СВЕЖАНЬКАЕ


Калі прыходзіць свята, мясныя магазіны асаджваў натоўп: з выпханымі жыватамі, а малымі дзецьмі на руках (сваімі і пазычанымі), з інвалідскімі кастылямі.

На мяса і каўбасы я паклаў крыжык, ведаў, што не дастану. А жонка ўжо і разводам пагражае, калі не буду яе карміць. Я спрабаваў жонку пераканаць, што мы не выглядаем горш за тых, што мяса з мясам ядуць. Але дзе там, хто пераканае жанчыну, як ёй хочацца добрай каўбасы якраз тады, калі яе цяжка дастаць. Ну, думаю, навошта мне з жонкай сварыцца, тым больш, што яна мае рацыю. І пайшоў у чаргу па сала.

Людзі стаяць, як добрыя знаёмыя, і гавораць прыцішана (але так, каб іншыя чулі), што ў чарзе заўсёды тыя самыя твары. Адзін толькі чужы ўлез — ківаюць бародамі ў мой бок. У мяне нарастае злосць, што пашкадаваў жонку. Аднак у чарзе стаяць моўчкі сумна і падключаюся да суседкі спераду:

— Ці вы засведчыце, што я за вамі стаю? Я б хацеў выйсці з чаргі і пазваніць у важнай справе.

— Я не ведаю, як пасля будзе, — кажа суседка. — Вас могуць не пусціць, бо тут многія выйшлі па важных прычынах, і кожны хоча дастаць мяса.

— Я не па мяса, я хачу дастаць сала.

— Сала? Дык яно ж без чаргі.

Пачаў я прабірацца да прылаўка. Абедзве чаргі, звычайныя і "інвалідская", заварушылася. Пачуліся галасы крытыкі. Я аднак пхаўся. Вось і першая лінія змагарнага фронту. Ціхім голасам (бо сорамна пад свята купляць адно сала) пытаю кіраўнічку, ці прадасць мне паўкілаграма. Кіраўнічка моўчкі важыць камусьці лапатку. Пасля звяртаецца да наступнага. А я, сканфужаны, стаю ля прылаўка і баюся глянуць у бок: бо чую, як на мяне глядзяць пастаянныя аматары свініны. Паўтараю пытанне, але ўжо зусім няўдачна: прахрыпеў мой голас, бы пачаткуючы жабрак. Гэта магло кіраўнічку толькі рассмяшыць. Я выразна поўзаў перад гэтай жанчынай, якая магла прымяніць супраць мяне сваё права і аставіць на свята без сала. Аднак нехта з "інвалідкай" чаргі пашкадаваў мяне і кажа:

— Крыкні галасней, бо твайго мармытання ніхто не чуе.

Я паўтарыў пытанне яшчэ раз. Кіраўнічка ўзняла на мяне вочы і кажа (але так кажа, каб усе чулі):

— Чаго вы крычыце; я чатырнаццаць гадзін на нагах і не магу вас усіх абслужыць!

Божа ж ты мой, Божа! Як яна гэтак сказала, абедзве чаргі зараўлі.

Па-заячы драпануў я з магазіна, схапіўшы сала, як чорт грэшную душу.

1980 г.


* * *

Не паверыце, выходжу з дому, бачу ля сметніка падручны возік, а на ім скрынка, у якой ляжыць сала вялікімі кавалкамі і каўбаса пруткамі. Пытаю гаспадара возіка, куды ён гэтае дабро дастаўляе. А той рагоча:

— Пане, я кожны год выбіраю са сметніка столькі гэтага дабра, што вам і не сніцца. І сам не ведаю, чаму людзі гэта ўсё выкідаюць: у халадзільніку магло б паляжаць. О, гэта каўбаса нават колеру не змяніла. А сала выкідаюць нават салёнае. Ім давай усё свежанькае, сённяшняе...

Загрузка...