Не здзіўляйцеся гэтаму загалоўку, я сёння буду пісаць пад загаловак, які даў тыдзень таму назад — "певень за яйка", але забыў, што ад гэтага загалоўка хачу (і напісаць аб чымсьці зусім іншым). Цяпер прыпомніў і раскажу.
На Ганну, замест паехаць у Корніна, дзе адбываецца ўрачыстасць на цэлую дубіцкую акругу, паехаў я да сваякоў у Грабавец. З сваякоў я ў Грабаўцы застаў мала каго, бо ўсе паехалі ў Корніна. Але сустрэў Баніфацавага Колю, які з Ганныным Паўлам сядзеў на лавачцы. Коля так уцешыўся, што адразу вынес вядро яблык. Я іх паспешна схаваў у багажнік сваёй сірэны. Толькі так стаім і гаворым, аж едзе Коліна жонка, Таня, з якой я за Саветаў у школу хадзіў. Таня напаіла мяне кампотам, і так мог бы я з імі прастаяць да вечара, каб не мая цётка Матрона. Хлопцы зрушылі маю суперсірэну, і мы з цёцяй паехалі ў грыбы. Вярнуўшыся з лесу, зайшоў я да Колінае Валі (другі Коля), у якой тры дзяўчынкі, мураванка, малацілка, трактар і фіят. Ага, у яе яшчэ і Коля, ён — мой дваюрадны брат. Заехаў я да іх, каб выканаць загад сваёй жонкі, значыць купіць яек, ну, бо ж мусіць мяне імі карміць. Валя паспачувала, пачуўшы што толькі яйкамі харчуюся, і накарміла мяне свойскаю каўбасою ды малаком.
Калі пара было ехаць дадому, я нясмела спытаў у Валі, дзе б тут купіць яек. Тая адказала, што яйкі ёсць у яе.
— Добра, але я хачу два кілаграмы, адкуль ты вагу возьмеш?
— Я без вагі ведаю, што калі дам 34 яйкі, то будзе два кілаграмы.
— Такія вялікія яйкі, то й трыццаць два хопіць.
— Я сказала трыццаць чатыры, то трыццаць чатыры!
— Гэта будзе ашуканства.
— Не твая справа, я даю Клаўдзі!
— Ага значыць вы абедзве вырашылі загнаць мяне в склератычны тупік?! Тады кладзі колькі хочаш а я і так палову па дарозе паб'ю.
— Паспрабуй пабі хоць адно, то другі раз яешняй накармлю замест каўбасы! Мае яйкі свежыя і еш іх так, як захоча Клава.
Я бачу, што на пахілае дрэва і г.д. Замаўчаў. Думаю: "Рабі што хочаш, бо яшчэ са злосці дасі тры кілаграмы замест двух".
Валя лічыць, а я расказваю смешныя анекдот аб тым, як аднойчы Янка в сарочцы прыйшла ў рэдакцыю а пасля здзіўлялася, што людзі на яе глядзелі ды рагаталі. Думаў, Валя памыліцца і паложыць менш Валя сапраўды памылілася. Калі мы з Колем ужо ў машыне пералічылі (па яго просьбе), аказалася, што яек ёсць 33.
Коля як не крыкне на Валю (маўляў, хоча ягонага брата ашукаць). А Валя на тое: "Я не хацела яго ашукваць, я толькі адно яйка адняла, бо бруднае, але за тое Клаве дам пеўніка".
— А чаму Клаве, а не мне? Калі даеш Клаве, то няхай яна і плаціць!
— Табе пеўніка не дам, бо табе трэба есці яйкі. Разумею цябе, але не дам, бо не хачу Клавы ашукваць, а ёй дам пеўніка бясплатна толькі глядзі па дарозе не прадай, бо ёй трэба есці суп з кураціны. Глядзі якая яна вутлая, мусіць яшчэ і сто не важыць...
Няхай будзе ўсё так, як ёсць, але чым яна ўсіх падкупіла, што ў мяне ўбіваюць яйкі, каб ведаў, што я — не я і хата не мая, ды яшчэ грошы бяруць, а жонцы пеўнікі даюць Дарма?!
Мо я ўжо не Васіль, і не Петручук?
1985 г.