АДВУЧЫЛІ


З вялізарнай прыемнасцю і зацікаўленнем чытаў я адгалоскі Дзеда Кастуся, прысвечаныя паэзіі "белавежцаў", якія былі надрукаваны в 29 нумары "Нівы", што выйшла ў свет 21 ліпеня 1985 года.

Дзед Кастусь на пачатку скардзіцца, што замалая адукацыя ягоная не дазваляе яму напісаць рэцэнзію на творчасць "белавежцаў", але на мой погляд: талент і ўменне глядзець на справу перавышае недахоп адукацыі Дзеда Кастуся. Хвала яму за гэта, але я сёння не аб таленавітасці Дзеда Кастуся хачу пісаць. Ён у сваім выказванні проста паддаў мне думку, каб падзяліцца з чытачамі сваім горам, якое на маю бяду прынесла цывілізацыя ў выглядзе электронікі, дэцыбелаў і іншага дзікага візгу. Ды яшчэ нідзе нельга напісаць, бо цябе зробяць дурным-дурненькім дурнем, бо цяперашняя музыка гэта ж музыка высокародных, моцных і з шырокім кругаглядам людзей, ды і канонам з'яўляецца. Я аднойчы не вытрымаў і пазваніў у рэдакцыю Польскага радыё ў Беластоку ды паскардзіўся, што не магу ўжо слухаць гэтых пастаянных візгаў, якія аж у мазгі колюць, а хацелася б радыё паслухаць, бо мо нешта цікавага дзеецца ў нашым рэгіёне. І, па-другое, ці нельга было б даць крыху і іншай музыкі акрамя англійскіх верашчанняў?

У радыё мне адказалі, што гэткая музыка з'яўляецца канонам нашай радыёвяшчальнай станцыі. Гэта ж абсурд, бо беластоцкае радыё слухае і крыху палякаў, і крыху беларусаў, а не толькі англічане. Прытым гэта радыё слухаюць не толькі адны снобы. Аднак, як паказвае сітуацыя, для рэдакцыі даражэйшы адзін сноб, чым група сталых, парадачных людзей, якія хацелі б паслухаць часам танга, вальс, народную песню, хаця б папалам з візгамі наркаманаў.

Дзед Кастусь, ды і не толькі ён, бо многа старэйшых людзей, памятае, што ў пяцідзесятыя гады маскоўскае радыё перадавала канцэрты па просьбе польскіх радыёслухачоў у 15 гадзін кожнае нядзелі. А я быў такім іх прыхільнікам, што мяне нідзе і нішто не магло ўтрымаць, каб не пабегчы дадому і не паслухаць. Я тады жыў у Варшаве. Калі меў свабодную нядзелю і з сям'ёй паехаў на Віслу, то ўсё роўна перад канцэртам пёр дамоў і цягнуў за сабою сям'ю. Спярша жонка-полька не магла мяне зразумець, а пасля і сама хацела слухаць, бо пачула смак гэтых мелодый. І я любіў слухаць кожную музыку, аж пакуль у Беластоку не сустрэўся са Станам Барысам. Сатана падкусіла мяне пайсці на гэты канцэрт. Атрымаў я месца ў першым радзе пасярэдзіне, як нейкі прынц. Перад выступленнем Стана Барыса адбываўся конкурс на правы дарожнага руху і мяне выбралі старшынёй журы. Кончыўся конкурс, я раздаў узнагароды і зноў заняў сваё "ганаровае" месца, чакаючы на канцэрт. Бачу, уводзяць грамадныя калоны, абставілі імі ўсю сцэну і абматалі правадамі, а пасля ўвайшоў на сцэну артыст з групай акампаніятараў. Божа, як пачалі біць у бубны, як пачалі, верашчаць на ўсе магчымыя і немагчымыя галасы, то Стана Барыса гледачы толькі бачылі, а не чулі. У мяне сэрца перлася чагосьці пад горла, лёгкія дрыжэлі, язык вылазіў на бараду, а зубы чахалі. Хацеў усё кінуць і пайсці, але ж не гонар — людзі скажуць, што некультурны. Апух я, але дасядзеў да канца, абяцаючы сабе, што больш ніхто мяне не загоніць на падобны спектакль. І не пайшоў, ды і радыё выключаў. Але ж глядзі, аднаго разу, не так даўно прыехаў ў Беласток калектыў песні і танца з беларускага калгаса "Прагрэс". Гэты калектыў спяваў цудоўна, але прыбывалі яму беластоцкія музыканты з магнітафоннай стужкі. Гледачы, адным словам, публіка, паўпіхалі пальцы ў вушы і нейк да перапынку вытрымалі.

Ад таго часу я "пераношу" ўсяго толькі дзве песні: беларускую "Ой рэчанька, рэчанька" і ўкраінскую "Нэсэ Галя воду" і то толькі ў сваім выкананні. Вось, як мяне сучасная музыка адвучыла ад культуры. А паспрабуйце напішыце!

1981 г.

Загрузка...