Я ведаю, што чытачы вельмі ахвотна чытаюць мае званічныя фельетоны, нават тады, калі яны доўгія. А сённяшні якраз будзе кароткі, бо няма цярплівасці.
А цярплівасці няма таму, што ў зубах поўна пяску. Наглытаўся я яго яшчэ ўчора, вячэраўшы. Ды толькі сёння ўразумеў, адкуль ён узяўся. Сам я, вядома, не здагадаўся, але паслухайце, як вылезла шыла з мяшка.
Аднойчы прачытаў я жонцы апавяданне пра дасканалае злачынства (як пазбыцца нявыгаднага чалавека — мужа ці жонкі). Аўтар прыводзіў шмат спосабаў, адзін з іх добра запамятала мая жонка і, калі я даўно забыў пра гэтую кніжку, пачала яго (гэты спосаб) ажыццяўляць.
Калі прыходзіла пара сілкавання, я баяўся за стол сядаць. Але сядаў і, ледзь не плачучы сёрбаў боршч. Хлеба не мог сціскаць зубамі, бо трашчаў у ім пясок. У талерцы з баршчом таксама заўсёды поўна было пяску. Каб не пералічваць, што я ем, скажу, што жонка ва ўсё сыпала пясок. А той памалу запаскуджваў паасобныя органы і выводзіў арганізм са строю. Ныркі да таго забіліся пяском, што перасталі нават фільтраваць піва і кожны трэці дзень трэба было выклікаць хуткую дапамогу. З жоўцевым пузыром была горшая справа хуткая дапамога патрэбна была кожны дзень. Шчасце, што яна ў суседнім двары, ахвотна з'яўлялася і ратавала мяне спосабам вусны-вусны. Была яшчэ нічога сабе, стагналі абое да абеду.
Але ныркі і жоўцевы пузыр — малако з мёдам у параўнанні са страўнікам. Гэты гад, у выніку жончыных захадаў, зусім перастаў дзейнічаць. Замест страўніка стварыўся ў маім арганізме нейкі дзіўны механізм: бурчыць, калі я галодны, на від ласункаў не рэагуе і нават у шэсць гадзін раніцы просіцца ў прыбіральню. Усё, як у гадзінніку. Клопат, што я ў сем гадзін раніцы толькі вочы пралупліваю. Але гэтым хай хвалюецца мая жонка, па яе прычыне ўсё гэта са мною дзеецца.
Аднак далей я ўжо не мог вытрымаць гэтага пяску ў зубах і павячэраўшы пытаю:
— Скажы, даражэнькая, чаму ў нашай ежы заўсёды поўна пяску? Ці ты мне часам яго спецыяльна не сыплеш?
А мая жонка хітрая, ой хітрая, крыху пачырванела, але спахапілася, глянула на мяне так ласкава, што я аж засаромеўся, і кажа:
— Ах ты, свіння нямытая, ты валацуга пракляты, я мела б труціць такога парсюка і адказваць за мужчыну?! Табе павылазілі лайдацкія слепакі, ці што? Ты не бачыш, што ідзе сафары (якраз адбывалася гэтая гонка) і пясок хмараю з-пад колаў ляціць у міску?
І я вымушаны быў прасіць у жонкі прабачэння за паклёп. Сафары вінавата.
1984 г.