Я, як заўсёды, дурань прызнаўся жонцы ў тым, што даведаўся ў рэдакцыі. А даведаўся я, што яйкі адмоўна ўздзейнічаюць на хваробу, якая склерозам завецца. Жонка паслухала і адразу вывад з гэтага зрабіла: пачала інтэнсіўна карміць мяне яйкамі. На снеданне вараныя, на абед смажаныя, а на вячэру когель-могель. Усё для таго, каб выйшаў і не вярнуўся. Дабілася такога рэзультату, што хоць публікуй у навуковай літаратуры. Калі яшчэ пару гадоў таму назад я цэлымі тыднямі не памятаў, што ў мяне ёсць жонка, то цяпер яна кожны дзень перад маімі вачамі. О, напрыклад, учора! А мо гэта пазаўчора, або яшчэ даўней? Але хіба сёння — пасля кожнай паўгадзіны адпачынку на папяросу, зноў дабіраўся да яе, як нейкі малойчык. Спярша вельмі цешылася маімі дасягненнямі, але пад вечар дапіла рэшту кавы, абула туфлі...
— Куды ты йдзеш? — спытаў я са здзіўленнем. — То ж набліжаецца вечар?
— Вось іменна, — адказала жонка, — набліжаецца вечар і я павінна быць дома. Там муж чакае.
Пацалавала мяне горача, і толькі я яе бачыў.
"Божа, — падумаў я, — што яна мела на думцы, гаворачы, што мусіць быць дома?" Але чаго жанчына не выдумае — махнуў рукой і ўключыў тэлевізар. Аглядаю сабе цырк, бадай цырк, бо Ганна і Антоні Гуцвінскія кракадзіла ды папугаяў паказвалі. Аж тут званок у пярэднім пакоі як засвішча!
— Каго там зноў прынясло ліха, ідзі адчыні, бо аглохну! — крычу ў другі пакой, дзе паводле мяне павінна быць мая старая, а сам баюся, што кракадзіл нырне ў ваду і больш яго не ўбачу. Але жонка з пакою не выходзіць , а званок усё даўжэй і зласней свішча. Адчыняю дзверы...
— Божа, адкуль ты ўзялася ў гарсонцы і, з парасонам, ты ж толькі што выбегла ў адной сукенцы?! І наогул, куды ты выходзіла?
— Што ты пляцеш, стары склеротык, ты ж добра ведаеш, што я сёння рана паехала ў Міхалова да сястры, каб табе пчалінага кіту дастаць.
— Якога кіту, што ты гаворыш?! То ж не далей, як паўгадзіны таму называла ты мяне Дон Жуанам і цалавала, як ашалелая!
— Што? Паўгадзіны таму то я ехала, а да цалавання то ты ўжо не надаешся пяць год!
Госпадзі, чаго тая жанчына ад мяне хоча? — задумаўся я.
— Цэлы дзень у пяшчотах, аж да сёмага поту, а ёй яшчэ мала?
— Даражэнькая мая, а ў колькі паехала ты ў Міхалова? Пры тым, чаму паехала ў сукенцы, а прыехала ў гарсонцы? Што, у сястры трымаеш вопратку, каб муж не прапіў?!
— О, бачыце, знайшоўся муж, які гарэлку п'е, — заўважыла жонка іранічна і дадала, каб ашарашыць мяне дарэшты:
— Ты такі самы да піцця, як і да кахання!
І пайшла ў ванную. Я далей гладзеў, як адзін армянін вучыў замежных гасцей па канаце хадзіць. Не толькі хадзіць, і ляжаць выцягнуўшыся, і ў крэсле сядзець. Я часам за сталом з крэсла падаю...
Выскачыла жонка з ваннай і шлёпае мяне па галаве нейкаю анучкай, ды пытае, што гэта?!
— Пакажы, — гавару? — чаго ты шуміш?
— Шумлю, а што гэта такое?!
— Майткі, — гавару.
— А чые ж гэта майткі, каб ты здох!
— Твае, каб ты здаровая была!
А сам здагадваюся ў чым справа. Урэшце прыпомніў, што сапраўды жонка раніцай паехала ў Міхалова. Зрэшты, прыпомніў я таксама, што меў пісаць аб яйках і пеўнях. Але хай ужо будзе, што напісаў, бо ж мне не хапае больш месца ў "Ніве".
Да пабачэння ў мяне! Толькі дзе я жыву? Забыў.
1985 г.