2.
А адбылося ўсё так.
Неяк ураньні да хаты старой Бянігны пад’ехала машына, падобная да вялікай чорнай сьвіньні. Бянігна глядзела з акна, як з машыны выйшлі двое дужых хлопцаў, агледзеліся, паплявалі ў лужыны і падышлі да дзьвярэй. Трэба было ісьці насустрач, лячыць, ратаваць, бо чорнай сьвіньнёй патыхала ад тых чыста вымытых, стрыжаных хлопцаў. Зараз будуць сарамліва стаяць перад ёй, груба жартаваць, каб схаваць сорам, а ў вачах будзе мальба, мальба. Навошта? Яна сходзіць, сходзіць куды трэба, і грошай ня возьме. “Ніскока”. Нельга за такое грошы браць, яна і так мае дастаткова. Бянігна сядзела на сваім высокім ложку, цягнула ногі ўніз, а яны ня слухаліся. Чулі яе, але ня слухаліся. Нічога, нічога, думала Бянігна, адчуваючы, як прырасла за ноч да ложка, нагам ейным час трэба, каб апамятацца, яны ўжо ўлавілі яе голас кончыкамі вечна халодных пальцаў, зараз голас дойдзе да костачак, потым да каленяў, і ногі прачнуцца, ачуняюць, заварушацца. Ногі мае ногі, ідзіце ўжо ў сьвет, бедакі з андартальскага лесу прыехалі, помачы ждуць.
“Ёсьць хто ў хаце?” — спытаўся адзін.
“Бабка, мы па тваю душу”, — весела сказаў другі.
“Не пужай старую, — строга адгукнуўся першы. — Па тваю душу... Зараз бабка пачуе і яе кандрашка схопіць, будзеш тады ёй дыханьне штучнае рабіць. Рот у рот”.
“Урот, урот, — прымірэнча прамармытаў другі і ўвайшоў. — Бабка, прымай гасьцей!”
Яны бязладна, быццам бяз мэты пахадзілі па хаце, натыкаючыся на куты, абуджаючы паўсюль звон і скрыпы.
“О, кашак. Худы, як з канцлягера. Замарыла цябе бабка...”
Было чуваць, як смурна мяўкнуў Гофман. Падсьлепавата хапаючыся рукамі за сьцены, яны рухаліся ўсё бліжэй і бліжэй, пакуль не падышлі ўсутыч да ложка, на якім яна сядзела, склаўшы рукі на коўдры. Але і тады не адразу заўважылі Бянігну ў паўзмроку цеснай неацепленай хаты, у стракатай гары коўдраў, між казачных фігураў на танным дыванку, што вісеў за яе сьпінай. Пабачыўшы яе, яны міжволі адхіснуліся, адзін выдыхнуў дзелавіта, другі з агідай адвярнуўся.
“Вось ты дзе. Ну і смурод”.
Ногі Бянігніны ўжо амаль гатовыя былі яе паслухацца. Засталося зусім нядоўга пачакаць. Зусім нядоўга. Яна сядзела, маленькая, сагнутая, як лялька, і глядзела ім проста ў вочы.
“Зараз, зараз, — казала яна ім. — Чакайце, сынкі”.
“Ну ты, бабка, нас і прымаеш. Як царэўна. З ложка нават ня ўстанеш”.
“Можа, яна хадзіць ня можа. Будзе зь ёй клопату”.
“Яна хоць чуе? Можа, глухая”.
Яны падышлі зусім блізка, адзін нахіліўся да яе і закрычаў:
“Ты нас чуеш? А, бабка? Міргні два разы, калі так. Маем табе нешта важнае сказаць!”
Нічога ня зробіш, давялося міргнуць. Бянігна ўжо разумела, што да яе прыехалі па важнай справе. Трэба было спусьціцца з ложка, але нельга такога кабеце пры двух мужыках сабе дазваляць, каб у споднім ды перад імі. Таму яна сядзела і чакала.
“Вось і добра, — з палёгкай прамовіў адзін з хлапцоў. — Зьбірайся, бабка, паедзеш з намі”.
“Давай лепш я”, — перапыніў яго другі і навіс над яе сівой галавой, чорным лысаватым цемем, над гарой коўдраў і падушак, над якімі яна ўзвышалася, як кучка попелу.
“Прываліла табе шчасьце перад сьмерцю. Ёсьць адзін чалавек, які безь цябе як бяз рук. Ён ведае, хто ты такая, і дужа цябе цэніць. І любіць так, як цябе ніхто ў жыцьці не любіў. Ты ў нас шаптуха знакамітая, правераная, рэпутацыя, як кажуць, у пацьверджаньні патрэбы ня мае. Брэнд, а не кабета. Будзеш за граніцай жыць, людзей лячыць, а самой табе на старасьці гадоў будзе і дагляд, і павага, і клопат сыноўні. Вось, блін, што гэта я вярзу, аж самому брыдка... Карацей, зьбірайся, мы табе паможам, скажы, што браць, пагрузім і паедзем”.
“Ты не сьпяшайся, — сказаў свайму прыяцелю першы хлопец, паглядваючы ў акно. — Ты ж патлумач, што мы з табой маем ад таго чалавека даручэньне — прывезьці цябе на востраў...”
Яны пераглянуліся.
“Ага, на востраў. Ведаеш, бабка, што такое востраў? Пра мора чула? Дык вось, будзеш на востраве жыць, людзей лячыць, на востраве зімы не бывае, цёпла, косьці пагрэеш перад сьмерцю...”
“Галоўнае, скажы, дзе пашпарт хаваеш. З пашпартам і нам лягчэй будзе, і табе спакайней. Ведаю я гэтых бабак, у кожнай хованка ёсьць, з золатам і аўсвайсам... Засунуць некуды, а куды, самі забудуцца, а нам са склерозам іхным разьбірайся”.
Бянігна нерухома сядзела, гледзячы некуды паміж імі, а яны гучна гаварылі, увесь час пераступаючы, з нагі на нагу, з нагі на нагу, быццам да ветру хацелі. А старой Бянігне ўсё здавалася, што яна бачыць паміж іхных дужых постацяў некага трэцяга, няўлоўнага, зь нядобрай усьмешкай, некага, хто скача за іхнымі сьпінамі, выглядваючы то з-за пляча, то з-пад локця, некага хітрага, вясёлага, з тварам, на якім усё было наадварот: вусны замест вачэй, нос збоку, вушы на падбародзьдзі, падскокваюць, як маленькія цыцкі...
“Гэй, бабка, ты гэта, глядзі, не аддай канцы раней часу, мы цябе з рук у рукі перададзім, там і памірай, а раней каб ні-ні”, — з трывогай сказаў адзін з хлопцаў, пакуль другі шнарыў нецярпліва вачыма па цёмным пакоі.
“Пакажаш, дзе пашпарт? Можа, за печкай?” — сказаў другі, адвярнуўшыся да першага і даўшы яму нейкі знак — відаць, ён тут быў усё ж галоўны. А калі павярнуўся, Бянігна ўжо стаяла перад ім ва ўсіх сваіх спадніцах і спадылба глядзела на іх, быццам бачыла ўпершыню.
“Та-ак, — расчаравана сказаў галоўны. — Бачу, у нас праблемы. Міргні два разы, калі паедзеш з намі. Добраахвотна, бяз выбрыкаў, паабяцаўшы слухацца і канцоў у дарозе не аддаваць”.
Гэтым разам Бянігна міргаць ня стала, цяжка прайшла міма іх, пакацілася ў сенцы, паклала кату паесьці, узяла ў рукі чайнік.
“Дык яна ходзіць”.
“І ўсё чуе, — злавесна прамовіў галоўны. — Ладна, бабка. Мы ж да цябе ў сваты прыехалі, а ты нас так прымаеш... Ніякай павагі, дзікая ты ведзьма...”
“Той чалавек, які нас да цябе паслаў, жаніцца з табой хоча”, — пачула за сьпінай Бянігна.
“Заключыць з табой законны шлюб. Так што была ты Хрыстова нявеста, а будзеш мужава жонка. Сюрпрыз!”
Павярнулася да іх, хоць сама не хацела, а яны, сьмеючыся, глядзелі ёй у твар, і столькі на іх было ў гэты момант лішняга, што Бянігна іх пашкадавала, так пашкадавала, што гатовая была пяць разоў запар схадзіць у неандартальскі лес, толькі б палегчыць іхную ношку, такую цяжкую, крывую, уладную, невыносную. Таму і курчыліся яны цяпер — не ад сьмеху, а таму што ношка была няўсьцерп, ціснула на іх, гнула, забівала, таму і блішчалі іхныя вочы нядобрым, мярзотным нейкім бляскам, што ношка іхная правалілася ўжо да самага іхнага нутра.
“Ён чалавек сур’ёзны, — пачула яна. — Усё чэсьць па чэсьці, будзеш яму законнай супругай, толькі прыехаць трэба, не жаніцца ж яму з бабай, якую ён нават абняць ня зможа...”
Яны зарагаталі.
“Глядзі, які мужчына, а? Цябе, старую, ашчасьлівіць хоча, а ты тут ламаешся... Ды любая маладая на тваім месцы...”
І тады яна пабачыла фатаграфію. Фатакартку, што жыла ў чорнай цяжкай кнізе, плавала, плавілася, зьзяла каляровай луской, а на фатакартцы быў малады чалавек, нечым падобны да першага мужа Бянігны. Высокі лоб, сьветлыя вочы, у якіх гарэла пакута, пакрыўджаны рот, пульхныя шчокі... І кудзеркі гэтыя. Нечым мужчына на фатаздымку быў падобны да хлопчыка, якога яна нядаўна лячыла. Негр, негр, негрытос, не грызі сябе за нос, успомніла Бянігна: і гэтыя вусны маглі такое насьпяваць, і гэтыя вочы маглі так на яе пазіраць, і гэтыя вушы так гарэць, быццам яго толькі што за іх адцягалі, адцягалі сто суворых, замучаных мацярок, сто іхных дарослых зьнявераных рук... Фатакартка ўспыхнула і зьнікла. І старая Бянігна ўскрыкнула.
“Спадабаўся жаніх? — задаволена сказаў галоўны. — Вось і не дуры нам галовы, бабка, зьбірайся і паедзем”.
А ягоны падначалены бліснуў ёй у твар камэрай тэлефона, зірнуў на тое, што атрымалася, і крэкнуў:
“Страх божы. Якая ж ты, бабка, страшная. Ня дай бог цябе ноччу сустрэць. Жартую, жартую. Прыгажуня ты наша. Хлопцы так і ўюцца. Вунь як хораша на фота выйшла. Думаю, і бяз пашпарта абыдземся. Зуб даю, што ў яе сярпаста-малаткасты, так што бяз розьніцы”.
“Ну што, едзем з намі? Давай, бабка, не цягні ката за хвост. Можа, ты і гаварыць умееш? Тады скажы “так”, бяры... што там табе трэба? Хустку, боты, іконкі — і паехалі”.
Яны падступілі бліжэй. А потым яшчэ бліжэй.
“Давай, бабка, уключы мазгі”.
Яны і так бачылі, па яе паставе, па шалёных бялках вачэй, што нікуды яна не паедзе, што застанецца тут, паміж двума лясамі, на беразе неба, у хаце, што замерла чорнай парушынкай у блакітнай сьлязе. Самі разумелі, што нікуды старая бабка не зьбіраецца, што любая дарога для яе — як сьмерць. Яны нічога ня ведалі пра тое, што лясоў усяго два — і ўсё ж падступалі бліжэй, і бліжэй, і бліжэй... Нашто вам такія рукі, хлопцы? Каб насіць труны бацькоў вашых. А нашто вам такія валасы, дзеўкі? Каб адганяць мух ад трупаў бацькоў вашых... Старая Бянігна ведала, што так бывае ў андартальскім лесе, яна не баялася, яна ведала, што варта ёй павесьці плячыма, і яна зробіцца драўляным колам, а варта падумаць пра сябе са шкадаваньнем, дык драўлянае кола трэсьне і на падлозе застануцца ляжаць дзьве палавіны — што яны зь імі рабіць будуць, гэтыя неспакойныя сваты, ад якіх пахне чорнай машынай, чорнай сьвіньнёй, чорнымі справамі?
“Укалоць яе?”
“Не пажадана. Арганізм слабы, зношаны, можа ня вытрымаць. Давай вязаць. За рукі, за ногі — і ў багажнік”.
А самі ў твар зазіраюць — пужаюць, спадзяюцца, што не давядзецца дакранацца да яе цела. Гідка ім, холадна і гідка, і ўсё, што яны ўяўляюць цяпер — гэта сьлізь. Старая сьлізь, якую трэба сабраць у прабірку, запячатаць і даставіць у лябараторыю.
“Ты ж усё роўна паедзеш з намі, бабка. Ну ўваж ты нас, маладых, ня хочацца нам цябе сілай цягнуць...”
Перасільваюць агіду, дакранаюцца да пляча.
“У нас жа таксама мацеры... Не брыкайся, бабка, усім лепш будзе”.
“Мы з табой як з чалавекам. Усё па інструкцыі...”
Нібы праз сон Бянігна пачула, як за хатай загула машына. Нехта ехаў да яе па дапамогу, ехаў шукаць паратунку туды, дзе яна спрабавала ўратаваць сябе сама. Упала грудзьмі на дзьверы, адчыніла — нібы выцекла проста на ганак. Каля хаты стаяў легкавік, зь якога выбраўся нэрвовы мужчына і пайшоў да яе, высока падымаючы калені, проста па гразюцы. Жанчына, якая прыехала разам зь ім, засталася каля машыны — нафарбаваная, маладая, злосная, са сьціснутымі кулакамі, якія яна ўвесь час хавала пад шалікам.
“Здраствуйте, бабушка!”
Сваты выйшлі за ёй, незадаволеныя, смурныя, спыніліся за яе сьпінай, як целаахоўнікі.
“Нам сказали, что вы... Что вы помочь можете...” — мужчына зьдзіўлена разглядваў яе ранішніх гасьцей. Жанчына, якая прыехала разам зь ім, села ў машыну, апусьціла галаву і абхапіла рукамі. Ёй было сорамна: за яго, за сябе, за гэтыя словы, за гразюку і за тое, што яна дазволіла зацягнуць сябе сюды, на край сьвету, туды, дзе сходзяцца два лясы. Яна ўсё яшчэ спадзявалася, што яны прыехалі не па адрасе.
“Но если вы заняты... Мы подождем!”, — з гатовасьцю выкрыкнуў мужчына, які, як і ўсе, прымаў маўчаньне за глухату, а словы за дошкі, па якіх можна прайсьці, не запэцкаўшыся. Ён стаяў перад Бянігнай і яе сватамі, у расхрыстаным паліто і модным лёгкім шаліку, стаяў, зьбянтэжана ўсьміхаючыся, і з надзеяй азіраўся на машыну — шукаючы ў жанчыны падтрымкі, але ад машыны ішоў дух стомы і злосьці, у лабавым шкле адбіваўся бледнай сінявою лес, і машына тупа ўзіралася круглымі фарамі ў маленькі шаптусін гародчык.
Бянігна не глядзела на гэтага зьбітага з толку мужчыну, і ён нарэшце зразумеў, што яму трэба замаўчаць, адвярнуўся, засунуў рукі ў кішэні. Ён быў ні пры чым, ад яго больш нічога не залежала. Яна глядзела на белую машыну, што прывезла на сваіх пакрытых глінаю колах боль і роспач вялікіх гарадоў, якая была нагружаная лішнім да самага верху. І нібыта падпарадкоўваючыся яе нерухомаму пагляду, жанчына выйшла з машыны і паволі пайшла да хаты, і ўнутры ў яе нешта бразгатала, пішчала, тонка, як злоўленая ўначы радыёхваля. Бянігна вачыма ўзяла яе за руку, тонкая рука паднялася і ўхапілася за парэпаныя дзьверы хаты. Зачыняючы іх, Бянігна павярнулася да дарогі — чорная машына са злымі хлопцамі, натужна равучы, ад’яжджала ад хаты.
Уратавалі яе незнаёмыя людзі. Самім блага, самі паратунку ў яе шукалі, а так выйшла, што ёй памаглі.
Тое, што здарылася зь Бянігнай, немагчыма было патлумачыць — відаць, зусім змарнеў андартальскі лес, зусім адурэлі ягоныя насельнікі, калі сваты едуць да пенсіянерак нямоглых, а маладыя плацяць грошы за тое, каб пасьмяяцца са сьмерці і старасьці.
Гофман задуменна пацёрся ёй аб ногі, зірнуў зьнізу ў вочы: ну што, паехалі твае сваты, як дулю зьеўшы. А магла б жыць на востраве. Ля мора... Апяльсіны есьці. Дурная старая ведзьма. Каб цябе...
Ногі быццам зноў аглухлі, Бянігна прапусьціла маладзіцу ў пакой, а сама стала на парозе: ні сюды, ні туды. Сьцежкі, сьцежкі, не забыць бы іх, ня зблытаць; хто, калі не яна? Расказаць бы гэтай маладзіцы, куды хадзіць трэба і як у неандартальскім лесе паводзіцца, хай бы заставалася тут са сваім мужыком, дык ня змогуць жа, не пабачыць маладая таго лесу, засьціць ёй вочы злосьць, і крыўда, і вялікія гарадзкія дамы, і правільныя словы, якім яе вучылі, і чыстае цела, упрыгожанае золатам і хуткімі дотыкамі. Сьпяшаецца чалавек, бяжыць, нічога не заўважае, спатыкнецца, агледзіцца, і зноў бяжыць — упоперак сьцежак, уздоўж кармушак, наперад да астравоў далёкіх і цёплых марэй, яшчэ трошкі — і яны пакажуцца з-за далягляду, прыгожыя гарады і сонечныя пляжы, яшчэ тры крокі, і ногі абдыме цёплая ласкавая вада, і ў кішэнях вырастуць грошы, як у лысых і няшчасных растуць у сьне валасы шчасьця... Далёка-далёка, на востраве бяз назвы, жыве прыўкрасны прынц са сваёй прынцэсай... Лішні прынц зь лішняй прынцэсай, з адной каронаю на дваіх — дый тая лішняя.
Жанчына стаяла ў паўзмроку, да сьцяны тварам, да яе сьпінай. Скінула адзеньне, хоць яе і не прасілі.
Відаць, ня першая ты ў яе бабка, Бянігна.
І муж у яе ня першы.
Празрыстае, белае цела, звыклае слухацца словаў. Звыклае прымаць іхную форму, ліцца ў літары, ляпіцца да іх, лезьці андартальскаму лесу ў пашчу, лашчыцца да лоўчага слова.
Як жа цябе калоціць.
Бянігна зрабіла крок і ледзь ня ўпала. Схапілася за выгін ніжэй жаночай сьпіны, ткнулася печаным носам ў кончыкі валасоў, спаўзла на падлогу, сьцякла сьлізьзю па голых нагах. Жанчына ўскрыкнула і адскочыла ад халодных рук Бянігны, ад яе чорнага твару і землянога паху, які напоўніў пакой.
Пакацілася кола ў кут, ня жыць табе, бабка, тут.