Усе, хто жыў у Беластоку ў саракавых і пяцідзесятых гадах і абаграваў кватэру печамі, памятаюць дырэктара склада з апалам Зыберблата. Старэйшыя людзі памятаюць таксама, што пры ім не было клопатаў з вугалем, а ён сам стараўся, каб нават дроў на падпалку ўсім хапіла. Гандляр і дырэктар з яго быў выдатны.
Аднойчы дырэктар разгубіўся (а можа і не?) і памыліўся ў рахунках на сваю карысць. Вестка дайшла ў міліцыю. Выклікалі Зыберблата ў Ваяводскае праўленне на допыт. Ужо пасля падпісання пратакола афіцэр, які быў перакананы, што ў сацыялізме ўсім жывецца лепш, запытаў:
— Скажыце, грамадзянін Зыберблат, але толькі шчыра, гэта не будзе запісана ў пратакол, калі вам лепш жылося — пры санацыі, ці цяпер?
— Вы следчы афіцэр ці правакатар?! — выкрыкнуў Зыберблат.
— Народная ўлада дала вам пасаду, а вы хочаце яе кампраметаваць у вачах грамадства! Я, пане афіцэр, пры народнай уладзе зарабляю аж тры з паловай тысячы злотых, а пры санацыі зарабляў усяго тры!
Сказаўшы гэта, Зыберблат іранічна ўсміхнуўся, устаў з крэсла і пакінуў пакой следчага.
1991 г.