Дарагая Рэдакцыя, даражэнькія Карэспандэнты і ўсе, хто толькі ў "Ніву" піша і яе чытае! Абсалютна ўвесь народ павінен пачытаць гэты фельетон, каб пераканацца, якім пераканаўчым спосабам ёсць дотык. Так, гэты звычайны дотык. Напрыклад, бачым нешта белае і не ведаем, цукар гэта, ці соль. Умакаем язык і ведаем, што соль (нам вельмі быў патрэбны цукар). Або іншае, каб пераканацца ці кілаграм абазначае заўсёды кілаграм, суседзі і паспрачаліся. Першы гаворыць, што ён не бачыць розніцы між кілаграмам жалеза і кілаграмам ваты. А другі хітрун гаворыць:
— Калі ты так думаеш, то давай пераканаемся. Бяры кілаграм пер'я а я вазьму кілаграмовы камень. І ты мяне трахнеш тым пер'ем, а я цябе стукну каменем.
А ці памятаеце, колькі было запісана паперы на тэму: "Чаму моладзь уцякае з вёскі?" Напэўна кожны з нас памятае. Але няма ніякіх водгукаў, колькі людзей мы пераканалі, каб не кідалі родных мясцін, родных вёсак, па якіх засумуюць не раз у далечыні. А вось мой добры калега, якога я ведаю ад роду, адным рухам пераканаўся сам, пераканаў жонку і ўскалыхнуў веру ў цудоўнае жыццё ў горадзе. Нават ахвотна яго слухалі ў Гайнаўцы на кірмашы, калі, стаяўшы на возе, гаварыў, бы на мітынгу, аб прыгожасці жыцця ў вёсцы.
Сярод натоўпу Браніслаў убачыў, што нехта смяецца, і падумаў: "Мусіць, яны мне не вераць". Крыкнуў: "Калі сярод вас ёсць скептыкі (ён гэта слова запамятаў з Кляшчэляў, калі ім назвалі яго за недавер'е, што карова пакрытая), то клянуся Богам, што я сам перажыў прыклад, які абрыдзіў мне горад на ўсё жыццё!"
— Давай, раскажы, няхай усе даведаюцца, — пачулася з розных бакоў натоўпу, — а то яны нікому не вераць — нават "Ніве", раскажы!
— Дык, вось, браткі мае родныя, паехаў я ў гэты халерны Беласток, куды уцёк мой сын і вашы пруцца, бы мухі да мёду. Яшчэ ў цягніку захацелася мне насікаць, але дзе ж там, на хаду нельга адчыняць дзверы, а на прыпынках усюды народ. Думаю, вытрываю да Беластока, а там недзе за кусцік захілюся і па бядзе... Даехаў я, браткі, да Беластока, а тут людзей, як у мяне ля хлявоў мух, а кустоў не бачу. Ужо так захацелася, што далей няма куды. Каб так варочаўся да жонкі ўжо з ПКС, то няхай было б і ў ганавіцы, але тут жа іду да сына і ягонага цесця. Але Бог даў, па дарозе напаткаў я рэчку з заросшым зеллем берагам. Ледзь паспеў увайсці ў гэтае зелле і стаць на каленях, каб сядзеўшыя на супрацьлеглым беразе нічога не бачылі, аж падыходзіць да мяне міліцыянер і пытае: "Што вы, грамадзянін, тут робіце?" Я адказаў, што лаўлю рыбу, але ён не спыніў майго фізіялагічнага дзеяння. Пачакаў, пасля патрабаваў заплаціць 500 злотых за "лоўлю рыб без дазволу" і пайшоў на лавачку, а я да сына, ужо лёгка і здаровы.
Мой сын, браткі, падобны да мяне. Калі ўжо госць у хаце, то абавязкова мусіць яго пачаставаць. Ну, вось, пачаставалі яны мяне абедам і кампотам з сушаных груш з майго садка. П'ю я яго і зноў баюся, каб не захацелася на двор, бо што я цяпер зраблю. А як жа. Пузыр слабы, ці мо ныркі хворыя, як на злосць зноў хочацца. Пасмутнеў я і пачаў падазрона вярцецца, ды і размова не клеіцца. Сын кажа:
— Тата, мо вы хочаце ў туалет?
— А што гэта такое? — пытаю
— Ну мо вы хочаце пасікаць?
— Хачу ўжо даўно. А дзе ён у цябе, гэты туалет?
— А во, побач з кухняй.
— Што, я буду ў хаце сікаць?!
Ты што хворага з мяне хочаш рабіць ці дурня?!
Зазлаваў я і толькі яны мяне бачылі.
Вярнуўся з Беластока на свае прасторы, дзе раблю што хачу, і людзі мне шануюць, як разумнага чалавека, і ў хаце чысціня. Адна толькі думка мяне з'ядае: як вырваць сына з гэтага туалета, каб унукі раслі на прыстойных людзей.
1982 г.