У пачатковых гадах нашага XX стагоддзя, у Елянцы жыла сям'я Гаворкавых. Было у ёй чатыры сыны: Міхась, Марцін, Цімафей і Якаў. Гэта былі хлопцы нагулаватыя адчаюгі, жылі яны вельмі дружна, калі трэба было напіцца чужой гарэлкі, або кагосьці адлупцаваць, — стаялі мурам адзін за адным. Але калі камусьці з іх рабілася крыўда у якогасцьі іншага поваду, чым бойка з сябрамі, то ўжо спагады не было. Упаў з каня і пабіўся — твая справа, прабіў цьвіком ногу, таксама нікога гэта не балела, не ратавалі апошнія. Назаўтра другому штосьці сталася то ўчарашні гаварыў: "Я цярпеў, то цярпі і ты, чаго плачаш?"
Вось адзін дзіўны выпадак, які быццам бы выняты з казкі, а ён ім здарыўся ў самай справе. Трэба яшчэ дадаць, што сярод тых чатырох братоў была захавана цесная іерархія; найстарэйшы ўсімі камандаваў, прыказваў, вымагаў, лупцаваў і сабе браў найбольш. Меншыя маглі плакаць ад крыўд, але важаты аставаўся, хоць помста заўсёды была прадбачана і то помста бязлітасная ўсіх супраць усіх.
Браты вельмі любілі гойдацца на адной выбранай імі восьсі, якая была пахілянай. А як людзі гавораць, што на пахілае дрэва то і козы скачуць. Кожнага дня залазілі на яе, але захоўваючы старшэнства і нічога не баяўшыся, што могуць пападаць, гойдалі бедную ольху аж карэнне трышчэла. Аднойчы здарылася... Пабачым, што здарылася пазней, а цяпер пагляньма, як яны тарабанілі на дрэва. Крыху малодшы, за найстарэйшага Міхася, Марцін паспрабаваў першы ўлезці на дрэва але зараз той яго сцягнуў і хляснуў па мордзе за парушэнне парадку, ды сам палез найвышэй, за ім іменна Марцін, за Марцінам Цімафей, а наймалодшы Якаў завіснуў пад нагамі Цімафея і так верашчаўшы гойдаліся.
Сядзеўшы найніжэй Якаў чагосьці паглянуў уніз і ўбачыў, што па дрэве ў верх паўзе вуж. Заверашчаў і саскочыў з дрэва. Цімафей, які не ведаў у чым справа запытаў: "Чаму ты саскочыў з дрэва!?" А Якаў з зямлі: "Ты таксама зараз сасакочыш, або вуж цябе ўкусіць!" Цімафей вырачыў вочы са страху і пачаў прасіць Якава, каб той забіў вужаку, бо яна яго ўкусіць. А Якаў адказаў: "Я скакаў, то й ты скачы". Цімафей саскочыў і звіхнуў нагу, плакаў з болю, але праз слёзы хіхатаў бачачы, як старэйшы і найстарэйшы ўбачыўшы вужа верашчалі, просячы каб тыя, што на зямлі забілі вужа, або хоць скінулі яго з дрэва, а той усё вышэй поўз. Тыя з зямлі гаварылі смяючыся: "Мы саскочылі, то і вы скачыце". Трэці, калі гупнуў з вышыні дрэва то аж застагнаў, але ўстаў на ногі і са смехам далучыўся да меншых. Найстарэйшы баяўся скакаць і вуж усё бліжэй язык паказваў. Прасіў братоў на мілы Бог, каб нешта рабілі дзеля ратавання яго а тыя дружна хіхаталі і раілі яму: "Скачы, як мы скакалі, бо калі не, то здохнеш ад вужа!". Апошняму нічога іншага не аставалася. Скочыў. Але гэты скок адпакутаваў трохмесячным ляжаннем у пасцелі.
Аб гэтым усім расказаў мне Васіль Сапёлка. Я толькі ад сябе дадам надта ўжо ва ўсім свеце знаную фразу, што чым вышэй сядзіш, тым ніжэй звалішся. А такіх сем'яў в Польшчы, як сям'я Гаворкавых было шмат за цара і за польскай паншчызны, калі вёскі былі перапоўненыя рознымі, у тым і не надта разумнымі спагадлівымі людзьмі. А ўжо напэўна неадукаванымі. Канклюзія сумная, але праўдзівая.
1993 г.