ПІРАЖКІ З МЯСАМ


Прыходзіць жонка дамоў і ад парога крычыць: — Есці!

— А чаго ж ты хацела б пад'есці, даражэнькая, каб насыціць жывоцік і даць задавальненне паднябенню?

Я гэта сказаў, бы тая ліса, што хацела варону ашукаць і сыр з'есці, значыць, з мілаю ўсмешкаю на вуснах і са злосцю ў сэрцы: маўляў, ведала, што нічога дома няма акрамя хлеба штодзённага (дай Божа, каб хоць не выйшаў) і вадзянога малака, якога нельга піць не перавараным: яно на малака-падобнай вадзе, у якой купаюцца качкі. Ведае, а крычыць "есці", бо думае, што калі яна сядзела восем гадзін на працы, то ў мяне здарылася нейкае цуда. Яна думае, што заўсёды людзі будуць несці шынкі ды каўбаскі, яйкі ды слоікі за выйграную справу ў судзе, за вадзіцельскія правы, за школу, лекара білет на ПКС і гэтак далей. Не, даражэнькая, думаю, калісьці так было, але на нашу бяду скончылася. Людзі прыходзяць з просьбай аб дапамозе ў розных справах, але ў замен прыносяць толькі абяцанкі. Вядома, абяцанкамі яшчэ ніхто не наеўся. Трэба мяса, а гэтага мужыкі шкадуюць, бо і скуп добра плаціць. Паабяцаюць цялянціны, справу дурань залатвіць, бо хоча жонцы дагадзіць, а ім сваю важнасць паказаць. Дастане дулю пад нос, аж закарэчыцца і зноў сядзіць ціха, пакуль нехта не прыедзе з новай абяцанкай. Так дні і бягуць, а тая: "есці".

Ну, дык вось гавару: — Што табе, каханая, даць на абед? А жонка: — Добры муж заўсёды падбаў бы, каб мець чым жонку пакарміць, а ты толькі пра "Ніву" думаеш, якая цябе патрабуе так як і я.

У мяне міна перамянілася з вясёлай у дурную ад таго ўдару, бо толькі цяпер даведаўся, як яна мяне "патрабуе". Мужчынскі гонар балюча закранула, але вось іменна мужчынскі гонар прымусіў мяне даказаць жонцы, што памыляецца ў маёй абыякавасці да яе. Змоўк я, апрануўся і пайшоў у магазін шукаць смачнае ежы на спознены абед. Бачу, у вялікай скрыні паміж марожанай гароднінай ляжаць нейкія піражкі ў фальёвых торбачках. Бяру ў рукі і чытаю: "Пірагі з мясам". Уцешыўся, нібы на сто каней сеў, прынёс дамоў аж дзве пачкі і гляджу на спосаб прыстаўлення, а там напісана: "Піражкі кідаць у кіпень так, каб не спыняць кіпення". Думаю: "Гэта ж прасцей простага". Укінуў у гаршчок пірагі, зварыў, вылажыў на талеркі, паліў не шкадуючы скваркамі і цыбуляй і з хітрай усмешкай да жонкі: — Калі ласка, дарагая, да стала.

Жонка глянула на мяне прыгожа і з мілай, ледзь прыкметнай усмешкай удзячнасці (а хто ведае, ці не сімпатыі). Узяла вілку ў правую ручку і націснула на найбольшы піражок (яна заўсёды з'ядае насам-перш тое, што найсмачнейшае).

З піражка прыснуў трускалкавы сок і абліў яе белую блузку.

1981 г.

Загрузка...