ТАЎКАЧ


На палях вёсак у ваколіцы Белавежы падчас вызвалення ад фашыстаў праходзілі цяжкія баі з вялікай колькасцю пяхотных войск з абодвух бакоў. У выніку гэтых баёў загінула многа нямецкіх і савецкіх салдат. Калі настала цішыня, бо войскі дзесьці прапалі, сяляне пачалі вылазіць з нор і паціху разглядацца найперш вакол сваіх сяліб, пасля па загароддзю, а ўрэшце, хілкам і па палях распаўзаліся. Калі канчаткова ўпэўніліся, што няма нідзе жывой душы, толькі жаўрукі пяюць, людзі выпраставаліся ў поўны рост і пачалі шукаць здабычы.

Па палях, лугах і кустарніках ляжала многа рознае зброі, снарадаў і гранатаў. Але пакуль што сяляне найбольш цікавіліся ботамі, вопраткай, якую баязлівыя перашывалі на цывільную моду, аіншыя ганарыліся мундзірамі.

Сярод бегаючых па карчах, акопах ды вытаптаным жыце была і Параска, якой у шустрасці і хітрасці не дараўняў ніякі мужчына з вёскі.

Тым часам Параска палічыла, што знайшла проста шчасце, якое дазволіць ёй збагацець сумленна, без сораму. Менавіта знайшла яна поўны акоп зялёненькіх, жалезных з драўлянымі троначкамі таўкачоў да бульбы. З уцехі кроў ёй ударыла ў голаў ды ўліла ў яе смыкалку; прыкрыла Параска галлём акоп, а сама — гайда дамоў за канём. Запрагла яго ў драбіністы воз з кельнямі і паімчала ў лес.

Нагрузіла Параска воз таўкачоў і зноў прыкрыла галлём, каб пазбегчы зайздросных вачэй. Ужо скумелкала, што з імі зрабіць, калі на сабе выпрабуе: "Ну бо ж немцы — народ практычны і абыякавых таўкачоў сваім кухарам не дадуць! А вось я на іх зараблю".

Прывёзшы дамоў "тавар", Параска дзе толькі параспіхала яго, каб мужу неспадзяванку зрабіць. Распрагла каня і пачала варыць бульбу на абед.

Баі адкаціліся на захад, то і муж Параскі таксама лазіў па палях, каб штосьці знайсці. Прывалок ён дадому торбу ад дыскаў ручнога кулямёта, вінтоўку і каляску ад кулямёта "максім". Маўляў, у гаспадарцы ўсё прыдасца, мо часам у тым безгалоўі дзе на казу запалюю.

Увайшоў у кухню якраз у той момант, калі жонка бульбу на пліце таўкла.

— Падай! — закрычаў і сам выцягнуўся на падлозе.

Параска ў той жа міг і пакацілася, бо падумала, што муж бачыў ляцячы ў іх акно снарад.

Ляжаць яны — галава аб голаў зажмурыўшы вочы, і дрыжаць.

Параска першая падняла голаў і пытаецца:

— Што сталася?

— Дзеецца?! А чым ты, дурніца, бульбу таўчэш? Гэта ж нямецкая граната. Яна ж у гарачым адразу выбухне!

Выняла Параска таўкач з чыгуна, абмыла і закінула за "бэндуру", дзе ляжалі лыжкі і апалонік.

На другі дзень уся вёска ведала, што Параска знайшла цудоўны і вечны, бо жалезны таўкач. Сталі людзі прыходзіць і прасіць, каб пака-зала ды прадала. Параска кожнай прадавала, але гаварыла, што ўжо апошні і на кожным цану падбаўляла. Адной толькі куме дала дарма.

Калі ўжо ўсе жанчыны ў вёсцы мелі чым бульбу таўчы, Параска не ведала, куды ўвапхнуць рэшту. Падмаўляла суседак, каб бралі па два, на запас, але скупыя суседкі цешыліся тым, што маюць. Параску страх апанаваў, што паіржавеюць і цана спадзе, але кума параіла: "Давайце панясем па суседніх вёсках, мо там прадамо". Пару дзесяткаў прадалі, але не больш, бо трапілі на адсталыя вёскі, якія не хацелі новай тэхнікай бульбу таўчы. "Мы таўчэм валкамі, — адказвалі ім. — Вязіце ў Кляшчэлі, там збіраецца больш культурны народ, то й раскупіць".

Нягледзячы на жніво, Параска ў панядзелак патрабавала ад мужа запрэгчы каня, бо яна абавязкова мусіць быць у Кляшчэлях.

Прэ Параска ў Кляшчэлі, на ўсю выцяжку каня, бо ранак-панак. Пакуль сонца ўзнялося на вышыню хат, Параска прадала амаль усе таўкачы, якія прывязла. Два толькі засталіся, бо нейкі дурань пажартаваў, што гэта гранаты ("Каб яго распарола!"). Узяла Параска абодва ў рукі і давай хадзіць паміж вазамі ды крычаць:

— Каму апошнія два таўкачы?!

І ў тым моманце нос аб нос напаролася на міліцыянера:

— Што ты, Параска, смерцю гандлюеш?

— Якою смерцю, ты другі разумак, не бачыш, што гэта таўкачы да бульбы? А яшчэ ў міліцыі!

— Давай мне гэтыя прылады і хадзі са мной.

— Што, арыштуеш мяне за шпікуляцыю?

— Не, не арыштую, але хадзі — патаўчэм балота.

Міліцыянер крочыў спераду а Параска за ім. Адыйшлі на луг далёка ад людзей. Міліцыянер шпурнуў адзін таўкач у твань і тут Параска ад выбуху сама, без загаду, упала на зямлю. Міліцыянер засмяяўся, але сказаў:

— Калі не хочаш сядзець у турме за гандаль смерцю, то шукай людзей, якім прадала гранаты, бо іх чакае смерць!

Кінулася Параска на рынак галосячы пра гранаты-таўкачы а потым па вёсках пабегла людзей папярэджваць ад смерці. А ў душы прызнала, што трэба мужа слухаць, хоць пра гэта яму нават і не пікнула.

Загрузка...