Валянцін Семянюк заклікаў гараджан да дапамогі сялянам у палявых працах. Такія заклікі гучаць кожны год. Я таксама калісьці, набраўшыся аптымізму, заклікаў да жніва. Але не дачакаўся водгуку, колькі гараджан і дзе працавалі. Мусіць, мой заклік ўпаў не на той грунт і не запусціў карэння. З заклікам В. Семенюка падобна.
Прачытаўшы насмешку М. адносна закліку В. Семенюка, мне стала сорамна, што людзі не імкнуцца землякам на выручку, і вы-рашыў крыху сябе апраўдаць. Але як гэта было — праз момант. Перад гэтым хачу сказаць пару слоў, як я бачу справу працы на вёсцы і каб не разводзіцца, заўважу коратка: калгасы! Калектыўныя гаспадаркі з поўнай тэхнікай, з адпаведнымі ўгнаеннямі, так званай аграрнай культурай, дадуць дзяржаве больш карысці, а сялянам лягчэйшае жыццё, хоць, можа, крыху менш багацця.
Пакуль што сяляне маюць усяго ўдосталь, але і працы па горла. Не падабаецца мне палітыка ўрада адносна пенсіі. На мой погляд, пенсію павінен атрымоўваць толькі той, хто здасць землю дзяржаве, а не той, хто перапіша яе на сына. У такім выпадку сын становіцца ўладальнікам, а бацькі памочнікамі. Працуюць, як працавалі, ды яшчэ дзяржава мусіць ім плаціць пенсію, не заўсёды заслужаную, бо сын, ка-лі захоча, то прадасць дзяржаве збожжа, а не захоча, то не прадасць.
Адным словам, на вёсцы справа не ўпарадкавана і да таго часу Польшча будзе купляць хлеб, пакуль цвёрда не паставіць на калектывізацыю. Тады твая, яго і мая дапамога з ласкі не будзе патрэбнай.
Але пакуль да гэтага дойдзе, паехаў я памагаць малаціць. Каб быць лепшым і больш прадукцыйным, узяў з сабою жонку.
У пятніцу, перад вольнай суботай, калі мы мелі ехаць малаціць, жонка накруціла валасы, выкупалася, зрабіла манікюр, нібы на фэст выбралася. Яна ўжо забылася, як на вёсцы працуюць. Думала, што заедзем да гаспадара, сядзем за стол і будзем ласавацца баравінкай, а камбайн толькі фюкне — і гатова. Я маўчаў, бо і сам думаў што тэхніка не такая, як калісьці, перад вайною, калі я цэлы дзень падаваў снапы і памарозіў рукі, што пасля гнілі месяцамі. Цяпер думаў, заедзем, пару гадзін пагрукацім — і шабаш. Да абеду змалоцім, пасля пап'ём, паспяваем у нядзелю назбіраем зялёнак і, як людзі, вернемся дамоў, каб грыбы давесці да парадку.
У суботу ўсталі ў чатыры гадзіны, а ў пяць выехалі сваёю "Сірэннаю", да мэты даехалі ў шэсць. На панадворку стаялі ўжо два самаходы, якімі прыехалі іншыя малацільшчыкі. Уцешыўся, што прыехала дадатковая сіла: "О, цяпер то дамо па рабоце, а то няма каму падаваць каманду!"
— Каманду? Навошта ж пры малацьбе каманда? — пытаю.
— А як без каманды разам возьмеш цяжар? — засмяяўся Коля.
Я не зразумеў, у чым справа і пайшоў прывітацца з гаспадарамі:
— Ну як, ужо ўсё гатова? — пытаю гаспадара.
— Усё, — адказвае, — толькі зараз пойдзем прывязем з кулка машыну.
Мы яе не везлі, вёз трактар, бо каб прыцягнуць такую гаргару на пару сот метраў, трэба было б не ведаю колькі чалавек. Малацілка мае ўсяго адно кола, а тры фельгі "абутыя" ў шыны — лапці. На панадворак неяк уцягнуў, але да клуні, на ток трэба было ўпіхаць чалавечаю сілай. Вось тут прыдаліся кожныя рукі, ручкі і ручонкі, ды мая каманда: "Раз-два, ўзялі!"
З праклёнамі і рогатам увалаклі мы неяк гэтую бяду-малацілку на ток, ды з палёгкай уздыхнулі, але адпачываць не селі. Некаторыя пазавівалі параненыя рукі, а я дручком ледзь хрыбта не зламаў, бо на каманду "раз-два, ўзялі!" усе мы дручкі паднялі, але і ўсе хутчэй ад мяне пусцілі. Машына ападаючы, прыціснула на мой дручок, а той мяне на калена паставіў. Мне балела, а іншыя смяяліся. Так ужо бывае, калі вясёлы калектыў і з ахвотаю працуе.
Коля ўзлез на малацілку, агледзеў яе і да кагосьці крыкнуў:
— А дзе сіта да аўса і жыта?! Хлопец з Юшкавага Груда які прыехаў памагаць як фаховая сіла, адказаў, што ў кулку няма розніцы між аўсом і жытам — тут сіты адны і на лён.
Раптам каманда:
— Па месцах!
Усе работнікі, нібы найлепшыя ваякі маладога прызыву, сталі на свае месца (адкуль ведалі?). Так спраўна і без крыку кожны заняў сваё месца, што пакуль я скумекаў, у чым справа, астаўся сам да нашэння саломы. Я гэтага і хацеў, бо што выпрабаванаму хадзіць па гумне, то не адбіраць ад рашоткі і вязаць снапы. Гэта рабіла мая жонка, яе сястра Аня, гадспадарова швагерка, вязала найлепш, хлапец з Юшкавага Груда і гаспадар з гаспадыняю на-перамен, бо мелі кучу іншых спраў. Пры гэтым да абавязку хлопца з Юшкавага Груда, гаспадыні і майго належала безупынна насіць ваду са студні, бо матор ропу еў, а ваду піў, як смок. Вядро на мінуту. Калі ўжо пацямнела, то ўсе ўдавалі, што забылі пра "смока", бо задзень ухадзіліся, то я мусіў сам таптаць з-пад пуні пад хату і назад з поўнымі вёдрамі, акрамя нашэння саломы. Малацілі мы ад узыходу сонца да захаду месяца. Аня ўжо не магла вытрымаць, хоць яна моцная і здаровая. У тракце вязання снапа зрабілася ёй горача і пачула, што сэрца замірае. Прыйшла да хаты, прыняла валідол, паляжала, пакуль ён пад языкам распусціўся, і зноў прыйшла малаціць. Ніхто нават і не заўважыў яе адсутнасці, акрамя мяне. Я заўважыў, бо ўжо даўно хацеў ёй блузку парасшпіляць, а цяпер такая магчымасць пабыць у хаце сам-на-сам...
Пры вячэры ўсе войкалі і вохкалі над сваімі болямі, але найбольш здзіўляліся мне, шкадавалі: як я вытрымаў перанасіць столькі саломы, вады і яшчэ дапільнаваць Аню, каб сэрца не астанавілася.
Пасля афіцыйнае вячэры Павел з жонкаю пайшоў дадому прыстаўляцца да заўтрашняга вяселля, а я з жонкаю спаць, а гаспадары мусілі сядзець, бо маладым хацелася выпіць. Яны гаманілі, а мы мучыліся, бо косці ламала, а спаць не давалі.
У нядзелю, замест таго, каб ісці па грыбы, трэба было насіць салому да пуні.
Панасіўшы салому, мы з жонкаю пайшлі адведаць братаву Олю, якая абдаравала нас пасткамі з дыні і макам.
Пасля абеду, кульгаючы на ўсе ногі і войкаючы ад болю рук, паясніцы і галавы, рабочыя параз'язджаліся па дамах, узяўшы з сабою вялікую ўдзячнасць гаспадароў. Такім людзям не шкада і мазольнае, цяжкае працы. Яны на нос падалі, а стараліся, каб нам дагадзіць.
XX век, а людзі працуюць таксама цяжка, як на другой сусветнай, а здароўе ўжо не тое ды тэхніка варта плачу і смеху, бо цяжка сабе ўявіць, каб "кулка" не мела насосу для пампавання кол.
Слава ўсялякай працы
Слава кожнай каплі поту,
Але з гэтай тэхнікай
Будзе ляжаць работа...
на лапатках.
1983 г.