А ГАВОРАЦЬ...


У каго б вы не запыталі, ці верыць у забабоны, кожны адмахнецца рукою і сцісне плячыма так, што ў вас аж пабарвее твар ад сораму. Ён вам не скажа, што вы наіўны, але вы адчуваеце сябе яшчэ горш, чым трэба, бо такіх пытанняў цяпер не задаюць. Цяпер кожны вывучае тэорыю Карла Маркса і адначасова ідэалізм, які так-сама не навучае веры ў прымхі. Ніхто: ні бацечка ні ксёндз, ні рабін, ні імам, не гаворачы ўжо пра марксістаў, не навучае, каб верыць у забабоны. Наадварот. Гавораць, што гэта спадчына цёмных вякоў нашае планеты, і пішуць аб гэтым.

Але народ цвёрды і ведае, што калі ўсямоцная медыцына, абаснаваная на сусветнай навуцы і практыцы, вяртаецца да лекаў, вядомых многа стагоддзяў таму назад простым і неадукаваным людзям, то чаму б не верыць у забабоны? Гэта ж таксама таемная навука розных магутных мазгоў на працягу вякоў. Нам яна недаступная, як недаступны рай, але ж ёсць людзі, якія вераць у яго. Ёсць яшчэ і такія, што вераць у пекла, як бы ім было мала яго на зямлі.

Так вось і з забабонамі падобна. Народная навука пераходзіць з пакалення ў пакаленне і навучае, што калі хочаш, каб любіў цябе выбраны і жаданы чалавек — даеш яму напіцца любчыку. А калі гэта не памагае, то можаш даць яму напіцца нешта такое, што адразу ў ягоным Жалудку размножацца вужы і з'ядуць яго з сярэдзіны. Гэта страшнае, але практыкаванае сярод нас, як помста. Памятаю, ёсць і забабон, які ў дадатак да свае таемнай "навукі" запрагае святых. Напрыклад, калі хочаш, каб пакруціла твайго ворага, ідзеш у царкву, купляеш свечку (святую) і круціш яе перад алтаром і ўсімі святымі. Гэта значыць, што ані навука рэлігіі, ані марксізму не вывучыла навук чорнай магіі. А шкада, бо толькі гэтая навука ёсць сапраўднай.

Прыгану ўсяго адну размову з Барысам. Гэта чалавек справядлівы, і хто, але я яму веру. Ён такі чалавек, што не ўмее і не хоча хлусіць. Пытаю:

— Барыс, ці ты верыш у забабоны?

— Веру, браток, бо без забабону ні за парог.

— На што ты абапіраеш сваю веру?

— На факты, браток. Ты памятаеш, як калісьці ў дзяцінстве наш Павал ішоў да вас па ваду і перайшоў вуліцу з пустым вядром Трахіму, што было?

— Памятаю, што Трахім набіў яго.

— О, відзіш. А Трахім жа быў адным з багацейшых і разумнейшых жыхароў вёскі.

— Ну, так, але цяпер пашырылася асвета, якая змагаецца з забабонамі: вераць у іх толькі людзі неадукаваныя.

— Васька, навука сабе, а забабоны навуковыя сабе і ты мяне ў гэтым не пераканаеш.

— Я не бяруся цябе пераконваць, але дай хаця б адзін прыклад.

— Я цябе прыкладамі магу засыпаць і то з уласнага панадворка.

— Давай, давай...

— Першае: калі мне прысніцца, што маю руку ліжа карова, абавязкова ў Кляшчэлях з няпрошаным госцем прап'ю ўсе грошы. Ну, і што ты скажаш?

— Ну гэта пераконвае...

— Але я яшчэ не ўсё сказаў. У мяне найгоршы клопат з сарочкаю, бо халера, калі ў полі найбольш працы, то яна з мяне смяецца...

— Цікава, раскажы.

— Заўсёды, браток, калі рана ўстану і надзену сарочку навыварат — мушу ўпіцца. Аднойчы еду на балота і думаю: сёння напэўна забабон не споўніцца, бо хто ў дарозе дасць мне гарэлкі?! У Вольцы затрымоўваюся каня напаіць і чорт нанёс знаёмага. Дзень прапаў. Учора іду за гай і думаю: "праўда, што сарочка была налева, але сёння — умры, ніхто не дасць гарэлкі, бо нават людзей у вёсцы няма, усе жнуць. Іду брукам, а насустрач трактарыст:

— Здароў, Барыс, куды мерыш?

— Па каня, — гавару, — бо трэба жыта звесці з поля.

— Зайдзі да Ваські, — прапануе трактарыст. — Я іду за гарэлкай, бо буду ў яго касіць.

Яны не касілі, я жыта не звёз, а гавораць, што ў забабоны не трэба верыць. Трэба, браток, бо то найлепшая навука.

1984 г.

Загрузка...