ДЗІВАКІ — ГА, ГА, ГА!


Людзі гавораць, што смяецца той, хто смяецца апошнім. Добра ім так казаць, няхай бы апынуліся на маім месцы сярод дасканалых крытыкаў, тады б пабачылі, ці было б ім да смеху.

Напісаў я некалі для "Зоркі" вершык "Казка пра Крата". Дык вось там гаварылася, што Кроцік той быў надта лянівы, і асцярожны. Баяўся мыцця, каб капелька вады выпадкова не прыснула яму ў вочы. Калі я гэты вершык прачытаў узрослым людзям, адзін прысутны адразу са знаўствам заявіў: "Якія ты глупота дзецям выпісваеш. Ад калі, па-твойму, у крата ёсць вочы?

"Вось іменна, — падтрымаў яго чалавек з вышэйшай адукацыяй, — цікавая вынаходлівасць. Я колькі разоў бачыў крата, а ніколі не ўдалося мне заўважыць яго вачэй." "Бо ён іх не мае, — з насмешкай нада мной адазваўся першы. — Я, брат ты мой з гаспадароў і цяпер маю дзялку, па якой кратоў хоць адбаўляй, а вачэй ані ў аднаго няма і ўсё!"

"Хлопцы, — адзываюся сканфужаны.

— Гэта ж у пераносным сэнсе. А ці ж міска, лыжка і ложак у нары крата ёсць?"

"Каша можа там быць, бо маці Краціха магла недзе ўкрасці і нанасіць". "Ну, але краты не ядуць лыжкай з місак, — баранюся я". "Мы не ведаем, што там у іх у норах ёсць. Але ты перастань дзецям марочыць галаву, што ў кратоў ёсць вочы!"

Гаспадар спрачаўся са мною, чалавек з вышэйшай адукацыяй хадзіў па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні, і паглядаў на мяне з іроніяй. А я замест смяяцца з іх, злаваў, што не ўдаецца мне іх пераканаць. Чаму яны, тлумачыў я сабе, не могуць зразумець, што я напісаў пра Кроціка, меўшы на думцы дзяцей гомасап'енса (чалавека разумнага), да якога належаць мае ўпартыя сябры і я сам, на жаль. Чаму, на жаль? А проста таму, што чым больш пазнаю людзей, тым больш люблю звяроў.

1980 г.

Загрузка...