Італійская кухня
З рукалай рукаючыся,
Мыючы маяран,
Сьвежым базілікам закідваючы сыр і сьвет,
Лечышся ад рэўнасьці, расейшчыны і іншых ран,
І ад навінаў у Парыжы, за сьценкай і, што рабіць, у Маскве.
АрэгАна або арЭгана — дзе тут паставіць націск?
Мой знаёмы італіец казаў, на “э”. На “э”!
АрЭгана:
Я кулінарны геній і грамар-нацы
Салютую мокрай рукою вялікаму дучэ — то бок сабе.
Розьнячыся ад размарыну толькі дзіўным складам сваіх малекул,
Поўны тэстастэрону, цярплівы, як Эстрагон,
Я мог нарадзіцца духмянай траўкай, а выйшла, на жаль, чалавекам,
Які патрабуе трошкі больш, чым сонца, вада, балькон.
Не даючы ўпасьці ў пасту сівому воласу,
Верачы вяршкам беларускіх малочных заводаў
(дваццаць працэнтаў тлустасьці, інакш ня вырасьці соўсу),
Я пачуваюся роўным Ўітмэну, Купалу, Коласу —
Некалі пра мяне здымуць сэрыял на сто эпізодаў.
Напяваючы сабе пад нос чухнЮ,
Я заваёўваю гэтую кухню.
Дэканструктар рэцэпту, Гаспадар агню,
І ў патэльні соўс няўхільна пухне.
“Жыла дзяўчынка Паста,
І хлопчык Базілік.
Дзяўчынку звалі Наста,
А хлопчык недзе зьнік”.
Хочаш паесьці напраўду смачна — ідзі да бедных.
Бедныя маюць траву на вокнах, віно ў пакеце.
Да бедных, чуеш,
шчасьлівых — і усёведных!
Бедныя кіруюць сьветам на кухні і ў інтэрнэце.
Бедныя маюць прыгожы ўзор на пледах,
Купляюць кніжкі, каб ашчаджаць на кедах,
Самі вінаватыя ў сваіх бедах,
Мізантропы, аматары старых камэдый.
Бедныя — гэта мы з табою.
Бедныя,
рабое,
абое.
Бедныя ходзяць па горадзе пехатою,
Хадою вольных, сваёй хадою.
У бедных заўсёды багата справаў,
А ў галаве ў іх багата страваў —
Простых, духмяных, такіх наедных.
Хочаш даведацца, хто ты — ідзі да бедных.
Год базіліку, базіліку зь яе рукі.
Год маярану, ёй вырашчанага на падваконьні.
Яна гаворыць зь імі так, нібы яны маюць душу
і іх языкі
І мовы знаёмыя ёй да апошняга кончыка
і апошняга
кораня.