рэха пайшло.

Божанькі, што рабіць? Ужо ўсе суседкі павыходзілі на балкон...

— Людзі, я сапраўды нічога не маю на продаж. Я толькі так пішу, каб народ не шалеў і не купляў усяго, што толькі прывозяць у магазін, — крычу ім, каб перакрычаць а тыя дамагаюцца, каб паказаць гараж, калі ўжо кватэры не хачу паказаць.

Рад-няволя, мусіў зыйсці ўніз, да людзей, і завесці іх у гараж.

Некаторыя паглядзелі, пакрывіліся на мяне, што аж у зямлю гатоў быў праваліцца, паплявалі і пайшлі. Але асталося пару нязломных і гавораць, што чорт з усім. Можа яно так і ёсць, што не маеш. Але мы ведаем, што быў у Чэхаславакіі і пемзы мусіш нам прадаць хаця па баначцы.

— Людзі, пемза не ў банках, а голая, кавалкамі і таксама яе не маю, як і крэму ад вяснушак.

— Няхай будзе ў кавалках, але прадавай, не ілжы, што не маеш!

Не маю, не прадам і прашу — едзьце па дамах!

— Але, людзі, едзем, бо той галыш нас ашукаў! Каб меў столькі дабра, як той, што паказвалі па тэлебачанні, то маўчаў бы. Той, хто мае тавару на пятнаццаць мільёнаў, — маўчыць, а галыш заўсёды хваліцца.

— То ж ага, — падтрымалі крыкуна іншыя, — нічога не мае, а яшчэ просіць большую кватэру і гараж, галадранец! Дзеля такога дурня мы мусілі змарнаваць столькі часу і грошай, а ён яшчэ на балкон выходзіць!...

1983 г.

Загрузка...