АСТРОН


Дарагі Астроне!

Звяртаюся да цябе як да Астрона-мужчыны, але мо павінен сказаць: дарагая Астрон? Не, не! Не таму, што хачу быць дасціпным і "раскусіць" твой пол. Барані Божа — меў бы зубы паламаны!. А проста таму, што апошняй ноччу ты мне прысніўся, мо лепш сказаць з'явіўся, у выглядзе прыгожай, ды на дадатак з сексам, жанчыны. А вось і сам сон.

Прыходжу я ў рэдакцыю "Нівы" з нейкімі намаляванымі анекдотамі. Літары гэтых анекдотаў — проста рознаколерныя кветачкі. Там былі зайчыкі, пчолкі, мушкі... Пад зайчыкам напісана (было): "Конь кааператыву сельскагаспадарчых гурткоў".

Я проста не ведаў, што гэты анекдот з зайчыкам можа значыць у кантэксце гумару, і зайшоў іменна туды, дзе ўсё ведаюць, каб растлумачылі. І тут вось, накіравалі мяне да Астрона, якім аказался жанчына, мне знаёмая, але толькі знаёмая, больш нічога. Тым часам Вы, дарагая Астрон, замест растлумачыць мне сэнс намаляваных кветкамі анекдотаў, пачалі прасіць, каб я памог Вам уладзіць аліменты.

Я ў сваёй нераздумнасці, як заўсёды, крыкнуў: "Аліменты я буду плаціць". Пасля злякаўся і прачнуўся, увесь мокры.

Гэта было пару тыдняў таму назад, а я і па сённяшні дзень не чую голасу жонкі, якая паверыла, бо чула, у мой крык.

У сувязі з тым насоўваецца ў маю бедную галаву мноства пытанняў, але я задам толькі адно: Астроне, сны ты адгадваць умееш, а адгадай, калі ласка, што будзе, калі кіне мяне жонка праз твае аліменты?

Твой Вася

Ну, ты ж мяне, браце Васька, і напужаў. Праўда, чуў я недзе, што на Захадзе цяпер сталася вельмі моднай перамена полу. З роскашы людзі бесяцца, але каб так, у белы дзень мяне, старэчу абражаць?! Ты, брат, на сон не спасылайся, а сваю варожую акцыю адразу выяві. Мо мяне з пасады Астрона хочаш скінуць, у бабу пераўтварыўшы? Тады скажы праўду. Сораму ты, Вася, не маеш...

Але няхай ужо табе будзе. Мо і праўда, што табе такая бязглуздзіца прыснілася, што Астрон гэта баба і ты будзеш ёй плаціць аліменты. Але навошта зноў так крычаць пры жонцы?!

Э-гэ-гэ, Васька, штось у цябе з гэтымі справамі не ў парадку калі, крыкнуўшы, так злякаўся, што прачнуўся, увесь мокры. Глядзі, мо дзе з аліментамі залягаеш, ды жонка аб гэтым нічога не ведае. Твае паводзіны гавораць за гэта.

З усяго сказанага выпадае, калі кіне цябе жонка, дык праз твае а не Астронавы аліменты. Астрон, хоць і старэча ўжо, але свае аліменты плаціць ганарова: дакладна і ў тэрміне. Гэтаму навучылі яго яшчэ ў маладосці.

Астрон

1985 г.

Загрузка...