МОДА


Мода, як вядома, прыходзіць аднекуль, адыходзіць некуды — невядома куды, мо да сметніка гісторыі. Пасля вырастае ў чыіхсьці галовах. Падпертая грашовымі аргументамі новая мода, або, нібы Фенікс з попелу, адраджаецца старая мода, якую народы ўспрымаюць са слёзкай у вачах. Не гавару аб модзе вопраткі, абутку, а агульна пра моду, якая можа народы прыемна здзіўляць, выклікаць усмешку, наводзіць сум. А яшчэ іншыя задумоўваюцца над чужым горам; ну, бо не кожнаму падыходзіць нямытая, доўгая барада і не кожнай спадніца-міні. Але з гэтым бяда папалам, бо ёсць спосаб на паляпшэнне настрою жанчыны, якая хацела б насіць якраз нагавіцы, а ведае, што яны на ёй вісяць як на калку, а мужчыны гэтага не пераварваюць або сто дваццаць кілаграм хоча ўтаптацца ў нагавічкі падлетка. Зрэшты, як ужо вышэй сказана, мода вопраткі, абутку і Валос змяняецца. Калі нават і не змянялася б, яшчэ дадам, то і так людзям у масавым маштабе ад гэтага не было б аніякага гора. Гора людзей заключаецца ў тым, што выдумоўваюць новыя моды на розныя тыпы ўзбраення, на розныя метады знішчэння адзін аднаго.

Але я хачу заняцца маленькім адрэзкам гэтага ўсяго — небяспечнай модай нішчэння нашай маёмасці, а часта і чалавечага жыцця.

Менавіта ў пасляваенны перыяд была мода знішчаць тое, што вырастала з руінаў мінуўшай вайны, — шляхам сабатажу. Варожае падполле рабіла ўсё, каб толькі ўзарваць нейкую фабрыку, якая давала прадукцыю для паляпшэння, калі ўжо не дабрабыту, то хаця б жыцця, арганізавала цуды, каб сялян адарваць ад палявых прац, а гэта вядома, збожжа асыплецца, сена згніе ды яшчэ шмат іншага, што панізіць узровень жыцця народу і выкліча абурэнне на ўладу ды яшчэ і сацыялістычную ўладу. Ой, хацелі ворагі, хацелі выкарыстаць моду дзеля звяржэння сацыялістычнае ўлады ў Польшчы.

Цяпер настала новая мода, але аж ў двух кірунках: турыстыка і замыканні (электрыка!).

Турыстыка імкнецца да таго, каб вывезці з краіны чым больш дзяржаўнага багацця за граніцу, а з-за граніцы прывезці як найбольш прыватнага багацця. Адным словам, турыстыка імкнецца, а дзяржава ёй памагае колькі можа, каб зрабіць народ багатым, а дзяржаву... ой, не ведаю, ці гаварыць, бо могуць скрэсліць, але скажу: дзяржаву беднаю. А чаму і як — гэта ўжо не мая справа, каб разбіраць па костачках

Замыканне зроблена, каб хутчэй паглыбіць крызіс, у якім апынулася краіна ў апошнія гады. І як прыстоіць замыканню — дзейнічае маланкай. Гараць бальніцы ад замыкання, гараць заводы ад замыкання, вёскі гараць ад замыкання, лясы гараць таксама ад замыкання. Цяпер сабатажу няма, усе здарэнні выкліканы дрэнным лёсам або замыканнямі, бо на іх мода. З гэтага ўсяго вынікае, што дрэнных маем электрыкаў, якіх трэба судзіць, як сабатажнікаў або сабатажнікаў няма чаго хаваць за спіну электрыкаў, якія павінны абразіцца за абгавор.

Я асабіста думаю, што хутка прыйдзе мода на яблыкі, якія растуць на вярбе.

1984 г.

Загрузка...