ВЫЙГРАЛА


Калі муж з жонкай хоча добра жыць, то ён не павінен ашукваць. Гэты парадокс з'яўляецца шчытом, які бароніць бездапаможнага мужчыну перад не заўсёды лагічнай логікай жанчыны. Ашуканства дае яму магчымасць суіснавання з самаўпэўненай упартай, "беспамысловай" жанчынай, якая "ведае", што яна ўсё лепш зробіць, лепш аформіць кожную справу і нават лепш зварыць ежу. Гэта такая самая праўда, як тое, што вош кашляе. Ёй і ў голаў ніколі не прыйдзе, што можа стацца ахвярай мужчынскага розуму: Яна аж просіцца, каб мужчына стаў ашуканцам. І ён такім становіцца, хоць не па сваёй волі.

Вось, па-суседску шлюбная пара, якой ужо далёка за пяцьдзесят. А пажаніліся яны зусім маладымі: ён не ўмеў кашулі мыць, а яна — яешню спячы. Але пакупкі для харчавання ён рабіў, бо яго мілая саромілася ўзяць у рукі кошык, або ісці з сеткай па пасёлку, каб, барані Божа, яшчэ хтосьці ўбачыў, што яе муж у краму паслаў? Ён, у сваю чаргу, любіў і любіць хадзіць у спажывецкія крамы, ды і хоча быць ва ўсім жонцы прыдатны, бо яе любіць.

Аднойчы здарылася, што ў спажывецкай краме не было тлустага малака. Ну, то ён купіў худое. Жонка давай яго лаяць. Што ён корміць яе "нейкай адцэджанай вадой".

— Дарагая, гэта ж першы раз у жыцці так здарылася і калі не хочаш такога малака, дык сёння з'еш нешта іншае, — прасіўся муж.

Але яна і слухаць не хацела і, каб яго дабіць, схапіла бутэльку, ды й перахіліла ў ракавіну.

Знявагу ён перахварэў, але ў думцы абяцаў помсту, якую ажыццяўляе ўжо дзесяткі гадоў. Менавіта, дзесяткі гадоў купляе худое малако, прыкрывае бутэльку капселем ад тлустага малака і корміць ім жонку. Мала таго: вылівае малако з бутэлькі ў гаршчок для кіпячэння, палошча бутэльку халоднай вадой і бухае таксама ў гаршчок, і тою баўтухаю залівае зацірку, якую варыць на вадзе, локшыны, якіх да канца не адцэджвае, ды кашу. Жонка ўсё тое з'ядае з раскошай, ды цешыцца, што раз і назаўсёды навучыла дурня, якім малаком мае яе карміць, каб мела прыгожыя зубы і гладзенькую скуру на сваіх кругленькіх шчоках.

Калісьці, успомніўшы той няшчасны інцыдэнт, шмат гадоў таму назад ён спытаў:

— Скажы, дарагая, ці я не заслужыў на давер адносна малака?

— Так, дарагі, — адказала жонка. — Хвалюе мяне твая дабразычлівасць і ахвота служыць мне, але скажы сам, ці ж не лепш есці паўнавартаснае і смачнае малако?

— Ага, — сказаў муж і пачаў падлічваць даходы з розніцы цаны паміж худым і тлустым малаком.

Розніца ў цане выйшла малая, як і ў малацэ, але радасці было многа, што дагадзіў жонцы.

1985 г.

Загрузка...