Да сённяшняга фельетона загналі мяне цырульнікі. Вы, паважаныя чытачы, пэўна, думаеце, што я хлушу. Маўляў, цырульнікі не прымушаюць нікога сілай. О, тады яны вас яшчэ не давялі да шаленства. І спосаб у іх на пераўтварэнне вас у шалёнага вельмі просты. Не мандатам узбудзяць яны вашы нервы, не судовай валакітай. Прыдушаць яны вас звычайнай электрычнай машынкай.
Заўсёды хадзіў я падстрыгацца да адной пані. Хоць яе майстэрня IV катэгорыі і далёка ад майго дома, але ў яе ёсць добры густ: ведае, што каму пасуе.
На гэты раз я вельмі спяшаўся і забег у цырульню І катэгорыі, што ля майго дома. Чаргі не было. Я прывітаўся з цырульнікам, з якім быў ужо знаёмы (аднойчы "падраўняў" ён мне бакі, што левы быў вышэй вуха, а правы пасярэдзіне і людзі думалі, што ў мяне вушы выраслі фальшыва) і выбраў іншага "фахмана". Той пасадзіў мяне ў крэсла і спытаў: "Нізка, ці высока" Я сказаў: "Прашу нізенька".
Цырульнік расчасаў мае валасы на дзве роўненькія часткі з белай баразной пасярэдзіне галавы ды, узяўшы машыну, запусціў яе ў маю чупрыну. Пакуль я агледзеўся, машынка ўжо арудавала на сярэдзіне галавы.
— Пане майстар, — застагнаў я, я ж прасіў нізка!
— Стрыгу так, як кліент жадаў, — адказаў стрыгун.
Я спыніў дыскусію, спужаўся, што майстар выпусціць мяне з грыўкай над лбом. Вядома, можа знервавацца і дасць машынцы волю. Што будзе, то будзе — дасядзеў да канца.
Урэшце цырульнік зняў з мяне прасцінку, шчотачкай заглянуў за каўнерык ды сказаў:
— Гатова, дваццаць злотых!
Заплаціў я, падзякаваў, развітаўся і пайшоў дамоў. Прыходжу, а жонка гаворыць:
— Ого, вясна будзе!
— Якая вясна! — не скеміў я.
— Цяпер жа люты.
— Люты? — іранізуе жонка. А ты ж падстрыгся як на лета.
— Чорт іх ведае, гэтых цырульнікаў, — спавядаюся жонцы. — Хадзіў да майстра IV катэгорыі, усё было ў парадку. Думаў, што ўсюды "нізка" абазначае нізка. Аказваецца, у вышэйшых салонах усё наадварот.
— Ты прасіў "нізка"? — смяецца жонка.
— Ну.
— Не нукай, а прыпомні, як косяць траву на лонцы. "Нізка" — значыць, пад корань.
Прызнаў я жонцы рацыю і цяпер, яна мяне стрыжэ.
1980 г.