11.

За сьпінай у Камароўкі я зьеў кебаб, стоячы за круг­лым высокім столікам. Вялікі, цёплы, кебаб быў нечым падобны да файнага, рукамі пашытага мяшэчка з дробнымі падарункамі, што высыпаліся зь яго мне ў рот, а яшчэ на пальцы, на джынсы, на кола зусім ня рыцарскага стала, на асфальт, на якім мітусіліся адурэлыя ад сьпёкі мурашы. Чалавек, які есьць кебаб, павінен шырока адкрываць свой рот. Быццам ён крычыць. Лаваш гумовы, скрыпучы, нібы папяровы скрутак.

Я выцер пальцы аб джынсы, высмаркаўся... Чамусьці ў сьпёку шмат хто ў Менску пачынае смаркацца. Нібы заклінае зіму вярнуцца. Сурвэтка — нібы з жывата задавальненьне выцер. Выцер, хіцер Зьміцер, і далей пайшоў жыць. Сэрыйны забойца.

Ляці ў сьметніцу. Вось так. Прамахнуўся. Заўтра дворнік падбярэ, начэпіць на сваю палку-капалку, пахавае сурвэтку разам зь яе вялікай гісторыяй.

“Как это у вас нету пива? В такую погоду у вас должно быть ледяное пиво!”...

Кебабы для іх — як кафэтэрый ва ўнівэрмагу. Дзе пажраць, там і піва. Там і водочка. Законы ісламу забараняюць прадаваць піва там, дзе кебаб. Але менчукам по. Яны дома. А кебаб не. Ліцо без гражданства. Арыенталізм на службе самай талерантнай у Эўропе краіны.

Выйшаўшы з ратавальнага ценю кебабніцы, я зноў падумаў пра Нільса. Дзе я яго пакінуў? Ах так, у бэрлінскай прыбіральні, дзе ён глядзіць на сябе ў люстэрка і кажа дзіўнае слова: паэт. Той, хто кажа слова “паэт”, таксама павінен шырока разяўляць рот. Прынамсі, трошкі шырэй, чым звычайна. Так мова нагадвае нам пра тое, што паміж кебабам і паэзіяй існуе дзіўная сувязь. Паэту патрэбны кебаб. Кебабу патрэбны рот. Роту патрэбныя словы. Словы патрэбныя паэзіі. Паэзія патрэбная паэтам.

Гэта як горад, дзе ўсё знаходзіцца паміж сабой у нелінейнай, ненаўпроставай залежнасьці.

На адной з бэрлінскіх вуліц юнак Нільс Хольгерсан пабачыць ровар бяз колаў. Дакладней, колы ў яго будуць, але намаляваныя. Іржавы бязногі ровар будзе вісець на сьцяне, на ланцугу, і там, дзе мусілі б быць колы, проста на цэгле сьцяны будуць намаляваныя два кругі са сьпіцамі. У Бэрліне можна пабачыць што заўгодна, асабліва ў прыдуманай будучыні, гэты дзіўны ровар быў мастацкім творам, а можа, проста помнікам свайму двухколаваму ўлюбёнцу — і ўсё ж Нільс застыў перад гэтай карцінкай, матэрыяльны ровар, намаляваныя колы, іржа і ружовая фарба, здымі зьвера з ланцуга, садзіся яму на загрывак і едзь, каці, каціся, кацігарошак, Käthe Kollwitz з табой, па бэрлінскіх вуліцах, на накрэмзаных у паветры блінах, гнільс-гнільс-гнільс: і вось ты ўжо на Курфюрстэндам.

Напэўна, гэта было ўпершыню, калі ён напісаў верш.

Парадаваўшыся за Нільса і ўявіўшы ніколі ня бачаны мною Бэрлін (цікава, ці бывае там такая саплівая сьпёка?), я перайшоў вуліцу і кінуўся ў склеп сэканд-хэнду. Да сустрэчы заставалася яшчэ паўтары гадзіны. Па прыступках уніз — і вось я ў бясьпецы, тут штучны ветрык і пахне антымольлю, і адзеньне адклейваецца ад скуры, добры склеп, мой фамільны, часта там бываў, час ад часу купляў штосьці, штосьці гэткае.

Стоячы перад люстэркам, я разглядзеў сябе і прыйшоў да высновы, што выглядаю проста жудасна. Жу: чорная футболка з надпісам “404. Belarus not found”, пакамечаная, запраная, расьцягнутая на шыі, нібы ў яе слана прасоўвалі, прасторная, на два памеры большая за мой, такія футболкі былі папулярныя шэсьць гадоў таму ў раёне плошчы Перамогі ў горадзе Мінску. Да: джынсы, якія выпуч­валіся на каленях двума агіднымі шарамі, прыдуманыя яўрэем мэрыканскія штаны турэцкай вытворчасьці, зашмальцаваныя, занадта кароткія, на шрубах. Сна: на босых нагах хлюпанцы, брудныя, разьбітыя ад начных і дзённых блуканьняў, нястрыжаныя пазногці выглядваюць, як галодныя дзеці. Жудасна. Твар загарэлы, нямыты, шчасьлівы, сівая шчэць точыцца каля вачэй, на галаве сумбур замест музыкі, рэдкія ўскудлачаныя валасы. Се чалавек. Сим победиши хаос и мерзость. Сим ён кажа сім-сім-адчыніся гораду М. у самы сьпя­котны дзень ад пачатку часоў “Луч”.

А пінжачок нічога. Ільняны. Купіць такі, накінуць — і адразу з бамжакі ператворышся ў багемнага іншаземца, які ад няма чаго рабіць блукае Менс­кам і мармыча нешта па-свойму, па-іншаземску. Дзьвесьце тысяч, гэта дваццаць рублёў новымі, на рукаве пляма: дзе ты сядзеў, уладальнік пінжачка, у якую салату апусьціў задуменна локаць, у якім горадзе з Магдэбурскім правам? І хто сказаў табе: сыньёр, у вас локаць у талерцы. Грацые, грацые, сыньёра, міо пінжакко э фініто.

Я зайшоў у кабінку, накінуў проста на сваю нотфаўндлэндавую футболку. Мой памер. Трэба браць. Праўда, пляма. Праўда, у плячах завялікі, разношаны бо. Праўда, дзірка на падкладцы. Але ён мой. Уно пінжакко, сыньёра, іль джорно фортунато, ма ля кальдура э тэррыбіле. Так я скажу.

Я выйшаў з кабінкі і падышоў да вялікага люс­тэрка. Хто яго ведае. Браць-ня браць? Здаецца, ён усё ж быў занадта стары і паношаны. І ўсё ж: спакуса.

У люстэрку за сваёй сьпінай я пабачыў фіранку суседняй кабінкі. А пад ёй — жаночыя голыя ногі. Голыя костачкі. Сам ня ведаю чаму вярнуўся да сваёй прымерачнай, але не зайшоў, стаў перад фіранкай, прыхіліў пакет да сьцяны, уздыхнуў, пацёр рукі — і зазірнуў у шчыліну чужой кабінкі. На імгненьне. Не стрымаўся. Сорамна, сорамна. Пабачыў няшмат, станік, плячо, нахіленую да спадніцы галаву. Адхінуць, таргануць, раскрыць, сказаць: можна я на вас пагляджу? Проста пагляджу. Я не пасьпеў разглядзець усяго. Мне трэба ведаць, як вы выглядаеце, калі здымаеце спадніцу. Навошта? Не, вы не падумайце, што я маньяк які-небудзь, я не падглядваў, гэта ўсё шчыліна, яна спакусіла, я не хацеў, а зараз я выйду на сьпёку і ўвесь дзень буду мучыцца, вас дадумваючы. Дазвольце мне проста паглядзець і пайсьці. Што вам, шкада?

Апошняя фраза была б такой брыдкай. Вядома, я гэтага не зраблю. Ніколі так не зраблю. Так і пайду, са словам “панамка” у галаве і з вобразам шчыліны, недагаворанай прыгажосьці, так і дажыву гэты дзень: панамка, пакет, голае плячо невядомай жанчыны.

Цяжка.

“Я вазьму”, — паволі кажу я, кладучы пінжакко на прылавак.

Я буду пахнуць склепам.

Як дурань, буду бадзяцца па горадзе з пакетам і ў ільняным чужым пінжаку, калі горад разьдзяваецца, падстаўляючы сябе сонцу. Сонцапаклоньнікі вяртаюцца з працы, ровары круцяць коламі, сьцёгнамі, шортамі, дупамі, я ўжо занадта стары, каб быць адным зь іх.

Пінжаку не падабалася на мне. І надвор’е яму не падабалася. Нічога, звыкне, зласьліва думаў я, ідучы міма Камароўкі ў бок Праспэкту. Бог цярпеў і пінжакам вялеў. Так я ішоў і разглядваў свае адбіткі ў вітрынах кіёскаў і шкле гандлёвых цэнтраў, у шчытах сацыяльнай рэклямы і акулярах мінакоў. Зусім іншы чалавек ішоў да плошчы Якуба Коласа. Сур’ёзны, салідны, прэдставіцельны. Летні стыль. Лянівы і расслаблены я.

Лянівы і расслаблены я пайшоў па Праспэкце ў бок плошчы Перамогі. Перайшоў трамвайныя пуці, зірнуў на гадзіньнік. Яшчэ гадзіна яму заставалася, гэтаму мне ў новым пінжаку — і гэты я павярнуў направа, дайшоў да аркі, выйшаў да старога тралейбуснага дэпо, тут была галерэя Ў, а яшчэ бар ды кнігарня, сонца страшна сьмяялася са сьляпуча-белых столікаў, людзей не было відаць, сьмяротнаму тут ня выжыць. Я прайшоў міма, потым вярнуўся, заскочыў па прыступках у кнігарню. Прыклаўшы нагу да гэтага іхнага нулявога кілямэтра, пачатку кніжных дарог Беларусі. Там у іх на ганку быў такі адбітак нагі. А на белай сьця­не надпісы: маўляў, адсюль да нейкага пісацеля столькі і столькі кілямэтраў. Або дзён, або тысяч на таксі. Напэўна, пісацелі любяць езьдзіць на таксі. Калі б я быў пісацелем — я б толькі на таксі і езьдзіў. Сядзеў бы на заднім сядзеньні ў цёмных акулярах, паглядваў на горад і цадзіў бы скрозь зубы:

“Менск... Менск... Хто зжэр душу тваю? Хто пастрыг табе ўсе валасы ў носе? Хто развучыў цябе чытаць геніяльныя кнігі, напісаныя, у тым ліку, мной, гэтымі вось рукамі?..”

І ламаў бы пальцы ў роспачным жэсьце, і плакаў бы, і плаціў таксісту больш, чым мог сабе дазволіць.

І кляўся б гэтаму таксісту ў любові да народу.

У кнігарні было пуста. Толькі прадавец сядзеў, у манітор глядзеў — стылёвы хлопец з ра­зумнымі вачыма. “Добры дзень”, — павітаўся ён са мной зычліва, і гэта быў адзіны прадавец сёньня, які наважыўся сказаць такія словы. Напаўняючы кнігарню пахам свайго сьпінджакко, я адказаў яму няясным бурчэньнем і прабег вачыма кніжкі. Вядома, расейскія. Вось гэтыя я хацеў, даўно хацеў, трэба ў Мамы грошай папрасіць, калі вернецца: “Почему мужчина должен хорошо одеваться” Адольфа Лёаса (чуеш, сьпінджакко?) — і другую, тоўстую, цудоўную, смачную: “Наука приготовления и искусство поглощения пищи” Пэлегрына Артузі. Я патрымаў у руках першую, разгарнуў другую, з асалодай прачытаўшы пад нос ачмуральныя радкі:

“Говорят, в тосканской Маремме, когда приходит время кастрировать жеребят, друзей приглашают на обед, где главным блюдом служат как раз жареные яички кастрированных лошадей. Об их вкусе ничего не могу сказать, поскольку никогда не пробовал, хотя этот конский, а может, даже ослиный орган мы с вами не раз едали, сами того не ведая.

Я расскажу вам о бараньих яичках, которые наверняка ценятся не меньше, и вкус у них, как у субпродуктов, а то и нежнее.

Отварите их в соленой воде, потом надрежьте вдоль, снимите верхнюю пленку, состоящую, как уверяют физиологи, из туники и эпидидимиса. Порежьте мякоть тонкими ломтиками, хорошенько обваляйте в муке, потом во взбитом яйце и обжарьте...”

Гэта было хораша.

О мама мія, як жа гэта было хораша.

Я паставіў кнігу на месца і ўжо зьбіраўся сыходзіць.

“Не жадаеце кнігі беларускіх аўтараў паглядзець?” — спытаў прадавец.

Я хмыкнуў. Мне падабалася думаць пра гэтых “беларускіх аўтараў” — але чытаць іх? Prego uvolto. Я ўжо даўно выйшаў з таго ўзросту, калі людзі цікавяцца беллітам. Вядома, часам мне трапляліся іхныя імёны, нейкія інтэрвію, нейкія малаўцямныя апісаньні іхных кніжак... Але купіць і чытаць тое, што яны панапісвалі?

Аднак прадавец быў добры знаўца сваёй справы — і вось я ўжо стаяў перад паліцамі з сучбеллітам, як яны гэта завуць на сваім жаргоне. Ну што ж, нічога не зьмянілася, нехаця прабег я вачыма па сьпінках кніжак у мяккіх вокладках.

“І што вы мне парэкамэндуеце?” — спытаў я з выклікам. Мне не хацелася сыходзіць з кнігарні — але і кніжкі айчынных жывых клясыкаў гартаць не хацелася. Хацелася халоднага піва. Хацелася заплюшчыць вочы. Хацелася праваліцца ў сон і прысьніць яйцы маладога баранчыка.

“З прозы: вось новая кніга Трухановіча... “Крыжаванка”, постмадэрнісцкі раман, бэстсэлер... — прадавец працягнуў мне цагліначку, я ўзважыў у руцэ: на прэмійку пацягне. — Вось біяграфія Пятра Марцава, калі вы цікавіцеся такой літаратурай. А гэта сямейнага сага, “Плян Бабарозы”. Павел Касьцюкевіч. Яшчэ ёсьць апошні Бахарэвіч, “Бэзавы і чорны”, кніга пра Парыж праз акуляры белліту”.

Ну так. Трухановіч. Той, што напісаў раман “Лебяда” — а на вокладцы гэтае слова напісана так, нібыта там стаіць: “Лібіда”. Ага. Касьцюкевіч, Бахарэвіч. Усе гэтыя ічы. А пачытаць няма чаго. Праўда, Касьцюкевіча я не чытаў, мо і цікава, сямейная сага можа быць забаўнай. А вось за папсовага Трухановіча і нуднага Бахарэвіча я брацца ня стаў бы. Некалі я іх любіў. У іншым жыцьці. Пакуль не адкрыў для сябе іншыя кніжкі. І высьветлілася тое, у чым я ня стаў бы прызнавацца прылюдна. Што белліт другасны... Такі другасны, што шкада робіцца ўсіх гэтым нашых пісьменьнікаў. Спадзяюся, у іх на таксі хапае.

“А з паэзіі: вось новая кніжка Вальжыны Морт”.

“Ня ведаю такога паэта”, — суха сказаў я.

“А гэтую кніжку Хадановіча чыталі? “Цягнік Чыкага-Токіё”?”

Вядома. Хадановіч. Трухановіч, Бахарэвіч, Касьцюкевіч, Хадановіч, Мартысевіч, Адамовіч. Адны ічы. Падазроная еднасьць.

“Вось другі зборнік Юлі Цімафеевай, “Цырк”, вось Інга Шпакоўская, “Крылы Мэма”, а гэта Наста Кудасава, ляўрэатка прэміі “Кніга году”. Антон Рудак”.

“Прыгожыя вокладкі”, — прамовіў я.

“Ёсьць і яшчэ нешта, — сказаў прадавец і выцягнуў з-пад стала тоўстую кнігу. — Яна, канечне, на аматара. Рэпрынтнае выданьне альбома пачатку дваццатага стагодзьдзя. Зь вершамі на невядомай мове. Франсуаза Дарлён. Пагартайце, можа, вам будзе цікава”.

Я патрымаў кнігу ў руках. Прыемны цяжар. Але жаданьня разгортваць гэты том, у якім былі вершы невядомай паэткі, ды яшчэ на невядомай мове, у мяне ня ўзьнікла. Вось калі б там былі ілюстрацыі...

“Дзякуй. Я, напэўна, пайду”.

“Да пабачэньня”, — весела сказаў ён, здаецца, зусім не засмуціўшыся, і вярнуў кнігу пад стол, туды, дзе стаялі кардонныя скрыні.

І зноў я выгнаў сябе на гэтую сьпёку. Калі ж ужо скончыцца Этат Адзкі Ад? Я нырнуў у цень дрэваў, што навісалі над гаражамі. І ўспомніў, што зусім недалёка ёсьць месца, дзе можна нядорага пася­дзець пад парасончыкам з куфлем піва. Ну вядома, “Шчодры”. “Шчодранькі”. Шчодры вечар у цені нэкропалю... Я імкліва пашыбаваў да аркі, перабег вуліцу Кісялёва, завярнуў за рог. Помнік Перамозе (“А каго вы перамаглі?” — неўразумела пытаўся ў мяне калісьці латыскі знаёмы, якому я паказваў Менск. Я думаў, жартуе. Зьдзекуецца. А ён і праўда ня ведаў... Да чаго дайшоў прагрэс у Савецкай Латвіі!)

У бары “Шчодрым” стаяў ледзяны холад. Чорт, тут было нават халадней, чым у мэтро. Відаць, гэта і мелася на ўвазе, калі яго адчынялі. Закускі ніякія, слодычы банальныя, піва адзін гатунак, затое холад — найшчадрэйшы. Такі, што ўжо праз хвіліну захацелася пагрэцца. На шчасьце, адзін са столікаў быў вольны. Адзін з трох — трэба зай­маць. Я хуценька ўзяў сабе піва і арэшкаў, запоўніць дзіркі ў гнілых зубах. Сеў, агледзеўся, зрабіў першы, асьцярожны глыток. Цеплаватае, як і ўсё навокал. Але мы не пераборлівыя, мы, людзі ў пінжаках, якія мараць пра кнігу Пэлегрына Артузі і разважаюць пра Нільса Хольгерсана. Нільс ужо ўладкаваўся ў адну маленькую кнігарню на Агамэмнанштрасэ. Ён там будзе працаваць ажно пакуль яе не зачыняць...

Прымружыўшыся, я выпіў палову куфля і пачаў разглядваць суседзяў. За маёй сьпінай дзьве дамы вуркаталі пра тое, што сёньня самый жаркый день за всю историю наблюдений.

Пра што яны? Якіх наблюдзеній? Тысячу гадоў таму ў гэтым горадзе таксама мог жыць нейкі стараславянскі фрык, які вёў запісы пра сонца і лета. Але хто яго ўспомніць. Сапраўдная гісторыя нябачная. Сапраўдную гісторыю трэба дадумваць. Выдумляць.

...и не надо оскорблять.

А побач, за суседнім столікам, двое мужчын, адзін майго ўзросту, адзін малады, можа, нават студэнт, барадаты, дробненькі, абмяркоўвалі нешта. Інтурысты. Авантурысты. Той, які маладзейшы, выглядаў цалкам па-эўрапейску, зрэшты, такіх маладзёнаў, як гэты, можна сустрэць ад Лос-Анджэлесу да Кіёта. Першы быў сіваваты, нэрвовы, вочы гараць, майка старая, на нагах парэпаныя туфлі, на каленях жоўтых штаноў мокрая пляма. Непрыстойнага выгляду іншаземцы, карацей — а можа, толькі адзін зь іх турыст, а другі наш, тутэйшы, але хто зь іх хто, сказаць было цяжка. Можа, яны нао­гул выдурваліся. Надта ўжо свойскі быў у іх акцэнт. Што ж, кожны вар’яцее па-свойму.

“O balzoje sveuta fuzu mau neistoje, — сказаў ста­рэйшы. — Аkkau nekau fuzu o aluzoj, stogo nau mau neamiluzu... Bilad”.

“U o ujmahinoje nenormoju dinutima au aluzu istuzu uve klinkutima, — адгукнуўся маладзейшы, пачухаўшы загарэлае калена. — Oku, au us tau bif nedeu u dreutejlima, onkuru tau da au, da liuta...”

“Narmaldy”, — адказаў першы і яны па-змоўніцку засьмяяліся.

Вось нахабы.

“Выбачайце, на якой мове вы гаворыце?” — ня вытрымаў я, зь цяжкасьцю падбіраючы ангельскія словы, якія даводзілася выхопліваць з набрынялай сьпёкаю, павіслай сваёй галавы. Хацелася спаць. Але і адказ ведаць таксама хацелася. Вось жа натура ў нас, людзей. Цікаўныя мы. На гусака залезем, толькі б ведаць, што там, за лесам, у канцы, за мяжою...

“Romanch”, — ашчэрыўся старэйшы. Маўляў, швай­царская раманшская, швайцарцы мы, там­тэй­шыя, рэдкія птушкі ў вашым вадасховішчы.

Я кіўнуў:

“Прыгожая мова”.

Малодшы хітра зірнуў некуды ўбок — і яны працягнулі сваю размову, ужо цішэй, паглядваючы на мяне неяк пераможна, так, што хацелася ім штосьці крыўднае сказаць. Што можна крыўднае сказаць швайцарцам, якія на сваіх рэтараманскіх дыялектах балакаюць? Што можна наогул крыўднае сказаць швайцарцам? Нічога не прыходзіла мне ў галаву. Ну, можа, пра тое, што яны ў другую сусьветную нікога не перамаглі. А баязьліва выконвалі ўсе загады Гітлера, толькі б захаваць свой цудоўны нэўтралітэт. Ці вось пра што: у 1938 Швайцарыя заключыла дамову з нацыстамі, што ня будзе даваць палітычны прытулак асобам са штампам “J“ у пашпарце. І наогул, успомніў я: яны толькі ў 1971-м надалі жанчынам права голасу. Апошнімі ў Эўропе. І гэтыя людзі забараняюць нам калупацца ў...

Швайцарцы раптам засьмяяліся.

Ці ведаюць яны пра ўсё гэта? Малодшы дык дакладна не. А вось старэйшы, канечне, у курсе. Як скрывілася б ягоная пыса, калі б я яму прыгадаў “швайцарскую” віну?..

“Памагіте”, — пачулі мы і разам азірнуліся.

На прыступках каля ўнівэрсаму “Шчодры” ляжаў нейкі пажылы дзядзька. Відаць, яму зрабілася блага ад сьпёкі і ён упаў проста на хаду, ударыўшыся галавой аб асфальт. Яшчэ адна ахвяра сёньняшняга мікрахвалёвага дня. Жанчыны кінуліся да яго, мае швайцарцы змоўклі і зь цікавасьцю сачылі, што будзе далей.

“Здесь недалеко поликлиника есть, на Киселева! — сказаў грузчык “Шчодрага”, падымаючы непрытомную ахвяру. — Эй, мужики, помогите кто-нибудь!”

Швайцарцы замахалі рукамі — маўляў, мы ні пры чым. Я зірнуў на гадзіньнік, трэба было ісьці да цырку. Грузчык плюнуў і пацягнуў няшчаснага ў цень. Піва было дапітае, я даў куфлю саскочыць са століка і паскакаць па плітцы, а сам рушыў на Праспэкт. Застаўся яшчэ адзін марш-кідок. Зусім кароткі. А затым — спаць. Спаць. Спаааць...

Загрузка...