Цяпер такі час настаў, што народ зрабіўся чагосьці злосны, неабачлівы. У вачах замест дружалюбнай усмешкі бачыш агонь нянавісці. А як трэба падбіраць словы і гладка ілгаць каб, напрыклад, даведацца ў магазіне, ці заўтра будзе ўчарашні хлеб. А найгорш з інтэлігентамі. Яны ніколі іншых не любілі, а цяпер то і гаварыць няма аб чым. Калі так на іх глядзіш і на іх паводзіны, то бачыш маленькіх чалавечкаў, хаця і адукаваных. Бяда толькі, што ім гэтага ніхто не вытыкае, бо самі яны сябе бачаць прыстойнымі і разумнымі.
Чым жа тут цешыцца? А вось чым. Калі я такім поглядам падзяліўся з сябрам, той адказаў: "Цешся, што яшчэ не б'юць". Ну, то і цешуся. Хаця раз ужо далі.
У гэты момант прыпомнілася мне яшчэ іншыя здарэнні, якія павінны мяне радаваць.
Рыхтаваў я сваё 50-годдзе. Жонка купіла 30 кг адборнага вінаграду і паставіла на віно, а я паехаў у Грабавец купіць вепрука. Коля Масальскі мне яго закалоў, а яго жонка Валя (я таксама памагаў) нарабіла каўбас і ўсялякіх ласункаў. Смажанае, варанае і вэнджанае запакавалі ў чамаданы, а Грыша Беразняк завёз мяне на чыгуначну станцыю ў Кляшчэлі. Прывёз мяса дамоў і схаваў у склеп, бо кватэру канчалі аднаўляць.
На другі дзень я не знайшоў у склепе не толькі мяса і віна, але зладзеі не пакінулі афіцэрскага кажуха, доўгіх рыбацкіх ботаў, карнізаў, шмат іншага дабра і нават сякеры. Міліцыянеры сказалі: "Цешцеся, што жывеце". Ну, то я цешыўся. Яшчэ больш меў радасці тады, калі атрымаў тры тысячы адшкадавання. Калі другі раз зладзеі залезлі ў склеп і абчысцілі яго са слоікаў, турыстычнай газавай печкі і віна, то міліцыя ўжо не паявілася. Цешыўся я адзін з жонкай.
У 1987 годзе прыехаў з Гданьска зяць і паставіў машыну нанач у мой гараж. На другі дзень не знайшоў у машыне акумулятара. Паплёўся я ў міліцыю, там спісалі пратакол і параілі мне цешыцца, што самаход астаўся.
Цяпер зноў уламаліся ў новы, толькі што пастаўлены гараж і забралі новенькі веласіпед, тры каністры бензіны. Прыехалі міліцыянеры, сышліся суседзі і таксама раілі мне цешыцца, што самаход цэлы і колы ёсць.
Бачыце, як бывае ў жыцці? Адно толькі цешыцца ды цешыцца выпадае. Ну, дык я так і раблю. 1989 г.