8.

Калі ты на вакзале і наперадзе ў цябе цэлы летні дзень, які ты яшчэ ня ведаеш, як прабавіць — ты ­ідзеш на Праспэкт.

Ты ідзеш. Я іду. Ты — гэта і ёсьць я, у дадзеным выпадку. Мова заўжды дае нам цень займеньніка.

Я ўспомніў, як чытаў неяк кніжку аднаго немца, Нільса Хольгерсана... цьфу, бля, якога Нільса, вось жа прычапіўся: Томас Бон яго звалі, гэтага разумнага немца. Кніжку, дзе ён піша пра фэномэн менскай урбанізацыі. І прыводзіць, між іншым, вынікі аднаго апытаньня. У менчукоў пацікавіліся, што яны лічаць цэнтрам свайго гораду. Некаторыя назвалі Platz des Sieges, іншыя — Platz der Unabhängigkeit, трэція — Oktoberplatz. Але большасьць — большасьць абвясьціла, ohne jedlichen Zweifel, што цэнтар места для іх — Праспэкт. Гэты самы, які я памятаю яшчэ Ленінскім. Вось гэты самы (самы доўгі ў Эўропе, самы сонечны ў Сонечным горадзе, самы незнаёмы ў краіне нязнаек) праспэкт, які разразае Менск, нібы прамень гіпэрбалёіда — вось ён і ёсьць цэнтар.

Людзі, якія назвалі даўжэзную простую лінію цэнтрам, мусяць мець адмысловае мысьленьне. Калі цэнтар для цябе лінія, ты ні да чаго не прывязаны. Лінія — гэта бясконцасьць, дык якая розьніца, дзе пачынаецца гэты горад і дзе сканчаецца. 1049 ці 2049 — як ад Малінаўкі да Ўручча пракаціцца. Спадзяюся, пакет ня трэба будзе везьці ў Малінаўку, памаліўся я ціха сваім багам, намаляваўшы ў галаве яе ўяўны вобраз, толькі не Малінаўка, толькі не яна, прашу цябе, ойча наш, які есьць беляшы ў сваіх небясях.

І зноў набраў нумар. О цуд. Цяпер там проста ніхто ня браў трубку.

Як жа добра было праваліцца пад зямлю ў падзем­ны пераход — але цяпер паштамт ужо застаўся ззаду, я ляніва рухаўся наперад, як бервяно, што плыве па рацэ, натыкаўся на сонечных зайчыкаў, водарасьці нечых дрэдаў, сьпіны чалавечых пнёў, ішоў, як п’яны, праспэкт нёс мяне, як тапельца... Наш даўжэзны Праспэкт, бясконцы, як дзень... Хоць чаму бясконцы: скрыжаваньне зь Леніна — раніца твая, Парк Чалюскінцаў — твой полудзень, Нацыянальная бібліятэка — вечар твой, о Праспэкце. Мая галава была нагрэтая так, нібы я быў Дзяржынскі ў сквэры насупраць кагэбэ: какбэ фэлікс, какбэ фэнікс, і гарачы вецер дзьмуў на мяне, як электрафэн, госпадзе, гэтае лета мяне заб’е.

Калі гэтая сьпёка забудзе пачуцьцё меры, яна спапяліць горад дазваньня. І нас, прыматаў, пантафагаў з пакетамі, што плывуць у мроіве, з расталым марозівам замест мазгоў, зь цёплым півам замест сэрца.

Так думаў я, рухаючыся да таго скрыжаваньня, дзе Ленін, ГУМ, Макдональдс і нацбанк забілі сваю бандыцкую стрэлку.

Лета спапяліць горад. Ацалеюць тыя, хто апантаны спажывецкім інстынктам. Ацалеюць тыя, хто сярод працоўнага дня блукае халаднаватымі галерэямі гандлёвых цэнтраў, хто выбірае сабе купальнікі і плаўкі, хто спусьціўся ў падземныя царствы, каб за шторкай прымераць на сябе штота оччэнь красівае, штота оччэнь моднае, прыме­рыць на сябе зьніжку ў самым нізе прыніжанага летам гораду.

Ацалеюць пасажыры мэтро. Калі пакет трэба будзе везьці далей за плошчу Перамогі, я абавязкова паеду на мэтро, падумаў я. Мэтро верне мяне ў цьвёрды стан. З Туркмэністану сьвядомасьці ў Скандынавію прытомнасьці.

Ацалеюць тыя, хто схаваўся за тоўстымі сьценамі музэяў.

Ацалеюць тыя, каму не хапіла месца ў цеснай маршрутцы лета.

Бервяно даплыло да Цэнтральнага. Я споўз на плястыкавае крэсла і замовіў сабе піва і квасу. Квас ад смагі, піва для таго, каб адзначыць, што я жывы. Асушыўшы першы кубак, я ўзяўся за другі — і тут за мой столік бухнуўся ён. Чалавек зь дзяцінства.

Макасёў. Макасев. МcАсёф. Літары паплылі перада мной раней, чым гідкі голас напоўніў іх сэнсам, зьместам, формай. Што я пра яго памятаў? Нічога. Ну, можа, кіно. Так, мы хадзілі ў кіно. На “Палёт у краіну пачвараў”. Зеленахвостыя “чудовішчы”. Здаецца, аўтар той дзіцячай кніжкі — той яшчэ лукашысьцік.

“Здорово, — сказаў Макасёў. — Что, не узнал? Я тоже думаю: ты, не ты. А это ты”.

“Здароў, — сказаў я. — Калі ты Макасёў, гэта я. А калі не, дык адпаведна, не зусім я”.

“Чего?” — Макасёў выцер лысіну. Лысіна была ўтрая большая за маю. І пуза ў яго было ўтрая большае за маё. І вера ў сябе. І нават лета ягонае было большае: з Макасёва цякло. Па вусах, і ў рот трапляла. Макасёў развальваўся на кавалкі. Макасёў сплываў ад мяне. Каляровая лужына.

“А, ну да, я слышал, что ты на мове говоришь, — прамовіў Макасёў. — Мне Пискун рассказывал. Он говорил, видел тебя недавно. Года два назад. А чего ты на мове говоришь? Угости пивом, а?”

Я неахвотна паклікаў афіцыянтку.

“Ну как ты? Где ты? А у меня нормально все. Охранником вот устроился. В Момо. Квартиру построил. В Малиновке. Сколько лет, а? Сколько зим. Девушка! Пиво! Мы пиво заказали, забыли? Может, хватит уже трещать, люди здесь ждут. Так как ты? Чего на встречи выпускников не ходишь?”

“Я нармальна”, — я адпіў са свайго вясёлкавага плястыку.

“Ну и жарит, блядь, просто мозги прожигает насквозь, — уздыхнуў Макасёў. — То, блядь, дожди. То, блядь, тридцать в тени, нахуй. Девушка! Такая молодая и такая курица. Неси уже пиво, где ваша культура обслуживания? Во, так, ставь сюды. Теп­лое, блядь. Все теплое. Пиздец. Я вчера салатом отравился. Взял салатик. Ага. Всю ночь фаршил. Сегодня чуть поднялся. Я сутки через двое. Хорошо, выходной сегодня. Тебя вот встретил. Давай, за встречу”.

Я дапіў піва. Ён прагна, але акуратна асушыў плястыкавы кубак на траціну і ўхмыльнуўся.

“Это хорошо, что я тебя встретил. Приятно на счастливого человека посмотреть. Да... У тебя вот все заебись. А мы люди простые. Но выживаем как-то”.

Я хмыкнуў.

“Народ у нас такой. Все перенесет. Все стерпит. Войну вот как-то пережили, и это переживем. И кризис, и хуизис”.

“Какую войну?”

“Ну, Великую Отечественную. Какую ещё. А помнишь, как мы у тебя дома города строили? Из книжек?”

Я ніякіх гарадоў ня памятаў. Пагатоў пабудаваных разам з Макасёвым. Шчыра кажучы, разам з Макасёвым я б ня тое што горад — нават каркасны дом ня ўзяўся б будаваць. Нават туалет. Ды яшчэ з кніжак?

“А ты праўда Макасёў? — спытаў я, паглядзеўшы на тэлефон. — Нешта я засумняваўся”.

“А кто я, по-твоему? — Макасёў прагна ўсмактаў у сябе ўсё, што засталося. — Ты чего? Мы ж с тобой вместе учились. А? Ты чего, братишка? Солнышко в головку бобо? Да... Правду Пискун говорил, задрал ты нос. А чего задрал? Вот что в тебе такого, что ты себя лучше нас считаешь? А, блядь? Что?”

Я памахаў афіцыянтцы. Макасёў схапіў мяне за руку:

“Да ладно тебе. Шутка. Может, и правда ты лучше. Я ж тебя помню. Как тебя учителя облизывали, ты ж у нас лучше всех диктанты писал. И эти, как их, блядь, сочинения. Я просто о чем. Ты нос не задирай. Будь прошче лицом. Я вот с тобой как с человеком. Блядь, даже обнять тебя захотелось. Давай еще по пиву, а? Так хуячит сонце, не могу, надо пива ешче взять. Закажешь?”

Мяне ўратаваў тэлефон. У спадзяваньні, што гэта невядомы, але амбітны прадусар знайшоў, нарэшце, мой нумар, каб прапанаваць мне тысячу сто баксаў за сцэнар мультфільму пра Нільса Хольгерсана, я схапіў яго і сказаў, што слухаю. Слухаю. Слухаю і п-падумаю. Макасёў нецярпліва зьбі­раў тлусты пот са сваёй пляшыны ў пакамечаную сурвэтку.

“Вы мне звонили, — прамовіла няўпэўнена трубка. Малады мужчынскі голас. Такія ў капіравальных цэнтрах працуюць. — С вашего номера”.

“Ага, — узрадаваўся я. — Я от Оксаны Ивановны. Мне вам надо пакет передать. Она просила. Я ее сын...”

Трубка нерашуча маўчала.

“Дык... Где мы встретимся? — бадзёра, нібы і ня лета паліла над парасонам, пад якім мы хаваліся з Макасёвым, спытаў я. — Может, давайте поближе к центру? Если вам удобно?”

Трубка ўздыхнула:

“Пакет? Вы ошиблись. Не туда попали”.

“Пачакайце!” — я перазваніў, але мне адказаў той самы голас, голас задушанага летам чалавека, які не хацеў пакетаў, ня ведаў Аксаны Іванаўны і наогул ставіўся да мяне ўсё больш падазрона.

“А что у тебя в пакете?” — спытаў Макасёў і тут жа палез да яго сваімі мокрымі пальцамі.

“Не твое дело”, — кінуў я. Відаць, нумар няправільна запісаў. Ці мама. Хутчэй усё ж мама. У сьпешцы, нявыспаная, сьпінагрызу свайму ня той нумар дала. Лічбу пераблытала. Пакет дала, а нумар ня той. Хоць ты цяпер наўгад звані. Трэба ёй эсэмэс паслаць. І Макасёва паслаць. І ісьці далей, у лета.

“Я пива закажу, — пакрыўджана сказаў Макасёў. — И водочки. За встречу. Ты ж при деньгах, а у меня временные трудности. Девушка!”

“Я в туалет схожу, в макдак, — я падняўся і схапіў пакет. — Закажи, конечно. І пива, и водочки. И закусить”.

“Давай, — Макасёў схапіў з суседняга століка мэню. — Только салатик брать не будем. А то потравимся. Стой. А чего ты с пакетом? В туалет?”

“Там... Там косметика, — сказаў я, цьвёрда гледзячы яму ў вочы. — И прокладки. Я ж пол поменял. Я теперь женщина, Макасёв. Так Пискуну и передай, когда следующий раз увидишь. И всем нашим. И салатик возьми все-таки. С селедкой. Тут такие салатики — пальчики оближешь”.

І, памахваючы пакетам, я пераможна рушыў да мэтро міма агаломшанага Макасёва. А можа, гэта быў і не Макасёў. Схаваўшыся ў цень каля дошкі ахвярам тэракту, я напісаў маці адчайную эсэмэску:

Ty dala mnie niapravilny numar. Nie mahu pieradac pakiet. Cakaju pravilny. Tvoj syn.

Напэўна, я быў адзіны ў гэтым горадзе, хто піша эсэмэскі лацінкай. Шкада толькі, без дыякрытычных знакаў. Мама заўжды сьмяялася, калі я пісаў ёй: cakaju. “Я читаю это як “какаю”, — казала яна пры сустрэчы. — И вспоминаю, как ты был маленьким и правда: какался. В колготки. Тогда все малыши колготки носили. Такие трикотажные. Мальчики голубые, девочки розовые. Представляешь себя в голубых колготках?”

Загрузка...