7.

Вядома, я яму напісаў. Як заўжды, уначы. Напісаў, каб ён не прымаў блізка да сэрца тое, што я яму панарасказваў, што я проста выпіў лішняга, а алькаголь на мяне няправільна дзейнічае. На бальбуце мой ліст выглядаў дзікавата: як высьветлілася, гэтая мова ня надта добра пачуваецца ў апраўданьнях. Увесь час даводзіцца хаваць простыя словы за складанымі апісаньнямі таго, што хочаш сказаць, і ў выніку любое выказваньне нагадвае квяцісты падман. Вось і скажы пасьля гэтага, што бальбута — прымітыўны арганізм. І хоць ніхто мне такога пакуль што не казаў, я апантана ўвязаўся ў спрэчку з гэтым нікім. Бальбута раскручвалася, як спружына — ужо амаль без майго ўдзелу.

Зрэшты, я не для гэтага яе ствараў, ня дзеля апраўданьняў — проста лепш не ствараць такіх сытуацыяў, пераконваў я сябе. Трэба жыць так, як падказвае бальбута, а не наадварот. Ісьці за мовай, каб яна вывела да простасьці і шчырасьці.

Вядома, я напісаў Козьліку. А потым напісаў яму яшчэ і яшчэ. Ён адказваў практычна адразу ж — такое адчуваньне, што ён толькі тым у жыцьці і займаўся цяпер, што чакаў маіх паведамленьняў і кідаўся пісаць адказы. Неяк мы зноў сустрэліся і доўга гулялі каля Белай Вежы, абмяркоўваючы нашую бальбуту і прыкладваючы яе да самых розных рэчаў і зьяваў, кумекаючы ды камечачы яе просты і адначасова такі складаны слоўнік. Часам мы сьмяяліся, разыгрываючы сцэнкі: напрыклад, візыт бальбутаніна ў раённую паліклініку, або прамова Лукашэнкі на бальбуце ў Дзень работніка жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Часам спыняліся і ўзрушана чыталі адзін аднаму вершы на бальбуце — пераклады любімых паэтаў. Часам прыкідваліся турыстамі з Бальбуты, заходзі­лі ў паўпус­тую краму і пачыналі прыцэньвацца да якіх-­не­будзь зьвяроў з саломкі, балбочачы па-свойму. Нам верылі. Нязьменна верылі. Цярпліва тлумачылі, пакутліва ўспаміналі ангельскую, рабілі знакі пашаны — і амаль ніхто так і не спытаўся, адкуль мы. Легкаверныя belarusutika, як жа мала вы ведаеце пра сьвет, пра тых, хто жыве сярод вас, і якую ж хваравітую балючую павагу маеце да ўсяго чу­жога.

Лета мінула, выгарала, выкіпела, прабулькала ў такой вось бальбуце, гэтым імклівым летам Козьлік упершыню нікуды не паехаў. Мы так і праседзелі ў горадзе, прывучаючы яго да гукаў новае мовы. З чырвонага радка пачалася восень — і вось у нейкі цёплы дзень мы з Козьлікам пайшлі па праспэкце, захоплена разважаючы пра слоўнік. Карані бальбуты, злучаныя ў мностве камбінацый, давалі нам такую прастору для дзейнасьці, што мы вырашылі падзяліць нашую працу і распраектаваць яе на некалькі гадоў. Козьлік браў на сябе распрацоўку лексыкі мэдычнай, транспартнай, юрыдычнай, сельскагаспадарчай, эканамічнай і спартовай. Я — лінгвістыку, гісторыю, палітыку, кулінарыю, мэдыі і мастацтва. Літаратуру ніхто не хацеў аддаваць — і мы вырашылі займацца ёй разам. Перад намі адкрываліся такія пэрспэктывы, такія бяскрайнія палі для экспэрымэнтаў, што мы не зьвярталі ўвагі на тое, дзе мы і хто мы. Мы нават дарогу некалькі разоў на чырвонае сьвятло перайшлі, учынак для вышкаленага Менску нечуваны, але нам пашанцавала, ніхто нас не спыніў і ніхто не размазаў па асфальце. Узбуджана махаючы рукамі, мы дайшлі да станцыі мэтро “Маскоўская” і толькі там ачунялі. Зьелі па піражку, седзячы на бардзюры, памаўчалі, уражаныя задумай. Пакрысе размова разгарэлася зноў — выкалупваючы языком мяса з зубоў, я ішоў наперад і нараджаў на хаду новыя словы бальбуты, і адначасова слухаў Козьліка, які таксама быў сам ня свой. Так мы дайшлі ажно да Барысаўскага тракту, перасеклі кальцавую, спусьціліся з горкі...

“Дарэчы, я тут зусім блізка жыву”, — сказаў раптам Козьлік, нібы мімаходзь.

Я якраз дазволіў сабе невялікую мрою: зараз бы сшытак агульны, такі, як у дзяцінстве, школьны тоўсты сшытак, так хочацца запісваць, што аж моцы няма. Ноўтбук я з сабой ня браў, не хацелася зь ім цягацца. А са сшыткам пасядзець у цені — самае тое. І тут Козьлік і сказаў тое, чаго я зусім не чакаў пачуць.

“Так, зусім блізка, хвілін дзесяць адсюль”.

І падміргнуў мне няўмела, абодвума вачамі.

“Можам да мяне зайсьці, у мяне чыстых сшыткаў хапае, маці прыносіць з працы. Пасядзім, піва пап’ем халоднага”.

Сам ня ведаю, чаму я пагадзіўся. Чаму даў яму павесьці за сабой, у пераход, а потым у двары, па сьцежцы, вытаптанай сярод шматпавярховікаў.

“А бацькі? Супраць ня будуць? Ты ж з бацькамі жывеш?” — спытаў я глуха, калі мы агіналі агромністы дзіцячы садок, драцяная агароджа якога ніяк не сканчалася. З таго боку агароджы за намі сачыў вартаўнік, а мо і дворнік — высахлы дзед ці то з ломам, ці то зь дзержаком ад лапаты.

“Яны на працы, яшчэ ж толькі чатыры, а яны а шостай канчаюць”.

Козьлік спрытна пераступаў праз кучы нейкага будаўнічага друзу, а я ледзь перастаўляў ногі. Нешта нядобрае лунала ў паветры, стомленым, стаячым, дзесьці ніяк не маглі завесьці машыну — і шум рухавіка гучаў, як воплескі вялікай канцэртнай залі. Дворнік перамяшчаўся ўздоўж агароджы, не адстаючы ад нас — я паскорыў хаду, каб ён нарэшце апынуўся за сьпінай, і Козьлік зьдзіўлена нагнаў мяне каля пад’езду.

“Не сюды”, — мякка сказаў ён.

“Верачка!” — крыкнуў нехта з балькона.

Мы нырнулі ў нейкую арку і выйшлі ў шырокі двор.

“Тут я і жыву”.

Мы падняліся на невядома які паверх. Я зусім ня ведаў, што гэта за вуліца і як дайсьці да мэтро. Козьлік адчыніў дзьверы, за якімі была каморка з чатырма дзьвярамі, у якой стаяў той самы ровар. Нахіліўся, даў мне тапкі.

“Праходзьце”.

Калідор напоўніўся пахам майго поту. Кватэра шамацела шырмачкамі, фіранкамі, гардзінкамі, жалюзі, утульнае жытло сям’і з трох чалавек. Двухпакаёўка з выглядам на школьны стадыён. Козьлік пасадзіў мяне на канапу — пругкую, чыс­тую, засланую нечым такім прыемным на дотык, што я адразу ж схапіўся за тканіну і пачаў перабіраць, мацаць, круціць на пальцы ніткі. Нібы хатнюю жывёлу песьціў, уціраўся ў давер.

Ён паказаў мне свае багацьці. Тое, што прывозіў са сваіх азіяцкіх падарожжаў. Нейкія сьмярдзючыя, усе ў адбітках тлустых пальцаў, барабаны, вырваныя з дагістарычных кніг старонкі з напаўсьцёртай вязьзю, пэўне ж, падробка... Нейкія ржавыя нажы з мудрагелістымі тронкамі, выцьвілыя фота невядомых кінаакторак з вусікамі над пульхнымі вуснамі...

Я без асаблівай цікавасьці разглядваў ягоныя скарбы. Ён прынёс піва, запытальна паказаў на паліцы з кнігамі:

“Калі вам цікава, бярыце, гартайце, магу нешта даць пачытаць... Бацькам даўно гэта ўсё ня трэба”.

Я думаў адмовіцца, але волю маю як паралізавала. Узяў зь ягоных гладкіх, як калені, рук нешта — ага, чытаў, і яшчэ нешта — таксама чытаў. Вядома, ён пахваліўся Піперскім — “От эсперанто до дотракийского”, у яго яна была на паперы, гэтая запаветная кніжка, а я спампаваў яе на Флібусьце і чытаў з ноўта — ну, ладна, кніжка была файная, але пакінула лёгкае расчараваньне, бо занадта хутка скончылася, мне было мала, Піперскі як Піперскі.

“А па канлангах?”

“Конлянгі тут”, — ён нахіліўся, футболка задралася, выглянуў азадак. У яго цэлая паліца, самая ніжняя, была ўся пра канлангі — на розных мовах, але ён шчыра прызнаўся, што паловы яшчэ не прачытаў:

“Я марудна чытаю. І, ведаеце, калі я пачаў бальбуту — ні пра што іншае не магу думаць”.

Сярод кніг я заўважыў тоўсты альбом у шыкоўным пераплёце, ляніва пацягнуўся, Козьлік зрабіў ледзь прыкметны рух, гэта быў нават ня рух, а нейкая стрэлка магчымай сутаргі, але я адзначыў — ён пратэставаў. Стрымаўся, каб не паказаць. Зацікаўлены, я схапіў кнігу і расклаў на каленях.

“Гэта бацькоўскае”, — сказаў Козьлік незадаволена.

Альбом быў і праўда шыкоўны. У ім была парнаграфія — ды якая. На тоўстай і шляхетнай паперы, старонка за старонкай, адна і тая самая жанчына займалася любоўнымі ўцехамі са сваім сабакам — тонкім і мускулістым догам, ва ўсіх магчымых позах, у раскошнай атмасфэры арыстакратычнага дому пачатку дваццатага стагодзьдзя. Фрызура жанчыны ўвесь час зьмянялася, таму я не адразу ўцяміў, што на ўсіх малюнках выяўленая менавіта яна: то ў раскіданых сьветлых кудзерах, то з хлапчуковай стрыжкай, то наогул з выгаленай галавою, то надзеўшы віктарыянскі парык яна аддавалася свайму догу з чалавечымі вачамі, і толькі валасы ў яе паміж ног заставаліся нязьменна густымі, выпісанымі старанна і таленавіта, і намаляванымі кожны раз так, каб глядач бачыў усе падрабязнасьці яе ўлоньня. Я адчуў, што ўзбудзіўся, пад альбомам, што ляжаў у мяне на каленях, расло тое, што ніяк ня сьпішаш з рахункаў. Мне захацелася мець гэтую кнігу — калі схаваць яе ад Верачкі, можна было б дарыць сабе час ад часу такія імгненьні, што можна было калекцыянаваць. Ніякае порна ў інтэрнэце не магло параўнацца з тым, што я тут пабачыў.

Я трымаў альбом на каленях менш за хвіліну, а ўжо меў у ім любімыя карцінкі.

“Бацькі, я бачу, у цябе досыць лібэральныя”, — хрыпата і неяк зьдзекліва прамовіў я, паклаўшы рукі на альбом. Мне не хацелася, каб у словах быў хаця б цень зьдзеку, але нешта двухсэнсоўнае павісла ў паветры.

Бедны Козьлік сумна глядзеў на лямпу, што тырчала проста са сьцяны над маёй галавой. Відаць, тут ягоныя бацькі ўвечары сядзяць і п’юць гарбату. А мо віно. Культурныя людзі, бацькі культурнага сына. Вырасьце — супакоіцца. Галоўнае — менш ціснуць і нічога не забараняць.

“Гэта падарунак ад адной знаёмай, — неахвотна сказаў Козьлік, а рукі прасілі: аддайце. Вялікія рукі. Яму не пасуюць. Козьлік дробненькі. — Я ня ведаю, чаму вам пра бацькоў сказаў. Яны з гэтых паліцаў не бяруць нічога. Яны наогул кніг не чытаюць. Ім нецікава”.

“Ясна, — я яшчэ мацней прыціснуў да сябе альбом. — Дарэчы, ведаеш, як на бальбуце можна сказаць: сэкс? Здагадайся. Як сэкс на тваёй бальбуце? Ну, Козьліку, давай”.

“Pajuta... Duzu pajuta... — сказаў ён нерашуча. — Du­zuta pajutima. Прыгожа атрымалася, па-мойму...”

“Добра, а грубей, — пасьпешліва спытаў я. — Грубы сэкс? Але добры, жарсны! Як ты скажаш?”

“Takuzu pajuta... Taku mau pajuta... — казаў ён, і вочы ягоныя раптам асьвяціліся нейкім пакутлівым агнём. — Strilo u prugoje. Чорт. Вы і праўда геній. Так музычна і не... Непрыстойна... Насамрэч як карцінку бачыш...”

Задаволены сабой, я драпежна ўсьміхнуўся. Я хацеў яго яшчэ трошкі памучыць. Але тое, што расло пад раскладзеным альбомам, ня думала чэзнуць. Я быў напружаны і ўзбуджаны — на шчасьце, Козьлік ня бачыў, як падрыгваў пад маімі рукамі альбом.

“А зараз скажы “мастурбацыя”... Ну, давай, гэта лёгка!” — мяне забаўляла, як ён танчыць перада мной, намацвае стол сваімі няўклюднымі пальцамі.

“Sabaupajuta... Sabauduzuta pajutima...”

“Нецікава, — укалоў я яго. — Занадта проста. Фантазія, дзе фантазія, Козьліку?”

“Irukuta pajutima”, — сказаў ён і пакрыўся плямамі.

“Добра... — я ўзяў прынесенае ім піва. — А калі, напрыклад...”

“Я вам сшытак прынёс, можа, запішам тое, што я прыдумаў?” — Козьлік сеў каля мяне. Так ён сядзіць каля бацькі. У тыя вечары, калі ўся сям’я ў зборы і па тэлевізары ёсьць нешта цікавае. Пра жаночыя фрызуры сто гадоў таму і ролю сабакаў у цырульніцкім мастацтве.

“Так, давай”, — я так і не аддаў яму альбом. І тады ён паклаў на адкрытую старонку сваю руку.

“Вы, канечне, заўважылі... Тут унізе вершы...”

“Вершы?”

І праўда, захоплены пякучымі карцінкамі, я нават увагі не зьвярнуў, што ўнізе кожнай старонкі файным шрыфтам парыскіх афішаў былі надрукаваныя кароткія чатырохрадкоўі.

“Гэта на якой мове?”

“Ня ведаю, — Козьлік нецярпліва прагартаў пусты сшытак. — І ніхто ня ведае. Іх аўтарка — на гэтых карцінках. Гэтыя вершы напісала яна, у 1901-м, апісваючы свае адчуваньні. На мове, якую выдумала сама. Але ніхто так і ня здолеў прачытаць. Франсуаза Дарлён. Так яе звалі. Загадкавы праект быў у кабеты. Я спрабаваў зразумець, некалькі гадоў таму, але нічога ня выйшла. Я проста не магу намацаць сувязяў. Ніякія мэтады не працуюць”.

“Здаецца, я ведаю, у чым рэч, — сказаў я, разгляд­ваючы надпісы. — Гэтыя словы ня маюць сэнсу”.

Козьлік паглядзеў на мяне з сумневам.

“Дакладней, маюць, вядома. Калі б ты быў жанчынай і займаўся тым, чым яна на карцінках, ты таксама мог бы напісаць нешта падобнае. Гэта мова яе вульвы, якую лашчыць сабака. Ты маеш вульву? А клітар? А сабаку? Таму ты і не разумееш. І я таксама. Калі б у нас была знаёмая, якая... Магчыма, яна зразумела б, пра што пісала Франсуаза Дарлён”.

Ён нарэшце забраў у мяне альбом і таропка паставіў яго назад.

“Такое тлумачэньне... Ніколі не прыходзіла мне ў галаву...” — прамармытаў ён, уздыхнуў, зрабіў вялікі глыток піва і з палёгкай адкінуўся на сьпінку канапы.

Мы ўзялі ягоныя чыстыя агульныя сшыткі, схапілі кожны па асадцы і падазрона паглядзелі адзін на аднаго. А потым кінуліся пісаць, як па камандзе. І ўсё ж хутка я выдыхнуўся. Ці зрабіў выгляд, што выдыхнуўся. Таму што мае пальцы, пакінуўшы сыраватыя ад поту тапкі, ужо даўно поўзалі па дыване пад нагамі, і дурныя думкі падымаліся ад падлогі Козьлікавай кватэры, ачмураючы мне галаву.

Вось тут я пабудаваў бы папяровы горад. Тут, у засені бамбукавай фіранкі, за якой пачынаецца калідор. А вось тут, пад фатэлем, была б выдатная пячора. Дзе можна было б разьмясьціць войска на выпадак нападу. З таго боку дывана цяжка аца­ніць ягоную шматлікасьць. А вось тут, на выгіне канапы, быў бы сьвятарны ўзгорак. І яны прыхо­дзілі б сюды маліцца перад бітвай, мае воі. Зялёны ўчастак пад таршэрам — гэта лес, куды я выправіў бы свайго галоўнага героя. А там, дзе дыван сканчаецца і пачынаецца роўнядзь лямінату — там мора... І на краі дывана, дзе жоўтыя палосы, я збудаваў бы порт. І караблі плылі б у кухню, здабываць там золата, срэбра, шоўк... Тут, у гэтай краіне, жылі б папяровыя людзі, тут гучала б бальбута, ад краю да краю... Папрасіць бы ў Козьліка нажніцы — і рэзаць, рэзаць паперу, множачы народы, мовы, звычаі, памкненьні, увасабляць усё тое, што не ўдалося, ня выйшла, усё тое, дзе я схібіў...

Але нельга. Трэба гнаць ад сябе дурныя думкі — заставацца па гэты бок мяжы.

Ну калі ласка.

Зусім маленькі кампраміс.

“Сьпіна баліць, — працадзіў я, скрывіўшыся. — Хто куды, а я на падлогу”.

І, не чакаючы Козьлікавай рэакцыі, я з асалодаю споўз на дыван, лёг на яго бокам, падпёршы рукой галаву. Як нічога ніякага я ляжаў і пісаў у агульным сшытку словы бальбуты і адчуваў, як рука пачала дранцьвець. Я ўдыхаў пах дывана, заляжалага пылу, далёкі водар сродку для мыцьця лямінату — і ведаў, што Козьлік здасца хутчэй, чым я запоўню старонку.

І ён здаўся.

“Горача”, — ён раптам скінуў футболку: худы, бледны і дробны, як дзіця — дзіця з густой барадой і сьветлым рэдкім валосьсем на грудзях, паміж якіх тырчала вялікая радзімка, дый не радзімка нават, а цэлая ягада. Як трэцяя смочка. Сымэтрыя была жахлівая — быццам ён сам яе туды прыляпіў. Я ня мог адвесьці ад яе вачэй. Хацелася яе зрэзаць.

“Горача”, — паўтарыў Козьлік і расьцягнуўся на падлозе побач са мной, высалапіўшы язык.

“Маеш нажніцы?” — спытаў я, чамусьці па-беларуску. Ён зьдзіўлена падняў вочы:

“Прынесьці? Навошта?”

“Ды не, не, нічога, — я зноў перайшоў на бальбуту. — Працуем”.

Мы моўчкі пісалі — і я бачыў, што Козьлік займаецца слоўнікам ужо без усялякага імпэту, нешта брадзіла ў ягонай галаве, п’яніла яго, напаўняючы гэтую маладую галоўку дурным газам, ад якога вочы ў Козьліка зрабіліся зусім шкляныя. Мы ляжалі на падлозе, зусім блізка, я ў сваёй пакамечанай кашулі і джынсах, басанож, вастранож, анягож — і Козьлік у адных кароткіх шортах. Раптам мне заклала вушы. Відаць, я занадта рэзка апусьціўся на дыван. Зноў у мяне праблемы зь ціскам. Краем вока я назіраў за маім вучнем і неўпрыкмет скуб пальцам дывановую траву. Дзьве імпэрыі сышліся ў чыстым полі. Два войскі, два ўладары. Трэба правесьці мяжу і выставіць варту — і сачыць за Козьлікавымі рукамі, сачыць, інакш ён можа схаваць свае атрады дзесьці пад канапай, над якой сонцам тырчэла лямпа, пад якой увечары, кожны вечар, кожны божы, д’ябальскі, нядобры вечар са­дзіцца Козьлікава сям’я, Козьлікаў тата, Козьлікава мама, тата-казёл і мама-каза...

“Здрасьце”, — сказала мама-каза, якая вырасла з бамбукавых зарасьнікаў. За яе сьпінай, у калідоры, стаяў тата-казёл, ростам з Козьліка, але без барады.

Нічога ня скажаш. Ціха ходзяць казловічы.

Мякка ступаюць капытамі па лямінаце, бародамі не трасуць, лісьце зь вецьця не паскубваюць, на лішняе не атвлекаюцца, сур’ёзныя жыхары ўручанскіх джунгляў. Тыгры, а не траваедныя.

Козьлік ускочыў, схапіў чамусьці футболку, пачаў нацягваць, задам наперад.

Козьлікаў тата выйшаў наперад, зрабіў такі рух, быццам даць мне капытам у твар зьбіраўся — але стрымаўся:

“Здрасьце! Это кто?”

“Это мой... Друг”, — сказаў Козьлік з-пад футболкі.

“Олег Олегович”, — я з годнасьцю, не сьпяшаючыся, падняўся, разумеючы, як гідка гэта гучыць. Олег Олеговіч. Ёсьць нешта непрыстойнае ў гэтых о, нешта з намёкам на не зусім законныя рэчы, за якія шмат не дадуць, але пра якія напішуць у хроніцы здарэньняў на тутбаі.

Пачуўшы маё імя, тата-казёл ажно скалануўся. Дый Козьлік быў зьдзіўлены. Я працягнуў тату-казлу руку — але ён яе не паціснуў. Падняў мой сшытак, пачаў чытаць, варушачы вуснамі — але што ён мог там зразумець?

“Это што?” — спытаў ён, разглядваючы мяне. Зьні­зу ўверх — і гэта давала мне надзею, што ўсё абыдзецца. Урэшце, што ён мне прад’явіць? І што наогул такога адбылося?

“Мы с Олегом... Олеговичем язык учим, — сказаў Козьлік, запінаючыся. — Сложный. Олег Олегович известный специалист...”

“Не знаем мы что-то таких специалистов, — змрочна сказаў Козьлікаў тата, уважліва разглядваючы мяне з галавы да ног. — Мы таких спе­циалистов что-то вообще не того... Не знаем... Знаем мы их, специалистов таких...”

Козьлікава мама адчула, што трэба ратаваць сытуацыю, крыкнула з кухні, закашляўшыся:

“Денис, ты звонил в приемную комиссию?”

“Да”, — Козьлік хацеў засланіць мяне ад татавага драпежнага позірку, але куды там, я быў вышэйшы і шырэйшы ў плячах, так што цяпер узвышаўся над імі абодвума.

“Ел уже? Мы с папой в магазин зашли...”

“Отвечай, когда мать спрашивает, — цяжка пражаваў словы тата-казёл. — А мы пока покурим сходим... Со специалистом”.

Ён пайшоў проста на мяне — і мне нічога не заставалася, як адступіць да балькону. Ён схапіўся за ручку і выштурхнуў мяне туды, дзе ліянамі зьвісала бялізна Казловічаў, ужо зусім сухая.

Я прыбраў з твару штаны Казловіча-старэйшага і прыкрыў вочы станікам мамы-казы. Так было зручней адбівацца.

“Ну что скажешь, Олегович, — тата дастаў скамечаны пачак чырвонага “Мінску”, але цыгарэту так і ня выцягнуў. — Чему ты учишь? Рассказывай, специалист”.

“Да так, — я глядзеў на яго скрозь станік мамы-казы, як праз проразі на шаломе. — Учу”.

“Ага, — ён паківаў, быццам мой адказ яго цалкам задаволіў. — Учишь, значит. Молодец”.

На школьным стадыёне пад намі малыя гулялі ў футбол. Жоўты мячык замітусіўся па карычневай высахлай зямлі, малыя мацюкаліся — тонкія, сарваныя галасы. Яны нібы цкавалі гэты мяч — і ён ня ведаў, куды падзецца, скакаў то ўправа, то ўлева, то падлятаў угару, да сонца, але яму не было куды схавацца, а яны крычалі, узбуджана і з азартам, яны ведалі, што ўрэшце загоняць яго, як зай­ца, і ён упадзе зьнясілены, дзесьці ў кустах, так і не пасьпеўшы ўцячы. І тады яны накінуцца на яго і разьдзяруць сваімі малочнымі зубамі, і насыцяцца, і разыдуцца па дамах.

Навучальны год пачаўся. А я і забыў.

“Слушай, ты, забирай свои бумажки, и чтоб я тебя больше с Дениской не видел, — прашыпеў страшны маленькі казёл, запраныя майткі якога пагрозьліва пагойдваліся ў яго над вухам у такт словам. — Ты мне парня не порти, хуй ты бумажный. Знаю я таких специалистов. Заднего ряда. Увижу еще раз с Денисом, ты у меня таким специалистом заделаешься...”

Козьлік глядзеў на нас з таго боку акна, разгуб­лена стоячы пасярод пакоя і трымаючы ў руках сшытак — ці то мой, ці то ягоны.

Я асьцярожна вярнуў станік мамы-казы на месца і выйшаў з балькону.

“Денис, иди сюда,” — пачуўся з кухні трывожны голас.

Козьлік неахвотна пайшоў на кухню. Тата-казёл рушыў за ім, пагардліва махнуўшы ўяўнай барадой і адцясьніўшы мяне элегантным рухам таза.

“Мам, я сейчас! — пачуўшы, як я абуваюся, Козь­лік выскачыў у калідор і схапіў заплечнік. — Я вас правяду!”

Ён нахіліўся да майго вуха і зашаптаў на бальбуце, што вінаваты, вінаваты, што бацькі прыйшлі раней, што яны ніколі раней за сем не зьяўляліся і што бацьку ягонага за такое...

Усьміхаючыся, я моўчкі ўзяўся за ручку дзьвярэй.

“Такая девка ходила! — бушаваў на кухні ка­зёл-старэйшы. — Кровь с молоком. Отец с матерью на дачу спицальна гоняли, чтоб он тут с девкой делом занялся. Нет! Послал Олесю, сам послал, не она его. На бумажки, биляць, променял. Чем они здесь занимались, а, мать? Ты мне можешь объяснить? Развелось, биляць, специалистов. А ты его все защищаешь! Денис! Ты куда это? Стоять, я тебе сказал!”

Але Козьлік ужо рвануў на сябе дзьверы, і мы затупалі па прыступках, скаціліся, адпіхваючы з дарогі ровары, вазочкі, зьбіваючы нагамі цацачныя грузавікі, усё, чым былі застаўленыя сходы, скаціліся, выскачылі з пад’езду, і нейкая бабулька гучна сказала нам наўздагон: “Вот скатаўё”.

Ідучы кудысьці — я ня ведаў дарогі — я раптам засьмяяўся на ўвесь голас, і Козьлік уміг прасьвятлеў тварам.

“Твой тата цікава вымаўляе слова “блядзь”, — сказаў я Козьліку, калі мы зноў ішлі ўздоўж дзіцячага садка. — Біляць. Адкуль там галосны?”

“Ня ведаю. Ён заўжды так казаў”.

“Як быццам акцэнт сярэднеазіяцкі”.

“Нармалды. Гэта яшчэ адно ягонае слова. Калі ён у гуморы. Ён насамрэч неблагі чалавек”.

Козьлік давёў мяне да мэтро. Мы больш не гаварылі. Толькі калі я працягнуў яму руку на разьвітаньне, ён раптам расшпіліў заплечнік і выцягнуў кнігу Франсуазы. Той самай, мадэмуазэль Дарлён.

“Я так зразумеў, яна вам патрэбная?”

Паміж намі праціснуўся, заехаўшы мне ў бок локцем, нейкі нецярплівы ўручанец:

“Пасталі ў праходзе, не прайці! Інастранцы, ва­шу маць!”

Ён азірнуўся і весела падміргнуў. Чарнявы, нападпітку, у футболцы з расейскімі арламі. Падмірг­нуў і зьнік. І ўсё ж запомніўся мне назаўжды. Хто ведае, чаму.

“І яшчэ... — Козьлік уздыхнуў. — Вас праўда клічуць Олег Олеговіч?”

“Так”.

“Можна, я ня буду вас так называць?”

“А як будзеш?”

“Як і раней. Абыходзіцца без імя”.

Я паціснуў плячыма і пайшоў да турнікета, прыціскаючы кнігу тытулам да жывата. Хоць вок­ладка і так была без карцінак. Напэўна, Козьлік глядзеў мне ўсьлед. А можа, і не. Мне было пляваць.

***

Некалькі дзён ад Козьліка не прыходзіла ніякіх лістоў. Можа, яно й добра, думаў я. Трэба было супакоіць Верачку. У мяне было такое адчуваньне, што яна пачала нешта падазраваць. Напэўна, Козьлік усё ж мучыўся пачуцьцём віны — і я даў яму напакутавацца ўдосталь. Я ведаў, што рана ці позна ён азавецца. Магчыма, тата-казёл пазбавіў яго інтэрнэту — але было ясна, што Козьлік ужо дастаткова дарослы, каб супрацьстаяць дыктатуры вялікіх казлоў.

Ясная рэч, ён шалее, гэты ягоны бацька. Шалее, што так і не навучыў сыночка хадзіць ціха, жа­ваць сьціпла, думаць, як траваеднае, ненавідзець паперу і любіць козачак. Праверыў бы, што ў цябе за кніжкі на паліцы стаяць, пад самым тваім носам, думаў я зласьліва, адпачываючы ў прыемным таварыстве мадмуазэль Дарлён. Можа, тады б усё было інакш. А цяпер — прымі ўсё як ёсьць, казёл, і дзякуй богу, што ў цябе такі сын, а не тупы атожылак, які паўторыць твой бяздарны шлях.

Так, я верыў у Козьліка. Ён мог бы быць маім сынам. Ён быў на дваццаць гадоў за мяне мала­дзейшы. Гэты факт мы з мадмуазэль Дарлён абмяркоўвалі ня раз — кніга, якую даў мне Козьлік (я так і не зразумеў, ці мушу яе вярнуць) заняла трывалае месца побач з маім ноўтбукам, і цяпер я штодня, папрацаваўшы над бальбутай, доўга сядзеў над загадкавымі вершамі распуснай Франсуазы, спрабуючы пачуць іх, адчуць на смак і, чым чорт не жартуе, зразумець.

Пасьля гісторыі з Казловічам-старэйшым мы з Козьлікам дамовіліся сустракацца толькі ў “Шчод­рым” — так было бясьпечней. Да таго ж ні ён, ні я не забывалі, якую ролю гэты барчык адыграў у гісторыі бальбуты. Козьлік нават прыдумаў мэмарыяльную дошку, якая будзе тут вісець праз паўстагодзьдзя. На бальбуце, вядома. Не скажу, што мне спадабалася гэтая ідэя. Сам прынцып бальбуты выключае існаваньне мэмарыяльных дошак. Хоць, вядома, сказаць на бальбуце “мэмарыяльная дошка” тэарэтычна няцяжка: flarekuta daloje vedutima, напрыклад. Але нешта небальбутанскае ёсьць у спалучэньні гэтых словаў. Нешта, што супярэчыць філязофіі маёй мовы...

Маёй мовы. Але ці заставалася яна маёй? Цяпер яна нібыта была нашая. Нашая з Козьлікам на дваіх. І гэта чамусьці пачынала мяне непако­іць. Я разрываўся паміж радасьцю і рэўнасьцю. Але Козьліку гэтага не паказваў. Спачатку трэба было вызначыцца самому, чаго я ўсё ж хачу ад бальбуты — і ад сябе.

Я ўсё адкладваў і адкладваў гэтае няпростае рашэньне — і быццам помсьцячы мне за нерашучасьць, жыцьцё зрабіла яго яшчэ больш скла­даным.

Быў канец верасьня, калі мы зноў сустрэліся з Козьлікам за столікам каля “Шчодрага”: седзячы адзін насупраць аднаго, мы напаўголасу абмяркоўвалі Козьлікаву працу — разьдзел нашага слоўніка, прысьвечаны транспарту, быў амаль гатовы. Цэлы рой паравозаў, трамваяў, легкавікоў, кантралёраў, машыністаў вісеў над нашымі схіленымі галовамі, нягучна ракочучы зычнымі і даючы сьвісткі галосных. Я люблю цягнікі. Козьлік быў спэц па карэтах, павозках, брычках і ўсім падобным. Вось жа старамодны ёлупень. Неўпрыкмет мы так захапіліся, што ўжо не зьвярталі ўвагі на тое, што робіцца навокал: нейкія людзі прыхо­дзілі і сыходзілі, прыслухоўваліся да нашай бальбутанскай балбатні, раздражнёна або з паважлівай цікаўнасьцю. І тут проста з-за пляча ў Козьліка нехта спытаў па-ангельску:

“Прабачце, калі ласка. На якой мове вы размаўляеце?”

Мы павярнуліся, прысаромлена замаўчаўшы.

Гэта была дзяўчына, з тых, пра якіх нельга адразу сказаць, школьніца яна ці студэнтка, голас у яе быў хрыпаты, прастуджаны, ці што. Нічога дзіўнага — у руцэ яна трымала кубак з такой порцыяй марозіва, што зь яго можна было зьляпіць чалавечую галаву. Такую, як мая, напрыклад.

Лізнуўшы гэтую сіняватую галаву ў яе бліскучую лысіну, яна махнула вейкамі і спакойна, зусім не сумеўшыся, паўтарыла пытаньне.

“Гэта... Гэта баскская”, — сказаў Козьлік, пачыр­ванеўшы.

Яна засьмяялася. Зубы белыя, але непрыгожыя. Крываватыя. Ясна. На брэкеты грошай няма.

“Не, — яна выцерла вусны. — Гэта ня баскская. Абсалютна. Ні разу ня баскская”.

“Адкуль ты ведаеш? — спытаў я смурна. — Ты ў якую клясу ходзіш, дзяўчо?”

Пачуўшы маю ангельскую, яна адразу ж зразумела, хто мы, і загаварыла на чысьцюткай беларускай.

“У дзясятую, дзядуля. Наконт баскскай забу­дзьце. Маскіроўка так сабе. Чакайце, да мяне дайшло...”

Мы моўчкі глядзелі, як ад ледзяной галавы ў яе руках адколваецца кавалак чэрапа і зьбіраецца ўпасьці ёй на спадніцу. Яна закаціла вочы і склала халодныя мокрыя вусны для зьдзіўленага “у”.

“Ну, і што да цябе дайшло?” — спытаў Козьлік, апусьціўшы вочы.

“Я думаю... ”, — яна прымружылася, быццам разважаючы, выдаваць нам таямніцу ці не.

І нешта мы з Козьлікам зажурыліся ад гэтага прыжмуру, і зрабілася нам страшна і весела, як у чарзе да зубнога.

“Я думаю, гэта канланг”, — сказала яна цьвёрда і зірнула на нас з выглядам пераможцы. Вочы ясныя, як у птушкі.

Замарожаная галава ў яе руцэ павольна і ўра­чыс­та развалілася на дзьве часткі. І мы інстынктыўна, кожны са свайго боку, пацягнуліся, каб іх падняць.

Загрузка...