У нас чалавек часам хоча кімсьці быць, але яго імкненні не заўсёды могуць здзейсніцца. Здзейсненне іх залежыць ад многага, але найлепш ад яго самога. Чалавек хоча, а ўсе як могуць, тармазяць яго імкненне і не задумаюцца нават, якую крыўду робяць яму. І як гэтым самым абкрадаюць сябе.
Колькі людзей шукае розных паслугачак! У газетах мільгаюць аб'явы: прыму няньку, прыму апякунку, прыму гаспадыню. І ніводнай аб'явы, што нехта шукае апекуна, гаспадара і іншай хатаработніка. Чаму б мужчына, напрыклад, не мог пільнаваць дзяцей? Балючая дыскрымінацыя. Чаму на скрыжаваннях вуліц стаяць міліцыянершы і не горш за міліцыянераў кіруюць рухам? Чаму жанчыны не горш за мужчын водзяць трамваі, аўтобусы і тралейбусы? Чаму жанчына можа быць трэнерам, дырэктарам, лётчыкам, капітанам карабля і ўсім на свеце, а я не магу быць нянькай?
Падбухторыў сябе і вырашыў, што б не каштавала, буду няньчыць чужых дзяцей. Буду! І ніхто мяне з гэтай мэты не саб'е.
Падзяліўся вынашанай ідэяй з жонкаю. Якраз абедалі. Дык ад неспадзеўкі лыжкай амаль не задавілася, глытанула разам з супам. Добра, што ў мяне кулак не благі, стукнуў у спіну, лыжка выскачыла, толькі суп разліўся. Калі мая лепшая палавіна прыйшла ў сябе, сказала, што я блёкату наеўся. Гэтакая адсталасць і нецярпімасць так мяне раз'юшылі, што я спаць не мог. Як толькі развіднела, пабег па газету.
Ёсць! Аб'ява з тэлефонам. "Лекары прымуць апякунку да 6-гадовай дзяўчынкі". Ну, браток, лепшай працы табе не трэба. Дачакаўшы прыстойнай гадзіны, званю да панства лекараў. Трубку падняў мужчына: "Алё".
— Добры дзень, гэта ваша аб'ява ў газеце наконт нянькі?
— Наша. А вы прапануеце старэйшую ці малодшую жанчыну?
— Я прапаную мужчыну, сябе.
У тэлефоне сапенне.
— Алё, алё, пане доктар я не жартую, я...
— Ага, — адазваўся ўрэшце тэлефон, — значыць вы прапануеце сябе? Дасканала. Дайце мне ваш нумар, вам пазваню.
— Калі ласка.
Аднак тэлефона я не дачакаўся. Відаць пан доктар таксама адсталы чалавек. Відаць, не патрапіць уявіць, што мужчына можа пільнаваць дзяцей. А я ж дзяцей люблю. Калі б мне іх даверылі, лепшай нянькі не знойдзеце. Пры тым я ўмею крыху чытаць і вельмі люблю казкі. Чытаў бы, вадзіў бы дзіцё па горадзе, паказаў бы розныя цікавінкі, карміў бы чыстымі рукамі (і дзіцяці рукі мыў бы), чаго ніводная нянька не робіць. Апрача таго не цікаўлюся чужымі шафамі, каморкамі таксама (ці ж можа гэтым пахваліцца хоць адна жанчына?). І на ежу не лакомы. З фруктаў ем толькі грушы. Трускалак і ў рот не бяру. Піва і гарэлкі таксама.
Вось каго пазбыўся лекар! Ідэалу. Відаць, мая прапанова апекавацца яго дачусяй гаварыла яму адно: звоніць вар'ят або алкоголік. Да чаго даводзіць адсталасць.
1980 г.