НУ Й МОЛАДЗЬ


Гаварыце, што хочаце, але я не прамаўчу і выкажу, свой погляд на сённяшнюю нашу моладзь.

Усе бачым, як моладзь, ходзячы па вуліцах, цалуецца, седзячы ў парках — цалуецца, у аўтобусах — цалуецца, У прыёмных — цалуецца.

Нядаўна сядзеў я ў чарзе да лекара. Супраць нас, абапёршыся аб паручні, стаяла маладая пара і заўзята слінілася (бо пацалункаў ёсць моц рознага тыпу). Стаялі Да мяне бокам, то я мог не саромеючыся сачыць за імі. Зрэшты, мусіў сачыць, не меў куды вачэй падзець, а адыйсці было цяжка, бо меў звіхнутую нагу. Ну, дык сачыў за імі: мо пачырванеюць, або пабляднеюць? Мо споцяцца, або пачнуць дрыжаць.... Нічога такога не прыкмеціў.

Божа ж ты мой, каб на гэтую тэму хацелі выказацца сённяшнія шасцідзесяцігодкі, думаю, было б што паслухаць. Гэта ж падумаць толькі, паўтары гадзіны цалавацца — і нічога! Учарашняя моладзь на вуліцах не практыкавала, але калі ўжо пацалавалася, дык тыя пацалункі яшчэ да сёння гоняць вецер па губах і "мурашкі" па спіне. Вось, гэта была моладзь!

1985 г.

Загрузка...