Ужо ў дзевятнаццатым стагоддзі рускі паэт напісаў: "Не мучь муху, бо ей больно!" Чуеце? А аб рыбе ніхто дагэтуль не падумаў. Не, я дрэнна сказаў. Мукамі рыбы ніхто не турбуецца, нікому галава не баліць.
Лоўлю рыб спортам называюць, аднаўленнем нервовай сістэмы. А як гэты "спорт" і "аднаўленні" выглядаюць? Прывязвае рыбак да жылкі кручок ці востры якарок і маніць імі галоднае стварэнне. А ці яно вінаватае, што галоднае, што такім яго змайстравала прырода? Беднае, глытае свой лёс, сваю згубу, а "спартсмен" цешыцца, вырывае з нутра рыбінага сваю пастку і кідае параненага сабрата на пясок, або ў торбу. Мучся, чорт з табою, калі дурное.
Цешацца рыбакі сваёй крывавай здабычай, цешацца ёю і іх сем'і. Убачыўшы поўную торбу пакалечаных прашчураў чалавека, зайздросцяць рыбакам сустрэчныя прахожыя.
У маёй вёсцы гавораць: "Каму вяселле, а цялятку смерць". Ды смерць цялятка (быка, вяпрука) больш гуманная. Толькі тады жывёліна мучыцца, калі нейкая разява замест у сэрца, ўваб'е нож міма. Але наогул кожны робіць гэта спраўна.
З рыбай ніхто не цырымоніцца. Селядцоў ловяць тонамі і жывымі соляць. Яны паміраюць у мучэннях, а мы купляем іх і ласуемся. З прагнай думкай аб напаўненні сваіх трыбухоў, прэмся ў рыбныя магазіны, купляем карпа, які яшчэ пару дзён таму назад плаваў у рыбніку, кідаем у ванну, бо свята ідзе — хай будзе свежы. Той плавае, плавае і здыхае, з голаду. А мы потым аблізваемся, смачны. Ніхто і не падумае аб гуманным падыходзе да жывой істоты.
Грамадзяне, калі выцягнеце рыбу з яе прыроднага асяродка — вады, канчайце яе адразу.
Прыемнага апетыту!
1985 г.