У нядзелю 24 жніўня, паабедаўшы выйшаў я глытнуць паветра (не скажу, што свежага — усюды дым). Гляджу, народ валіць на стадыён, на футбольны матч паміж "Ягелёніяй" і "Краковіяй". Як тут не паддацца агульнаму настрою! Трэба падтрымаць нашых другалігоўцаў. Пабег я па цёплую куртку, і на аўтобусны прыпынак. Аўтобусы толькі мігалі, ніводзін не хацеў спыніцца. Урэшце, праз паўгадзіны, нейкі спагадлівы шафёр узяў.
Толькі ўварваўся я з білетам за 40 злотых на стадыён, як суддзя даў сігнал на гульню. У першых мінутах ігракі абедзвюх каманд не бегалі, як гэта павінна быць, а хадзілі, быццам ім не было куды спяшацца. Аж (адкуль не вазьміся!) на стрыжаную траву стадыёна ўбег чорны сабака. І пачаў ён ганяцца то за тым, то за гэтым футбалістам. Аднак выбіраў кракавяк. Стадыён у захапленні рагатаў. У гэтай сітуацыі суддзя вымушаны быў спыніць гульню. Пачалі сабачку выганяць. А той думаў, што з ім гуляюць і давай выгінаць хвост і бегаць навакол. Яго лавілі, а ён уцякаў усё глыбей у цэнтр поля і ўцешна агрызаўся. Урэшце супольнымі намаганнямі (пры вялікай падтрымцы трэнераў) удалося збянтэжанага чацвераногага балельшчыка нашай каманды выдварыць з поля.
Збянтэжыўся сабачка, гэта праўда, але сваё зрабіў. Ігракі пачалі бегаць. Аднак нерваваліся, паветра стагнала. Цяпер ужо балельшчыкі не рагаталі: лаялі сваіх, чужых і арбітра. А ігракі, як на злосць, ніяк не маглі трапіць у мяч, толькі нагамі і галовамі паролі паветра. А яно аж сінела ад болю. Мяч лавілі рукамі. Суддзя не свістаў, не караў, за ручную гульню, бо бачыў, што мячом ніхто не завалодае. Так закончыліся першыя 45 мінут.
У другой палавіне давялося мне сядзець са сваім сябрам Юркам. Ён не прапускае ніводнага матча. Як добра, што ён і сёння быў, а то нашы прайгралі б і ніхто не ведаў бы чаму. Юрка памагаў як мог, як толькі дазвалялі ўмовы стадыёна. Божа, колькі мне і суседзям д асталося ад яго! Юрка гроб, біў, шустаў нагамі. Па лаўцы і бетону. Пінаў суседзяў па нагах, тоўк нас кулакамі і локцямі. Я, убачыўшы гэта, спярша рагатаў (аж калоць пачало ў дыхах), потым злякаўся. А Юрка нас лупіў і крычаў футбалістам як там забіць гол. Адначасова хваліў Селівоніка (нумар 10).
І што вы думаеце, дабіўся свайго. Беластаччане пачалі гуляць смялей, зручней. Усё больш атакавалі вароты гасцей. Праўда, не траплялі мячом у вароты, але гэта не іх віна, бо раз, вароты вузкаватыя і нізкаватыя, а па-другое, у іх стаяў яшчэ і варатар.
Але Юрка так хварэў, што не аставіў абыякавымі нашых футбалістаў. Яны знерваваліся і на 68 мінуце загналі мяч у вароты. Больш не ўдалося, бо кракавяне бараніліся. Але і так Ягелоніі 2 ачкі. Дзякуй чорнаму сабачцы, які ўмела пакіраваў нашай камандай.
1980 г.