АД ЧАГО


Нават такі вялікі вучоны, як, не хваліўшыся, я, або мой прыяцель і сусед з дзіцячых год — Васіль Сапёлка, усяго не могуць ведаць. Нам проста не хопіць жыцця, каб усе яго сакрэты з тонкасцямі і... грубасцямі раскласці на простыя лікі. Тым больш ніхто і ніколі не спазнае чалавека, і асабліва не спазнае сябе самога.

Напрыклад, ве ведаю я, ад чаго мне ўчора разбалелася галава і ад чаго перастала.

Каб вас зацікавіць гэтым лякарствам, апішу ўсё крок за крокам.

А чацвёртай гадзіне раніцы жонка выгнала мяне ў чаргу за мясам, гультаём ды дурнем абазваўшы. Гультай — гэта таму, як можна здагадвацца, што, нібы доўга сплю, а дурань таму, што сплю ў другім пакоі. Значыць, трэба ўсё падвойнае: ложак, падушка і гэтак далей. У чарзе стаяў я шэсць гадзін, бо да дзесятай. Але чарга мае і свае плюсы. Там жа стаяць не ўсе панурыстыя, ёсць і вясёлы народ. Асабліва тады, калі знюхае, што ягоны сусед па чарзе — мяккі і на ўсё падатлівы. Ну, вось, я з такім і пазнаёміўся. Ён жыве над мясною крамаю. Запрасіў мяне на чай, каб адпачыць нібы. Сядзім за сталом, а ў жыватах бурчыць, бо галодныя. Сябра гаворыць: "Давай падрыхтуем супольнае снеданне — мая гарэлка і твая закуска". Я пык-мык, але сорамна ж быць скнарою.

Калега панёс у кухню маю торбу і праз хвіліну крыкнуў:

— У-гу-гу! Лепш і не трэба. У цябе адна толькі каўбаса і паляндвіца, чаму мяса не ўзяў?

— Бо мая жонка любіць усё гатовае, каб не варыць.

— А мая наадварот, але я згодзен з тваёй, бо мяса пакуль зварыш...

— Так, але пакінь крыху паляндвіцы, бо нечым жа мушу жонку карміць.

— А ты думаеш, што мы з табою упрэм два з паловай кілаграмы вандліны?

— Не ўпрэм...

Сябра раз-два закруціўся. Чую ўжо і патэльня сквірчыць і закусь на стале. Не, не на голым. Калега культурны — кляёнку падаслаў...

Я гарэлкі не п'ю, але цяпер захацелася. Хіба пах смажанае каўбасы ўзмацняе прагу да спіртнога. Аднак, бачу я, што сябра не спяшаецца з адкаркоўваннем паўлітроўкі.

— Ну давай! Чаго цягнеш, есці хочацца.

— А што, ты шавец, каб самому піць. Сам з'ясі вала — адна хвала, а я ж запрасіў кампанію. Зараз прыдуць, мо болей гарэлкі прынясуць...

Калегі прыйшлі, а як жа ж. Гарэлкі даставілі. Пакуль мы так адзін другога пераконвалі да сваіх палітычных поглядаў, то і жонка сябры вярнулася з працы.

Заглянула ў кухню і адразу выбегла да яго з крыкам:

— Ты п'яніца... Назвалакаеш нейкіх лындаў і зладзеяў ды яшчэ паляндвіцай корміш! Якая тут баба была? Гавары, бо так і дам!..

— Не было аніякае бабы...

— А чыя торба на падлозе ляжыць?

— Гэта торба таго пана.

— А чаму яна пустая ляжыць у кухні?

— Яна не была пустая...

Урэшце і я зразумеў, што мая торба пустая. Кроў уцякла мне ў пяты. Але, калі сказаў "а" скажы "б", я і кажу:

— Хлопцы, ідзем адсюль. Тут зладзеямі абзываюць парадачных людзей!

Нехта падтрымаў маю прапанову, ды такою моваю, што толькі п'яны зразумее, і мы з гоманам выкаціліся з хаты.

— Пойдзем, хлопцы, у "Каўнас".

Неяк туды ўвайшлі даўшы гардэробшчыку ў руку, каб нічога не бачыў. Селі за адным з пустых столікаў. Колькі там мы сядзелі, не памятаю, бо... на гадзіннік я не глядзеў. Але ведаю, што "сябры" адзін за адным растварыліся, як імгла, я астаўся адзін за сталом. Калі і я хацеў адысці, афіцыянт не пусціў:

— Што, мо пойдзеш і ты, а я буду за вас плаціць?!

— Ды не, я толькі ў прыбіральню хачу.

— Заплаціш за літар гарэлкі, чатыры адбіўныя катлеты з пячурыцамі, чатыры бутэлькі пэпсі, чатыры кавы, дадатак за забаву ды каб твае нагі тут больш не было, бо паклічу міліцыю.

Паклікаў міліцыю, таму што ў мяне ўжо не было і зламанага граша, каб заплаціць. Прабаваў я даць у залог свой гадзіннік, але афіцыянт і слухаць не хацеў. Відаць, цаною розніўся ён ад вячэры.

Міліцыянеры, бы пана, завязлі мяне ў выцверазільнік. Пакупалі халоднаю вадою, бо я пагражаў ім, што заўтра ўсіх іх праганю з працы і загадалі: "Спі!". Я не спаў. Абзываў усіх, хто на памяць прыйшоў. Най-больш жа жонку, за тое, што выслала за мясам, а грошы дала ў абрэз.

Назаўтра вярнуўся я дамоў з вялікім болем галавы. Ад чаго?

Давай лячыцца: глытаў я пілюлі, якія толькі ў хаце былі мікстуры і ваду ад рэўматызму, якая Альпай называецца, але нічога не памагала. Жонка, вярнуўшыся з працы з падпухлымі вачыма, узялася за маё лячэнне. Праўда, сваім, жаночым, спосабам — ужываючы кухонны прыбор, якім цеста раскачваюць. Я не адбіваўся гэтым разам, бо баяўся. Лёг спаць суцешаны, што толькі так закончылася на сёння.

На другі дзень раніцай устаў не адчуваючы болю галавы. Ад чаго яна перастала? 1984 г.

Загрузка...