ФАРАОНКА


Нарадзілася ў сметніку, дзе няма ніякага толку, маленькая мурашка. Абсохла, падужала, ды палезла па пакоі шукаць сябровак і ежы.

Прайшло пару дзён, і наша малютка ўскарабкалася на стол. Ужо ведае, чаго шукае. Шукае, каб добра наесціся, а мне ежу згідзіць.

Падпёр я кулаком бараду, сяджу, прыглядаюся і разважаю: "Што такая малютка можа каму зрабіць? Яна толькі поўзае, шукае корму. Забіць — шкада, негуманна. Давай, прыкрыю яе цёплай накрыўкай ад гаршка.

Прыкрыў і забыў пра яе, пайшоўшы ў горад. Вярнуўшыся, успомніў, заглянуў пад накрыўку (ці не задушылася?). Што ўбачыў? Мурашка вырасла велічынёй у муху. Здзівіўся, але працягваў эксперымент. Нешкоднае ж насякомае.

Мурашка вырасла ў велічыню мышы і стала непадобнай да свайго роду. Цяпер я спужаўся: вырасце гэтае насякомае ў сабаку? Але чакаў, што з гэтага будзе: пакусае мяне ці не пакусае?

А мурашка расла і ўсё часцей зубы на мяне вышчарала. Я ўжо добра злякаўся, але нішчыць яе не хацеў, чакаў пагаднення (ты мяне не чапай і я не крану цябе). Што будзе, то будзе, зачыніў мурашку ў шафе.

Відаць, умовы там спрыялі мурашцы, вырасла, патаўсцела, разваліла шафу, выйшла на пакой, трахнула мяне па мордзе і давай наладжваць свае парадкі. Патрапала посуд, вышчарбіла сцены, урэшце села з другога боку стала і спытала, дзе хачу вісець: на дрэве ці на стаўбе? Я пык-мык; вісець нідзе не хачу, хачу жыць. А мурашка-звер кажа: — Калі хочаш жыць, то яшчэ крыху пажывеш, але мусіш мне ва ўсім падпарадкавацца.

— О, гэтага не будзе!

— Пабачым, — сказала мурашка-звер і пачала верашчаць, што я душу яе. Збегліся іншыя мурашкі і пачалі на мяне наступаць ды прыгаварваць: "Хопіць твайго панавання. Цяпер мы зробім з табой, што захочам!?

Раскрычаліся, разверашчаліся і ўзяліся за справу.

І сяджу я цяпер на паламаным столку, кулаком падпіраю бараду і з горыччу дакараю сябе, што пашкадаваў фараонку.

1981 г.

Загрузка...