ВОСЬ ГЭТА ФАЛЬКЛОР


Я не буду ўспамагаць А. Баршчэўскага, бо ў фальклоры ён ведае ўсё навылет. Не збіраюся таксама крытыкаваць яго поглядаў. Я проста ўключаюся паралельна ў размову пра фальклор.

Сустрэў я сёння Гандзю. Прыгожая жанчына, шыкоўная. Пытаю, як жыве, што новага, ці знайшла ўжо сабе таварыша жыццёвага падарожжа (табе ж цяжкавата гадаваць дзіця). Ну, вядома, пажартаваў наконт шлюбнага жыцця.

А Гандзі не да жартаў. Слёзы ў вачах блішчаць. Пачала сёе-тое расказваць. І ашаламіла мяне.

Выйшла Гандзя замуж па каханні. На вяселлі, згодна са звычаем, усе прысутныя давалі падарункі. І вось, калі Гандзя шчаслівая, кланялася падарункадаўцам, падыйшла да яе сяброўка і палажыла абрусок з уваткнутай у яго іголкай. Гандзя пакланілася, як і ўсім, але ў сэрца кальнула: "Чаму ў абрусе іголка?"

Вяселле адбылося ў маі, а ў снежні Гандзя кінула мужа, за якога выйшла па сваёй волі і ахвоце.

Ад разводу прайшло ўжо дваццаць год, а Гандзя ўсё наракае на лёс, які ёй згатавала сяброўка-чараўніца. Кажа яна, што напэўна жылося б ёй добра, калі б тая не ўсадзіла ў абрусок іголкі і не падарыла яго на вяселлі. Не ведала тады, што гэта значыць. Каб ведала, то палажыла б гэты абрусок пад плашчаніцу. Тады б задуманае сяброўкай вярнулася да яе самой.

Вось гэта фальклор!

А я, цёмны, дагэтуль баяўся толькі хваробы і вайны. Аказваецца, трэба яшчэ баяцца і чараў.

1985 г.

Загрузка...