Божа, колькі ж ужо напісана і сказана пра выхаванне моладзі! Я сам пісаў: "Моладзь, моладзь, каб ты пастарэла".
Калі сяджу дома і нічога не бачу, бо пры сустрэчы ў школах, тады моладзь цудоўная: культурная, зычлівая і выхаваная. Горш з ёю "на свабодзе".
Я не аднойчы думаў, што асветныя ўлады пакрыўдзілі вучняў, выкінуўшы са школ парты. Мармытаў пад носам, што нават пасля вайны дзеці вучыліся седзячы, а цяпер мусяць вучыцца стоячы ў поўны рост. Каліі толькі аўтобус пад'едзе да прыпынку, то яны гурмам пруцца, каб хутчэй заняць месцы для сядження і нават сядаюць адзін другомы на калені. Але ж пайшоў я па школах, праверыў і пераканаўся, што ёсць там і лаўкі і сталы, і ўсё, што трэба.
Таксама, калі сядзеце ў цягнік. Тут маска з моладзі спадае.
Аднойчы Віктар Швед і я ехаў з аўтарскіх сустрэч. Стомленыя былі, бо пешшу хадзілі з вёскі да вёскі два дні. У вагоне месца не было, сядзела адна моладзь, толькі мы аказаліся людзьмі пад шэсцьдзесят. Гнуліся, ламаліся, на змучаных, хворых нагах. Я асабліва. Шапчу да Віктара: "Каб тыя маладыя людзі здагадаліся пастаяць па дзве мінуты кожны, то мы б сядзелі цэлую дарогу".
Віктар пацвердзіў маю думку. У тым часе моладзь смяялася, нудзілася, або гуляла ў карты. Некаторым з іх было нават няёмка глядзець на нас, сівавалосых. Але ж яны вядуць сябе паводле правіла: "Не ён павінен уступіць месца, але сябра".
Нядаўна вяртаўся я з Бельска.
Калі прыехаў цягнік, я страціў усялякую надзею трапіць у Беласток. Аднак, адрываючы ўсе гузікі з паліто, звіхнуўшы нагу і згубіўшы капялюш, увапхнуўся я неяк у вагон. Ехаў на адной назе, енчачы, што баліць другая і спіна, ні рукой, ні сабой павярнуць не мог. Дваццаціпяцігадовы барадач верашчаў на мяне, што я яго цісну. Іншыя ж рагаталі, што ім добра, бо блізка дзяўчат. Рагаталі і з мяне, калі даведаліся, што заплаціў за праезд: "Пане, які дурань плаціць за праезд, ды яшчэ першым класам, калі тут, каб хто і хацеў скантраляваць, то не праб'ецца.
Вось якая ў нас крызісная сітуацыя, ды не толькі ў разуменні маральным, але і гаспадарчым. Чыгунка дарма возіць зайцаў, якім таго і трэба. Яны ж не маюць сумлення не толькі тады, калі трэба было б яго мець, або проста выпадала б уступіць месца старому, інваліду. Не маюць яго і тады, калі трэба заплаціць за перавоз свайго цела, якое і так пастарэе. Вось тады кожны з іх будзе хацець, каб сесці, але ніхто яму месца не ўступіць.
1984 г.