Нядаўна з тэлэвізійнай паліцыйнай хронікі я даведаўся, што на сто дарожна-транспартных выпадкаў аж семдзесят выклікаюць жанчыны, якія не прытрымоўваюцца правілаў дарожнага руху. Я гэта ўспрыняў з жахам, бо хто з нас, мужчын, ведае, што недзе на скрыжаванні дарог трапіцца нам жанчына, якую трэба абавязкова прапусціць, хаця паводле правілаў мы павінны ехаць, бо чырвоны светафор перад носам жанчыны-вадзіцеля. Жанчына з-за сваёй упартасці і пачуцця перавагі над мужчынамі ведае, што яна каралева не толькі ў хатніх умовах, але і на шашы. Таму іменна вымушае першынства пераезду, нягледзячы на тое, што яе на шафёрскіх курсах вучылі інакш.
Каб не ўваходзіць нам, джэнтльменам у канфлікт з прыгажунямі за рулём, прапаную ўвесці наступную папраўку ў правілы дарожнага руху: кожны самаход, якім кіруе жанчына, павінен быць пазначаны вялікімі літарамі "К" (як кабета). Літара павінна быць чырвонага колеру на белым фоне, і падсветленая лямпачкай увечары. Тады брыдкая палавіна шафёраў ведае, што такі самаход абавя зкова трэба прапусціць не толькі дзеля ветлівасці, але і для свайго дабра. Няхай будзе яшчэ адна перамога жанчын, але затое будзе менш трупаў.
1990 г.