ЗНОЎ КУР'ЁЗ


Чалавек пражыве жыццё і, калі ён незнаходлівы разява, нічога не даб'ецца. Але гэта нічога. "Якога мяне Божа зрабіў, такога маеш", — гаворыць у маёй вёсцы, і гэта найпраўдзіўшая праўда. А чалавек жа павінен расці, развівацца, падглядаць прыроду ў полі, у лесе, у хляве і на панадворку, а не толькі суседку, як лезе па драбіне.

Чалавек павінен ведаць усё вакол сябе, але перш за ўсё сябе самога. Павінен імкнуцца да аналізавання свайго розуму, сэрца, паводзін, поглядаў на ўсё, што яго акружае. Палітыкай можа не цікавіцца, бо гэта не яго справа, гэта справа палітыкаў, а яны, як вядома, ніколі нічога не зробяць для паляпшэння жыцця людзям. Хіба што тыя самі сабе аблегчаць сваю долю, сабраўшыся нават не за круглым, а за звычайным сталом пры нагодзе свята. Пры такім стале чалавек чалавеку чалавек.

Доказам таго, што людзі не ведаюць сябе саміх, а я найгорш, ёсць нямала прыкладаў: адзін чалавек шмат гадоў працаваў звыклым рабочым і зусім не ведаў, што яго галава без алоўка і паперы — па памяці "выцягне" корань з мільярдавых лікаў. Барыс таксама нічога не ведаў пра лячэбныя магчымасці, пакуль не напісаў замнога віскі і не зазлаваўся на сваю бабулю да той ступені, што хацеў ёй галаву завярнуць перадам назад. Старая цярпела на хранічны боль галавы і, седзячы на гойданым крэсле, глытала пілюлькі ды мармытала на ўнука, што надта часта і занадта многа п'е. На гэты раз Барыс скочыў да яе, схапіў за галаву, каб выканаць свой намер, а тая крыкнула: "Божа, унучак, ты мой збаўца"! Барыс вырачыў вочы, што тая старая гаворыць, а яна з вялікай палёгкай і спакоем дабавіла: "Ад твайго дотыку да маёй галавы прабег па мне нейкі электрычны ток, і галаўны боль разам з ім пабег у пяткі і ў зямлю..." Дзякуючы гарэлцы Барыс стаў слаўны і багаты, але гэта быў чысты выпадак, як чысты выпадак зрабіў Людмілу Гурчанка артысткаю, як чысты выпадак зрабіў тое, што адзін чалавек з Чорнай Беластоцкай палачкай выкрыў цячэнне падземных вадзяных жыл, як чысты выпадак зрабіў, што аўтары польска-беларускага слоўніка не ведаюць, як па-нашаму называецца "różdżkarstwo". Так чысты выпадак зрабіў, што насельніцтва Беластока і Беласточчыны адкрыла ў маёй асобе прадказальніка надвор'я.

У лістападзе паехаў я на вёску, каб купіць бульбы. Найперш заехаў да Карыціск. Толькі затармазіў "Сірэнку", як выглянуў з клуні Іван: "Здароў, Васька, а што цябе да нас прыгнала?"

— Прыехаў, каб купіць бульбы добрае на зіму.

— Ого значыць зіма будзе доўгая і халодная.

— Адкуль ты гэта ўзяў?

— Адгадваю па табе. Ты ж заўсёды прыязджаеш па гародніну ў снежні, а то і пасля калядаў.

— Так, але я сёння хацеў залатвіць яшчэ іншыя справы: купіць яек, набраць вады з калодзежа на чай і мо дзе фарбы дастану.

— Не, не, калі ты запытаў пра бульбу, гэта пэўна, што зіма тут як тут. Я табе за гэта дам два кошыкі амерыканак без граша.

Далучылася да нас Іванава жонка Надзя і, даведаўшыся, у чым справа, дасыпала яшчэ буракоў, морквы, пэстак і хлеба з каўбасою на дарогу.

У канцы лістапада найшла на мяне ахвота палатаць дзіркі ў гаражы. Пачаў я мітусіцца каля іх нязграбна, а суседзі войкаюць, заламаўшы рукі: "Божа, зноў будзе зіма стагоддзя, пабачыце, Петручук латае гараж!".

Вось бачыце, а я і не ведаў, што людзі па мяне надвор'е пазнаюць.

Але ці пазналі?..

1983 г

Загрузка...