ЯК ГРЫПА ЗНЯСЛАВІЛА ВЁСКУ


Жыла-была і жыве дасюль ў адной вёсцы жанчына, якая вельмі любіла і шанавала грошы. Так шанавала, што аж старалася як найменш іх выдаваць на адзенне і харчы. Галубіла іх, пералічвала ў вольны час і хавала так, што ані муж, ані дзеці ніколі не здагадаліся, дзе шукаць.

Каб мець як мага болей грошай, яна вельмі цяжка працавала: апрача догляду гаспадаркі, у якой каля дзесяці штук кароў, некалькі кормнікаў, шмат парасят, курэй, гусей, качак, яна яшчэ шыла каробкі, ткала ваўняныя плахты ды біла валёнкі — усё на продаж.

Суседзям здавалася, што сям'я гэтай жанчыны жыве ў дастатку, бо мае ўсе сельскагаспадарчыя машыны, добра харчуецца, і гэтак далей. А ёй, у сваю чаргу, здавалася, што яна жыве найбядней ва ўсёй вёсцы, бо яе мужык баіцца гнаць самагонку. Яна ведае, што гарэлка цяпер дарагая, значыць, і самагонка даражэе. А калі яшчэ з жыта — то можна добра прадаць і самому танней гасцей прыняць, або і вяселле справіць. А гэты гультай не хоча гнаць — хоць ты яго рэж!

І калі так, то Грыпа (так яе завуць) взялася за справу сама. Спярша, седзячы сама дома, зрабіла гаспадарчы падлік: мэтр (цэнтнер) жыта каштуе 1750 зл., а бутэлька найгоршае гарэлкі — 560 зл. З мэтра можна выдушыць 35 літраў. Гэта значыць, што пад вяселле, замест выдаткаваць на манапалёўку 78 400 зл., сама ж яна наробіць за З 500 зл. і то лепшай, бо ад самагонкі галава не баліць. А пасля вяселля, калі ўжо добра напрактыкуецца а зяць трапіцца спрытны , то і "Ладу" купяць.

Схадзіла яна да Макара. Івана, Рогора разнюхаць што і як, каб не ашукацца ў разліках. Але найбольш яе цікавіла справа фармальнага падыходу да задуманага, бо не хацела канфлікту з правам. Пытае хітра ў Макара, як ён гэта робіць, што ўжо столькі год гоніць самагонку і ніх-то да яго не мае прэтэнзіі.

Макар пачухаўся за левым вухам, усміхнуўся таямніча і адрэзаў: "Грыпа ты думаеш, што ў нас хто-колечы робіць што-колечы без дазволу і кантролю? Ці ж ты не бачыш, колькі да мяне кантралёраў прыязджае ледзь не кожнага тыдня? А ведаеш, як яны трымаюцца нормаў? Калі бяжыць слабейшая, чым на 50 градусаў, адразу крывяцца і верашчаць на мяне. Прабуюць, прабуюць, аж паснуць са змогі і ўжо далей смаку не чуюць. Тады мушу даць ім з сабою, каб іх шэфы папрабавалі, ці кантралёры Добра выконваюць свае абавязкі. Во як яно ёсць Грыпа".

Грыпа слухала і думала: "Чорт яго ведае, мо мой мужык і мае рацыю, што не хоча сцягваць на цябе розных кантралёраў. Але зноў падумаць толькі, які ж вялікі заробак!"

Ночы яна недаспала, бо ўсё разважала. Раненька ўстала і пабегла на пастарунак міліцыі, каб атрымаць дазвол. Трапіла на дзяжурнага. Той запытаў, чаго старая хоча. Яна растлумачыла. Дзяжурны вочы вырачыў і прагнаў бабу прэч, бо не меў часу на дурную размову. Але гэта Грыпу пакрыўдзіла, і яна стала дабівацца свайго. У сераду зайшла зноў і папрасіла дзяжурнага (ужо быў іншы), каб дазволіў ёй увайсці да пана каменданта ў вельмі асабістай справе. Дзяжурны — добры, спачувальны хлопец — упусціў жанчыну і нават паказаў дзверы шэфа.

Камендант выслухаў просьбу і з сумам сказаў, што, на жаль, такіх дазволаў міліцыя не дае. "Як не дае?! — узлавалася Грыпа. — А ўсё ж наша сяло толькі і багацее за самагонку, апрача майго мужыка-тумана. Вы ілжэце, што не дае!" Камендант на тое: "Добра. Калі вы даказваеце, што ў вас усе гоняць самагонку, то мо ведаеце, хто мае дазвол?" Грыпа загарэлася: "А пэўна, што ведаю. Учора была ў Макара. Ён мне сказаў, што ў яго ёсць дазвол, маюць таксама іншыя". Тады камендант: "То вы ідзіце дадому і даведайцеся, хто ў гэтых днях расчыняе, або гоніць. Мы прыедзем, праверым іхнія дазволы". Грыпа сыпнула: "А мне і хадзіць не трэба! Напэўна ведаю, што ўчора гнаў Макар, Іван і Рыгор, а расчыненую маюць Міхась, Ляўко, Васька і Пузаты. Яны не крыюцца, бо чаго ж ім баяцца?" Камендант дакладна запісаў усіх і сказаў: "Добра. Дзякуй вам. Мы праверым ці кажаце праўду". На тое Грыпа: "Бажусь Богам, што гавару праўду. Вось вам крыж!" Перахрысцілася ды задаволеная пабегла дамоў.

З таго часу слава вёскі ўпала а кантралёры не прыязджаюць нават кантраляваць малако.

1984 г.

Загрузка...