Лёг я ў бальніцу ў апошні сакавіцкі панядзелак, хоць накіраванне атрымаў у студзені. Усё "няма месца" адказвалі на мой тэлефон. Дастаў я накіраванне на аснове болю ў жываце, а чакаючы свабоднага месца, паспеў захварэць на сэрца.
Лёг я, але ж не ляжыцца, калі трэба столькі ўсяго напісаць у "Ніву". Не магу ж я з лёгкім сэрцам прамаўчаць выказванні Уладзіка Сідарука на тэму карэспандэнтаў, ці натураліста Барыслава Рудкоўскіна на тэму забівання звяроў пры дапамозе чарговых прылад. Лап за аўтаручку і, лежачы на пузе, пачаў пісаць аб людзях-бандытах. Нічога напісаць не ўдалося, але ўдалося звярнуць на сябе ўвагу лекараў. Яны, убачыўшы, што не ляжу пад пледам і не стагну, вырашылі, што здаровы, што камбіную і перасталі звяртаць на мяне ўвагу. З іх паводзін лёгка было зразумець, што я ў бальніцы апынуўся выпадкова.
Усе мяне тут прымалі, як няпрошанага госця. Усім суп і другое блюда, а мне сухая бульба з рэдзькаю. Быў я без снедання, але і гэтага не з'еў — у знак пратэсту. На вячэру ўсім шынка, масла і белы хлеб, а мне ваду з постам, у якой варылі рыс. Ведаю, што рыс, бо пару крупінак плавала на талерцы: відаць, сітка прапускала, або талерка была ад рысу. Вячэра ў васемнаццаць, а праз дзве гадзіны мае калегі па зале дабываюць з шафак хто што мае і ўмінаюць, а мяне чума бярэ, што галодны і нічога не маю. Ляжу ды слухаю, як кішкі марш іграюць. Дачакаўся другога дня, і тое самае, бо дыэтэтычка забыла вызначыць мне дыету. З ласкі атрымаў малочны суп. На трэці дзень заходжу на снеданне, ужо як паўнапраўны, заправіянтаваны. Гляджу, на сталах талеркі з малочным супам, талеркі з маслам і мартадэляй, ды збан з каваю і кубачкі. З'еў суп, аддаю ў акенца талерку, ды прашу каўбасы. Жанчына глядзіць на мяне як на вар'ята і кажа: "Суп магу даць, а каўбасы — не, бо порцыі палічаны". Сканфужаны гавару, што я па сваю, а не па дадатковую. Жанчына ўсміхнулася іранічна і падала мне скрылечак каўбасы, ды паўпорцыі масла. Відаць, падумала, што зрабіла мне вялікую ласку. За ўвесь перыяд майго прабывання ў бальніцы глядзела на мяне як на хітруна-абжору. А я сарамліва спускаў вочы і баяўся выйсці на калідор, каб яе не сустрэць.
Калідор! Калі яго мыюць, то так як я мыў у арміі. Аднойчы быў дзяжурным па зале. Дзяжурны па роце крыкнуў "На пастраенне!" Я, як і ўсе, схапіў аўтамат і бягом на двор. Калі ўжо ўзводы сфармавалі шарэнгі, прыбег мой камандзір аддзялення і крыкнуў: "Петручук не вымыў падлогі ў зале, бягом марш!" Я прыпёр наверх, схапіў квартачку вады і анучаю памачыў падлогу. Нават не ўсюды памачыў, бо квартачка гэта ж малая. Але ўбег "пісталет" і пахваліў, што хутка памыў. Пабеглі мы абодва на пастраенне і нават ніхто не заўважыў нашай адсутнасці. Толькі пытанне: ці падлога была вымыта?
Пагаворка пераконвае нас, што які пан, такі крам. А тут наадварот, які крам, такі пан. Якая бальніца, такія і мы. Да ўмывальні і прыбіральні цяжка прабрацца. Хто першы паспее заняць месца, пакідае яе так, быццам другому робіць на злосць. Тут таксама прыкмеціў я цікавую з'яву. Менавіта заўважыў я, што кожны хворы, устаўшы з ложка, пачынае ранішні туалет ад мыцця. А ўжо калі вымые рукі і твар, тады ідзе да кабіны і апаражняе нос ды жывот і ўжо пасля гэтага рук не мые. Добра, што чалавек сябе не брыдзіцца. Не, мы думаем толькі пра сябе. Вядзем сябе дзіка і не хочам інакш.
А ўжо пра такую дробязь", як святло ці гарачая вада, то і гаварыць няма чаго. Зубы мыюць, вада льецца поўным струменем, брыюцца машынкай, вада гарачая струменем. Нават адзін такі ляжаў, што на галаве меў не больш дзесяці валасоў. І кожны дзень па некалькі разоў прабаваў іх прычасаць. Станавіўся ля ракавіны, пускаў ваду на "поўны ход" і, мачыўшы ў ёй грэбень, лізаў валасы. А яны ніяк не хацелі ляжаць. Я аднойчы пацікавіўся і змерыў час. Аказалася, што ён чэша сваю "чупрыну" не менш васьмі мінут. А гэта дае ванну гарачай вады. Ніколі нікому не прыйдзе ў галаву, каб выключыць удзень святло. У прыбіральні ёсць два велізарныя вокны, ад дзённага святла хоць іголкі збірай, але чатыры лампачкі гараць.
Ляжаў я там дзевяць дзён і ўсе гэтыя дні ў час лекарскіх абходаў прасіў нейкага сродка для паласкання горла. Баліць яно мне. Кожны дзень абяцалі і ні разу ніхто не глянуў у горла, ды не даў нічога для лячэння. Відаць, ратавалі дэфіцыт.
У бальніцу ішоў я бадзёры, а адтуль ледзь ногі прывалок. Але ў інфармацыйнай карце напісалі, што "хворы вяртаецца дамоў у добрым стане і ні на што не скардзіцца."
Даражэнькія, прыкідвайцеся здаровымі і не трапляйце Ў бальніцу!
1980 г.