6.
Назаўтра Маўчун, глынуўшы малака і ўхапіўшы халодную бульбіну, ужо зьбіраўся бегчы ў школу — але маёр Лебедзь раптам вырас у пройме дзьвярэй і, усьміхаючыся тонкімі вуснамі, загарадзіў яму праход. Па твары маёра зусім нельга было сказаць, што ён усю ноч працаваў і лёг толькі на досьвітку — не, твар гэты, падобны да прыгожай крэманкі, быў чыста паголены і сьвежы, як у дзіцяці. Крышталёва-блакітныя вочы зазірнулі на самае дно Маўчуновай душы:
“Стой. Не спеши. Пойдем сейчас с тобой на работу. Нужна твоя помощь”.
Маўчун адхіснуўся, сьціснуў у руках кніжкі.
“Не магу я, вучыцель накажа, — прабурчэў ён змрочна. — Кантрольная сёньня”.
“С учителем мы разберемся, — усьміхнуўся маёр Лебедзь. — Дай сюда свой телефон”.
Маўчун смурна працягнуў ахвіцэру мабілку, маёр бязь цяжкасьцяў адшукаў нумар — і вось ужо ў трубцы быў чуваць лісьлівы голас настаўніка:
“Канешна, канешна, нікакіх вапросаў! Он спасобны мальчык, а для нашай школы эта агромная чэсьць!”
Праз хвіліну яны ўжо ішлі па вясковай вуліцы: Маўчун — згорбіўшыся, зьвесіўшы рукі, гледзячы пад ногі, на прамерзлую гразь, і сьляпуча-белы маёр, высока падняўшы нібы з мармуру вычасанае падбародзьдзе і зь цікавасьцю азіраючы навакольле.
“Что-то ты стоптался за ночь”, — пажартаваў маёр.
Маўчун толькі гмыкнуў. Хто яго ведае, што ў маёра на ўме. Але шутачкі шутачкамі, а настрой у маёра быў неблагі.
“Замечательный сегодня у нас с тобой день, Молчюн, — гаварыў маёр сваім прыемным, мужным, крыху грудным голасам. — Все работают, а мы с тобой по гостям. Обойдем тех, кто нам интересен, поговорим, послушаем... В глаза посмотрим. Такая у нас с тобой работа. Сначала с самыми умными надо встретиться — а дальше они подскажут, что делать. Не языком подскажут, так глазами, мимикой, жестами, намёком. Не захотят — а все равно подскажут. Люди молчать не умеют, тело всегда говорит, даже во сне. Запомни это. Твоя задача — рядом со мной стоять, моя — слушать и замечать, а их — говорить...”
Як ні дзіва, першым у іхным сьпісе быў паліцай. Маўчун думаў, што маёр зь ім уначы ўсё абмеркаваў, што паліцыя і маёр разам працуюць — але ж не: як яны з маёрам на двор да паліцая прыйшлі, той нехаця ў струнку выцягнуўся, а твар зрабіў такі, што Маўчун аж пашкадаваў дзядзьку. Ніколі ні перад кім яшчэ іхны паліцай так не выцягваўся.
“Значит, в деревне он, тупая ты башка, — хвосткімі, хуткімі, цяжкімі словамі адгукнуўся маёр, калі паліцай далажыў абстаноўку і расказаў пра ўсе свае стараньні, пошукі і начныя каравулы. — Кто у тебя под подозрением? Список ненадежных, быстро!”
“Ды как вам сказать, ваше высокаблагародзіе... — сумеўся паліцай. — Усе надзёжныя... Я ж каждага тут знаю как аблупленага... Разьве што...”
“Что разве что? Говорить разучился? Отвечай быстро, ясно, русским языком!”
“Ну вот учыцель наш месны... Штота не нравіцца он мне... Есьць у нем штота такое, сьлішкам... Ноччу пішэт штота ў хаце. Дапазна сідзіт. Не, даказацельств нет, беседу я с нім правёл, на дапрос вызываў. Гаваріт, цятраткі правярае, дамашнія заданія. Усе паказал, не к чэму прыдрацца. Но какойта скользкі он, мутны”.
Паліцай мармытаў, а маёр Лебедзь на Маўчуна паглядваў. Маўчун адвярнуўся, пачаў у носе калупацца. А калена дрыжыць, ды так, што ніяк не суняць. Як не Маўчунова яно, а чужое, з другога цела прылепленае. Такога зь ім не было яшчэ.
“Каждый дом проверил?”
“Кажды! Без ісключэнія! Каждае страеніе, у том чысьле нежылыя. І заброшэныя тожэ. В том чысьле канфіскованые. Хату прэдацеля Раманоўскага, хату Юзака, хату Пятрышчанкі. Школу абыскал дважды. Ферму уверх дном. К сажаленію, безрызультатна”.
Маёр, не разьвітаўшыся, разьвярнуўся — і Маўчун, не абарочваючыся на застылага паліцая, патэпаў за гэтым велічным, сьляпуча белым прышэльцам зь іншага сьвету.
“Веди к солтысу”, — сказаў маёр рашуча, а сам усё быццам нешта ў галаве запісваў.
Солтыс накрыў для маёра стол, а як пабачыла салтысіха, што з дарагім госьцем Маўчун прыйшоў, дык яму пірага паклалі, ды нагу нечую тлустую, запечаную, з корачкай, дзеці ў Белых Росах за такую корачку пабіцца маглі, так яе любілі. Маёр абмачыў тонкія вусны самагонкай, закурыў сваю залатую цыгарку і загадаў гаварыць “по делу”.
“Как вам сказаць, ваша высокаблагародзіе... — вочы тоўстага солтыса былі такія чыстыя, такія шчырыя, нібы ён зь неба спусьціўся на хвілінку, праверыць, як тут безь яго аднасяльчане грэшныя маюцца. — У тот дзень многія ў лесе былі. Хто на панду хадзіў, на ахоту, хто па грыбкі позьнія, хто мусар на яму вазіў. Кажды пад падазрэніем можэт аказацца. Такая ана, судзьба. Чужая душа — пацёмкі. Я, канешна, за парадкам гляджу, усіх знаю, но, самі панімаеце, у чарапную каробку не залезеш...”
Маёр Лебедзь, здавалася, ня слухаў. Дый не глядзеў ён на заплылую пысу солтыса — а ўсё Маўчуна вачыма мацаў, і ўсьміхаўся, і мружыўся, і віўся над сталом прыгожы дымок, і падаў на падлогу мяккі лёгкі попел...
“Я вам вот што скажу... — насупіўся раптам солтыс. Аглянуўся, на салтысіху кулаком замахнуўся: “Выйдзі, Тацяна, у нас тут мужскія дзялы, пагаварыць з высокаблагародзіям нада!”
Салтысіха куляй выскачыла з кухні. Солтыс нахіліўся да стала, працягнуў рукі да ахвіцэра:
“Знаеце... Ані тут усе ўродзе і прылічныя, законапаслушныя людзі, нармальныя граждане. Есьлі пасматрэць днём... А как вечар. Я вам вот што скажу, эта маё мненіе. Хітрыя ані. Нікаму тут так штоб на сто працэнтаў верыць нельзя. Толька мне з супругай і дочкамі... Да вот ешчо мальчонка этат і ацец его, аднарукі, вот за ніх тожэ ручаюсь. Харошыя людзі. Вы, ваша высокаблагародзіе, правільна іх вычысьлілі, ані сваі, да мозга касьцей. Мальчонка этат, Малчун, он, канешна, малчыт, но эта у него ат ума і вернасці ідэалам. А астальныя... Даўно мечтаю, штоб прафесіянал, вот как вы, ацаніў іх опытным глазам...”
Маёр Лебедзь вачыма ў Маўчуна ўпіўся, не адпускае. Як кроў смокча. У Маўчуна камяк у горле захрас.
Далей пайшлі да зама па ідэалёгіі — але тая як пачала трындзець, усё як па-пісанаму, як у сяле ідзеалагічаская работа пастаўлена на шырокую ногу, дык маёр сам ня вытрымаў, Маўчуну загадаў уцякаць. Пападзьдзя да іхнага прыходу торт сьпякла, “Напалеон”, але маёр нават каштаваць ня стаў. У Касмача таксама стол чакаў — стары Касмач усё пад нос маёру фота сына свайго тыцкаў і біў сябе ў грудзі:
“Мой сын — зашчытнік Родзіны. На рубяжах пакой імперыі беражот. Быў бы ён тут, не случылась бы ў нашых Белых Росах дасаднае эта чэпэ. Паліцыя ў нас, прама скажам, не сработала как сьледует — а сын мой, пака ў армію не адправілі, іспалняў функцыю маладой дружыны. А этат мальчонка, Маўчун яго ў нас завуць, он с маім сынам дружыў, не разьлей вада проста былі. Скажы, Маўчун, ты ж нашу сям’ю знаеш? Мы ж да цябе як да роднага. Праўда? Малчун пацьвярдзіт. Вот, ківает, відзіце. Я б на вашым месцы, ваша высокаблагародзіе, да Какоўскага прыглядзеўся... Вот гдзе загадачны і падазрыцельны чалавек, он сам как шпіон, жане маей, дуры гэтай, он дажа раньшэ с парашутам сьніўся... А адзін раз дажа ў працівагазе... ”
Яны выйшлі з маёрам на адталую ўжо, бледна-жоўтую ад гразі вуліцу.
“Теперь ты у меня кое-что спросить должен, — усьміхнуўся Маўчуну маёр Лебедзь. — Посмотри на меня и спроси. Если умный, давно уже в голове твоей вихрастой вопрос вертется должен. Ну? Спрашивай!”
Маўчун падумаў. Спадылба паглядзеў на маёра. Загадка была даволі простая.
“А чаму ў вас форма ня гразная? Как была белая, так і асталась?” — спытаў ён глуха, чуючы, як дрыжыць голас. Насамрэч ён не пра гэта думаў, канешне. А пра тое, як бы хутчэй да шэрай гусачкі дабрацца. А там ужо, у цеплыні куратніка, можна і пра іншае падумаць. Пра тое, што з панам Какоўскім, ці жывы ён. І як гэта паліцай хату Юзака дасьледаваў — а Стэфку не знайшоў. Столькі загадак было — што ў Маўчуна галава разбалелася.
“Правільна, — ухваліў маёр Лебедзь. — Хлопцы вроде тебя должны замечать такие явления. Форма белая потому, что ткань специальным составом обработана. Враги — люді дикие, мистические, на них это действует — они везде грязь видеть хотят, и глазам своим не верят. Там, где должна грязь прицепится — белизна. Безукоризненная. Это врагов пугает. И они слабее делаются. Ну, ладно. Веди к этому вашему пану Каковскому. Посмотрим, что за он — и домой, отдыхать. Хорошо поработали сегодня, заслужили на печке поваляться”.
“А як жа вучыцель? — нерашуча прамовіў Маўчун. — К яму ж не хадзілі, а он...”
“Учитель нас не интересует, — засьмяяўся маёр Лебедзь. — Этот ваш полицай — идиот. И пошляк. А пошляки всегда людей пишущих и читающих ненавидят. Запомни. Империи нужны умные люди, образованные. Тонкие, наблюдательные. Поэтому без книги ты только и можешь, что полицаем деревенским стать. Знаешь, что триста лет назад Дени Дидро сказал? Кто перестает читать — перестает мыслить. А без мыслей ты кто? Американец. Или педераст. Голова человеку для того, чтобы видеть, слышать, думать и анализировать мир. Каждую минуту замечать то, чего другие не заметят. А не для того, чтобы к ней мобилку прикладывать, как компресс от безмозглости...”
Маўчун са страхам чакаў, што ж яны пабачаць у хаце пана Какоўскага. Неверагодна, але пан Какоўскі сядзеў на пяньку каля хаты, жывы і здаровы, наколькі ён наогул мог быць здаровы. Пабачыў, як на яго маёр ідзе, усьміхаючыся, і вочы вылупіў, рот раскрыў:
“Лебедзіная песьня... Красівый какой самец. Ізьвіні, пціца белая, вадаплаваюшчая, но скажы мне, какой цяпер год?”
“Адкуда он вас знает?” — прашаптаў Маўчун міжволі. Сам пашкадаваў, што вырвалася.
“Ничего он не знает, — весела сказаў маёр. — Обо мне, по крайней мере. А вот кое о чем другом — пожалуй. Давай-ка его разговорим”.
Маёр сеў воддаль, на лаўку, і зноў дастаў цыгарку.
“А ўгасьціце, га? Ну пажалуста”, — крыва пасьміхнуўся Маўчун.
“Мал еще, голова работать не будет, — строга сказаў маёр. — А зачем мне напарник з неработающей головой? Ну, господин Каковский, год-то у нас сейчас на дворе две тысячи сорок девятый, хотя вашу версию тоже интересно было бы услышать”.
Пачуўшы голас Маўчуна, пан Какоўскі паглядзеў на яго з жахам. На маёра ён ужо не зьвяртаў увагі, нібы і не было тут ніякага ахвіцэра беласьнежнага. Толькі Маўчун — які сутаргава глытаў сьліну, слухаючы таропкае мармытаньне гэтага бажаволка:
“Сказала! — завыў пан Какоўскі, махаючы рукамі, і пляваў у твар Маўчуна сваёй рэдкай сьлінай. — Сказала! Сказала, што самалёт прыляціць! А сама пціцу белую прыслала! Ашыбка! Апяць ашыбка! Мальчыкі крававыя ў глазах! Усе вы зьдзесь у крыві, усе, яблыня ад яблані недалёка падае, а пад яблыняй медсястра!”
“Цішыця, — цыкнуў Маўчун на пана Какоўскага, умольна падміргваючы, бо ахвіцэр усё роўна ня бачыў, за сьпінай сядзеў. — Пане Какоўскі, паспаць вам нада!”
“Нет, продолжайте, — выставіў белую далонь маёр Лебедзь. — Интересно послушать”.
Пан Какоўскі ўспомніў пра яго, выхапіў з-пад пахі бярозавы маўзэр, наставіў на маёра і сказаў, агаліўшы дзясны:
“Бах!”
“Ой, — спакойна адказаў маёр Лебедзь. — Я, кажется, убит”.
“Відзіце, — кінуўся да яго Маўчун. — Бальной он, няма ад яго толку”.
“Кажется, он еще не кончил, — павёў тонкім брывом маёр Лебедзь. — Молчи и слушай”.
Але пан Какоўскі ўжо выпусьціў з рук пісталет, паваліўся на калені і, прыняўшы сваю ўлюбёную позу, замармытаў, як на малітве. Вочы ягоныя зрабіліся мутныя, шкляныя, бы самагонкі хто наліў, скусаныя вусны рухаліся цяжка, а пазногці дралі пажоўклую траву, грызьлі зямлю, і сьліна пырскала ва ўсе бакі. Маўчун адышоў да маёра, адвярнуўся, але ня мог ня слухаць, і вушы заткнуць таксама ня мог. Пан Какоўскі ўжо ня бачыў ні яго, ні лебедзя, ні вуліцы, па якой прабягалі, выцягнуўшы цікаўныя шыі, жыхары Белых Росаў:
“Вазврашчаясь із паліклінікі па вуліцы Кісялёва, я... Вазврашчаясь із паліклінікі па вуліцы Кісялёва, я...”
Маёр слухаў гэта, прымружыўшы вочы — здавалася, бязладныя гукі, што выляталі з рота Какоўскага, прыносілі яму неверагодную асалоду. Нібы ён сядзеў на канцэрце, гэты беласьнежны ахвіцэр, і ўбіраў у сябе моц і гармонію цудоўнай музыкі.
І толькі калі Какоўскі зьнясілена заціх і паваліўся брудным тварам у траву, маёр нячутна падняўся і паклікаў пальцам Маўчуна. Яны выйшлі, зачыніўшы за сабой весьнічкі.
Дахаты ішлі міма Юзакавай хаты. Маўчун падумаў, што трэба абавязкова загаварыць, што інакш пустата маўчаньня выдасьць ягоныя думкі — ці чужыя. Тыя, за якія ён цяпер таксама адказваў.
“А заўтра? — спытаў ён такім голасам, быццам маёр быў яму бацькам. — Мне ў школу... Ці зноў паработаем?”
Маёр паглядзеў на яго доўгім, дапытлівым позіркам.
“Посмотрим”.
***
Аднак назаўтра маёр ужо ня клікаў яго хадзіць па вёсцы. Яго і відаць нідзе не было, таго маёра. Да Стэфкі Маўчун уначы не пайшоў, канешне — цяпер усё перамянілася, такое адчуваньне было, што паўсюль, куды ні сунуцца, цябе даставаў маёраў усьмешлівы і востры позірк. Таму Маўчун вечар з гусачкай прабавіў, а ўсю ноч каля печкі праляжаў, слухаючы, як у суседнім пакоі тупаюць неспакойныя маёравы боты. Раніцай Маўчун выйшаў у кухню — цішыня. Значыць, трэба ў школу. Маўчуна нават укалола нейкае расчараваньне.
У школе яго сустрэлі зусім ня так, як заўсёды. Настаўнік дык на Маўчуна наогул стараўся не глядзець, Маўчун нават па парце скрыпець пачаў, наўмысна, праціўна так — нуль увагі. Ні дубца не дастаў, ні хоць бы каманды пакласьці рукі на парту. І да дошкі не выклікалі. І дзеўкі на Маўчуна так пазіралі, быццам гатовыя былі любы ягоны загад выканаць. Усе, акрамя Любкі. Тая глядзела хітра, нахабна, ды нібыта кпіла з Маўчуновай нечаканай важнасьці. А на перапынку падышла, села побач, каленку выставіла:
“Што, Маўчун, маўчыш усё?”
“А табе што?” — агрызнуўся Маўчун, адчуваючы за сабой сілу. Ён цяпер памочнік ахвіцэра быў. Мусіла яна разумець: скажа Маўчун пару словаў маёру, дык ён ёй бізуноў прапіша.
“Думаеш, ты такі класны? — Любка хіхікнула. — Героем сябе шчытаеш. А ўжо калі ў зеркала глядзіш, дык дажа ня знаю, кім сябе прэдстаўляеш. Мабыць, Андреем Белогоровым?”
Андрей Белогоров — гэта такі актор быў. Усе дзеўкі па ім сохлі. У кожнай на тэлефоне ягонае фота было: красаўчык у форме Імператарскага флоту. З фільму “Мельбурн наш”. Маўчун пагардліва адсунуўся ад гэтай нахабнай каленкі.
“Ніякі ты не Андрей Белогоров, — ашчэрылася Любка. — А проста — Молчюн. Росту ў цібе ўсё меньшэ, а гонару ўсё большэ. Што, думаеш, раскажаш коекаму, і міня накажут? Дурак ты. Я ж тожа расказаць магу пра цібя коешто. Ня верыш?”
“Ды хто ж дзеўкам верыць”, — асцярожна сказаў Маўчун.
“А пацалуеш — не раскажу, — падсунула да яго кашчавае падбародзьдзе Любка і склала пульхныя вусны банцікам. — Пацалуеш, вось зараз жа — і я ж тады ўжо дзевушкай Малчюна буду, а дзевушка Малчюна малчаць далжна. Ой, у рыфму палучылась!”
Маўчун недаверліва сплюнуў і падняўся, паказваючы ўсім сваім выглядам, што нават побач зь Любкай сядзець — ніжэй за ягоную годнасьць.
“Ну ладна, — паціснула плячыма Любка. — Што я, ня знаю? Усё пра цябе знаю, Маўчунок, усё...”
“Ну што ты ўжо знаеш?” — пагардліва працадзіў Маўчун.
“Знаю, што ты з гусямі заціскаешся... — загнула Любка палец з крывава-чырвоным лакам, густа намазаным на пазногаць. — Ну, гэта ўсе знаюць. Ад цябе куратнікам ваняе. І яшчэ нешта знаю...”
“Не знаеш ты нічога, дура”, — пачырванеў Маўчун.
“Знаю, напрымер, што ты начамі ў хату, дзе Юзак жыў, лазіш... А што ты там робіш? — Любка гульліва надзьмулася. — Хоць і гэта я знаю...”
“Брэшаш ты ўсё, — голас Маўчуна задрыжаў. — Ніхто табе не паверыць, бо няпраўда гэта. І пра гусей, і пра хату...”
“Ну ладна”, — пагадзілася лялька-Любка і зрабіла выгляд, што сыходзіць.
І тут Маўчуну зрабілася ясна, што трэба Любку затрымаць. Абавязкова затрымаць і, як бы ні хацелася, Любка цяпер для яго чалавек важны. Можа, нават больш важны за ўсіх.
У дадзены, так бы мовіць, момант.
“Пачакай”, — ён дакрануўся да яе таліі, і яна, быццам толькі і чакала, абвілася зьмяёй вакол ягонай рукі, прытулілася да Маўчуновай далоні сваім дарослым азадкам, вярнулася на лаўку.
“Ты не сьпяшы, — сказаў Маўчун. — Канешне, ты мне нравішся. Проста... Ну, боязна мне какта... Ды і Касмач... Раптам вернецца? І што людзі падумаюць?”
“Ой какіе мы трусішкі, — сказала Любка, шчыльней прыціскаючыся да яго пляча. — А Касмач сказаў бы, што з дуба на ўсіх насёр. І дзялоў”.
“Ну, я не Касмач, — буркнуў Маўчун. — У мяне другіе скорасьці. Дык што я, па-твойму, у Юзака раблю начамі? Хоць папярэджваю, хлусьня гэта. Пераблытала ты мяне з кімсьці”.
“Ну, што-што... Пацалуй спачатку...”
Маўчун няўмела тыцнуўся ёй вуснамі ў халодную шчаку.
“Ой, как рамантычна, — прапела Любка. — А яшчэ?”
“Давай пасьля школы ўстрэцімся, — па-змоўніцку прапанаваў Маўчун. — Назначаю табе сьвіданіе. Толькі скажы, што я там рабіў, у Юзака?”
“На сьвіданіі і раскажу”, — паабяцала Любка — і тут жа закалаціўся дурны званок.
Дамовіліся сустрэцца каля цэркаўкі, у восем. Ідучы дамоў міма Юзакавай хаты, Маўчун ня вытрымаў і адным хуткім позіркам абмацаў цёмныя вокны, страху, сад, падворак. Але нічога ня выдала там прысутнасьці жывога чалавека.