2.

Аднойчы я запарыў кавы, сеў за стол і прыдумаў сваю мову.

Прыдумаўшы, я адкінуўся на сьпінку крэсла і нясьпешна агледзеўся.

У попельніцы скурчыліся пяць недапалкаў. Бе­зыменная кветка на падваконьні задумалася пра Blut und Boden. У маім ціхім, нецікавым двары было ўжо цёмна, у доме насупраць даўно ўключылі сьвятло і завесілі фіранкі. Як у прымерачных кабінках. Голыя людзі за фіранкамі прымервалі на сябе адно аднаго: цісьне? Ня цісьне? Нармальна... Сайдзёт для сельскай меснасьці, як казалі мае гарадзкія бацькі.

Ноўтбук ціха вуркатаў у цішыні кватэры, ась­вятляючы мой твар.

Шэры твар чалавека, які прыдумаў сваю мову.

На нейкі момант я пабачыў сябе нібы збоку. Быццам я сяджу каля вогнішча, і вакол лес, і я ведаю толькі тры словы, і мне хапае.

У такія імгненьні, калі ты сядзіш перад уключаным ноўтбукам у цёмнай кватэры і глядзіш у акно, часам можа падацца, што ўсё на сьвеце прыдуманае табой. Што менавіта ты толькі што настукаў на клявішах гэты дзіўны сьвет, які жыве сваім жыцьцём. Небясьпечнае адчуваньне. І як жа балюча бывае, калі разумееш, што ты тут наогул ні пры чым. І сапраўды, навокал не было нічога, да чаго б я прычыніўся. Усё — ад даху над галавой да наймізэрнейшай мікрасхемкі, ад вулічных ліхтароў да колца запальнічкі — было прыдумана, змайстравана, пабудавана, пафарбавана і названа іншымі. І людзі за фіранкамі не зьбіраліся станавіцца да мяне ў чаргу. Пра іхныя намеры я наогул нічога ня ведаў. Як і яны пра мае. Звычайна я меў у сваім распараджэньні толькі час. Пустыя клеткі, у якія трэба было сябе ўпісаць. Клетак мала, а цябе шмат. Трэба ісьці на хітрыкі.

Гэтым разам, аднак, выйшла інакш.

З таго моманту, як я сеў за стол з кубкам кавы, мінула дзьве гадзіны. Падавалася, што навокал нічога не зьмянілася, апрача асьвятленьня. Я застаўся ранейшым. І сьвет быў такі самы, як за дзьве гадзіны перад тым. Такі самы, і ўсё ж зусім іншы. Там, за акном, хадзілі людзі, і кожны зь іх карыстаўся чужой мовай, а я меў сваю. Сам па сабе гэты факт нічога не вырашаў — і ўсё ж напаўняў мяне дзіўнай радасьцю. Быццам мяне прызналі вінаватым у злачынстве, на якое я ніколі б не наважыўся.

Я адчуваў стому. Велічную стому бога, вясёлую стому творцы. Раптам я адчуў, што галодны, пайшоў на кухню, паўсюль уключаючы сьвятло, дастаў зь лядоўні кавалак каўбасы і пачаў прагна жаваць, запіваючы танным віном проста з пакета. За сьцяной забрахаў сабака, зазьвінелі ключы, там расклеілі рот тэлевізару і ён адразу ва ўсім прызнаўся. Я націснуў кнопку электрычнага чайніка, стары, чорны савецкі лічыльнік каля дзьвярэй затрашчаў, закруціўся, як кружэлка, зь якой зараз пальецца ці то вальс, ці то джаз, ці то марш. Нешта, што даўно ўжо ня ў модзе. Раптам мне зрабілася страшна, што файл з маёй працай мог зьнікнуць — я кінуўся назад да стала, праверыў: ён быў на месцы, прыдуманая мной мова сьвяціла мне ў твар, як поўня. Я акуратна скапіяваў файл на флэшку і схаваў яе ў надзейным месцы. А потым выключыў ноўтбук, адчыніў акно, выкінуў недапалкі. Хутка мелася прыйсьці Верачка. Але ні яна, ні суседзі, ніхто, ніхто ва ўсім сьвеце ня мусіў даведацца, што сёньня ўвечары я запарыў сабе кавы, сеў за стол і прыдумаў...

***

Я назваў яе бальбута. Аднаму богу вядома, чаму.

А богам быў я.

Лінгваканструяваньнем я пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве.

Памятаю, мы з прыяцелямі выразалі з паперы фігуркі людзей, размалёўвалі іх і гулялі на падлозе ў дзяржавы: ваявалі, мірыліся, гандлявалі, прырасталі землямі — дывановымі сібірамі, горнымі хрыбтамі канапаў і іншымі каляніяльнымі ўладаньнямі. Трэба было абзавесьціся як мага большай колькасьцю народу: з-пад нашых нажніцаў на падлогу сыпаліся салдаты, сяляне, чыноўнікі, сьвятары, маракі, купцы. Больш за ўсё, вядома, мы любілі рабіць салдатаў: прыдумлялі ім абмундзіраваньне і зброю, знакі адрозьненьня, чыны і нават характары — для самых гераічных. Гульню прыдумаў я — і імгненна падсадзіў на яе астатніх, мы маглі поўзаць па падлозе гадзінамі, перамяшчаючы нашыя войскі і пасяленцаў, будуючы гарады і ўвесь час ведучы перастрэлкі і бітвы: тышч, тышч, тыдышч. Тысячы фігурак былі падуладныя нашым загадам. Нам было гадоў па дванаццаць-трынаццаць, эпоха кампутарных гульняў яшчэ не надышла, але мы атрымлівалі ад нашай забавы такі кайф, якога не адчуеш ад сучасных стралялак, аркадаў і стратэгій. Мы гулялі пасьля школы ў мяне дома, зроблены намі сьвет трэба было прыбраць да прыходу бацькоў з працы, інакш згортвацца даводзілася ў сьпешцы, пад нагамі ў дарослых, і можна было ў мітусьні забыць, якія на сёньня ў нашым сьвеце ўсталяваныя межы. Часам дарослыя прыхо­дзілі раней і ўсё ж засьпявалі нас за гэтай групавой памарокай. Спачатку яны не зьвярталі ўвагі, што робіцца ў іх пад нагамі, але з часам нашая гульня пачала іх насьцярожваць. Пэўне, існавалі нейкія невядомыя нам бацькоўскія нарады. Бо бацяня аднаго з прыяцеляў, сустрэўшы неяк на вуліцы нашую кумпанію (мы акурат ішлі да мяне з поўнымі кішэнямі фігурак), спыніў нас і зь нейкай лагоднай лютасьцю ў вачах сказаў, гледзячы ў вочы не каму іншаму, а мне — і ўхапіўшы мяне вышэй за локаць:

“Слыш? Вы ж здаровыя хлопцы! Что вы херней маецесь? Шлі б уже дзевак ціскаць... Набухайцесь вазьміце, ілі там ня знаю, лбы себе паразьбівайце. Што вы ўсё па палу поўзаеце?”

“Папа, ідзі куда шол”, — прамармытаў мой прыяцель. Мы стаялі і сарамліва лыбіліся, ня ведаючы, што сказаць. Ён быў Папа. З правам караць ці мілаваць, з пляўкамі замест вачэй, пралетарскімі кулакамі, з пэнісам, перагарам, прынцыпамі. А мы былі ніхто, падлеткі з папяровымі цацкамі ў кішэнях школьных пінжачкоў.

“А ты бацьку рот не затыкай! Будзеш с нім і дальшэ поўзаць, не мужык із цебя палучыцца, а хуй бумажны!”

Ён сьціснуў маю руку яшчэ мацней. Ён быў выпіўшы. Ён лічыў, што мае бацькі абыходзяцца са мной недастаткова сувора. Але што ён мог зрабіць? Толькі адпусьціць мяне, залезьці да сына ў кішэню пінжачка і вытрасьці зь яго цэлы народ, салдатаў, вандроўных манахаў, палкаводцаў, купцоў, кавалёў — вытрасьці проста на асфальт, на які кагосьці нядаўна званітавала сьвежай смуроднай вясной, кагосьці вялікага, хто плыў цяпер па небе і ў каго мы ўжо трынаццаты год блыталіся пад нагамі.

Ён патаптаў фігуркі, умясіў іх у лужыну, гэты ўсёмагутны айцец, сапраўдны бог, не папяровы, на асфальце цяпер была брудная каша з фантазіяў ягонага сына, і ён меў поўнае права прымусіць свайго атожылка стаць зараз на калені і зьлізаць яе. Я глядзеў на гэтага бацьку, як загіпнатызаваны. Такая ўлада мяне захапляла. Ён заўважыў мой позірк, плюнуў і пайшоў прэч.

Цьвярозым ён мяне баяўся. І называў за вочы так: “этат бальной”. З павагай і пагардай адначасова — бывае і так. Мы жылі ў нядаўна пабудаваным мікрараёне на самым краі гораду, тут усе ведалі ўсіх, тут цяжка было мець таямніцы. Ён баяўся, што я заражу ягонага сына сваёй “балезьню” — сваёй папяровахуёвасьцю, сваёй папяровапаўзучасьцю, сваёй ненармальнай любоўю да кніжак.

Як я ўжо сказаў, ідэя гульні належала мне, прыяцелі зайздросьцілі і ўвесь час намагаліся неяк паўплываць на правілы, а мне гэта не падабалася. Таму часам мы падымаліся з падлогі і супрацьстаяньне працягвалася ў паветры — і ўжо не папяровыя людзі, а суворыя багі станавіліся адзін супраць аднаго, сьціскаючы кулакі.

І менавіта мне належала іншая ідэя: пачаць рабіць для гульні ня толькі папяровых салдатаў, манахаў і рабочы люд, але і жанчын. Што й казаць: над жаночымі фігуркамі мы сядзелі значна даўжэй, бо паспрабуй ты выражы ўсе гэтыя таямнічыя выгіны і кашэчыя абрысы, усе гэтыя карункі загадкавых целаў, прыдуманыя некім для нашага пакараньня, целаў, целаў, ад адной думкі пра якія пацелі далоні, балелі смочкі і ныла паміж ног. Варта руцэ дрыгнуць — і замест жанчыны маеш апухлую, бясформенную старую ведзь­му. А старыя ня лічацца. У нашых гульнях наогул не было ні старых, ні дзяцей. Толькі здаровыя белыя папяровыя мужыкі, якія думалі пра забойства сабе падобных.

Якая ж гэта хвароба — быць хлопчыкам. Маё цела нагадвала мне тады веснавое дрэва. Я бачыў нешта роднае майму беднаму хлапечаму целу ў першых пупышках на гальлі, у тым, як ім увесну баліць распускацца, у іхным пушку і іхным ранішнім сакавіцкім стогне, які, здаецца, чуў толькі я сам. Якая ж гэта была пакута. Пакута трынаццацігодзьдзя. Бо фантазія ў нас тады працавала так, што не патрэбнае было ніякае порна, ніякія стымулятары. Аднойчы я ня вытрымаў і пачаў рабіць фігуркі аголеных кабетаў, усе заржалі і з палёгкай пачалі пераймаць мяне, а потым мы ляжалі жыватамі на сваіх імпэрыях і параўноўвалі, у каго што выйшла, мы валяліся на падлозе чырвоныя, як быццам з нас зьдзерлі скуру, і чамусьці не хацелася глядзець адзін аднаму ў вочы, і рабілася страшна, што зараз вернуцца бацькі і засьпеюць нас за гэтай гульнёй. Мы настолькі гэтага баяліся, што зьнішчалі жаночыя фігуркі пасьля кожнай гульні, і наступны раз іх трэба было майстраваць наноў. І мы майстравалі, апантана і няўклюдна — і больш не разумелі, хто мы: багі, рабы ці вар’яты, і гучна сьмяяліся, і лаяліся, і лезьлі на сьцены ад чагосьці невымоўнага, страшнага і непазьбежнага.

Аднойчы, пасьпеўшы зьнішчыць усе аголеныя фігуркі якраз перад прыходам бацькоў, я, седзячы з мамай і татам перад тэлевізарам, з жахам заўважыў, што адна фігурка засталася ляжаць пад канапай. Як я мог недагледзець яе, не заўважыць! Што будзе, калі мама знойдзе яе (яна прыбіралася часта, ледзь ня кожны дзень)... Я ўжо ня мог глядзець фільм, я думаў толькі пра гэтую забытую фігурку. А бацькі сядзелі побач са мной, як прыкаваныя. Зь цяжкасьцю дачакаўшыся, калі фільм нарэшце скончыцца, я доўга не сыходзіў з пакоя, але ніяк ня мог застацца адзін. Потым мяне паслалі на кухню па варэньне, затым бацькі выходзілі, але па адным, кожны раз па адным, я ніяк ня мог выбраць момант, каб схапіць тую злашчасную фігурку і схаваць у штаны. Я згараў ад сораму. Нарэшце застаўшыся ў пакоі без бацькоў, я палез пад канапу, але фігуркі там не было! Ніякай фігуркі, толькі чысьціня — і гэтая абсалютная чысьціня палохала мяне больш, чым любы скандал. Яна была там. Я яе бачыў. Куды яна падзелася? Адказ на гэтае пытаньне доўга не даваў мне спакою.

Пазьней, калі я ўжо быў цалкам сабе дарослым чалавекам і часам заставаўся дома адзін, я некалькі разоў не вытрымліваў і клаўся на падлогу, быццам шукаў тую згубленую жанчыну. Яе нідзе не было. Я браў нажніцы і паперу, і вакол мяне зноў вырасталі імпэрыі дзяцінства, мае салдаты, сяляне, жрацы няісных рэлігій, а я ляжаў з заплюшчанымі вачыма і маркотна прыслухоўваўся да сваіх адчуваньняў. Часам мне падавалася, што сэрца коле нешта знаёмае, я чакаў знаёмага, забытага ныцьця ўнізе жывата, ляжаў, баючыся спужаць мінулае, якое, я думаў, вось-вось прашмыгне міма па пустой кватэры — але ўрэшце прыходзіла толькі расчараваньне. Туды не вяртаюцца. Прынамсі, на самоце. Патрэбныя ворагі або саўдзельнікі, але ніхто ня здольны выклікаць іх з царства ценяў.

Пры чым тут лінгваканструяваньне, запытаецеся вы? Пры чым тут бальбута? Хіба яна нарадзілася ўжо тады? Вядома, не. Да бальбуты было яшчэ як да месяца.

Як заточанаму зубу алоўка да папяровага месяца.

Рэч у тым, што тады, падлеткам, гуляючы ў нашыя дзіўныя гульні і перасоўваючы па падлозе папяровыя фігуркі, я меў да прыяцеляў адно важнае патрабаваньне. Калі ўжо мы маем свае дзяржавы і народы, мы мусім прыдумаць ім мовы, нецярп­ліва тлумачыў я ім. Гэта падавалася мне такім відавочным: да сьлёз! — але, на жаль, толькі мне аднаму. Прыяцелі нехаця пагаджаліся, ды што толку: ім хапала двух-трох бязглуздых фразаў — чыста для дэкору, бессэнсоўных фразаў, якія яны самі ня ў стане былі запомніць. І калі я пачынаў іх распытваць, як будзе на іхных мовах сёе ці тое слова або выраз, вельмі хутка яны не вытрымлівалі. Я добра памятаю іхныя сіплыя распсыхаваныя галасы: я толькі гульню ім псую сваімі капрызамі. Цяпер я, канечне, усё разумею. Іх захапляла іншае: тышч, тышч, тыдышч, улада, стрэлы, войскі і голыя жаночыя фігуркі. Прыдумаўшы свайму народу пару словаў з галавы, яны лічылі, што гэтага цалкам дастаткова, і раздражняліся, калі я лавіў іх на жудасных неадпаведнасьцях моўнага ладу.

У мяне ж усё было сур’ёзна. У тоўстых сшытках я складаў слоўнікі і граматыкі падуладных мне папяровых людзей. І строга сачыў за тым, каб усё ў маёй краіне было паводле правілаў. Калі нейкі з маіх генэралаў выдаваў пісьмовы загад, мне даводзілася ня раз зазірнуць у свае сшыткі. Мае генэралы ня мелі права на памылку. Прынамсі, на моўную. Сяброў гэта раздражняла. Іхныя сьпехам нарэзаныя народзікі шпарылі па-расейску, хоць і мелі, на паперы, свае нацыянальныя мовы. Нешта нагадвае, праўда? У маіх войсках і таемных службах нават былі адмыслова выразаныя і размаляваныя спэцыялісты ў цёмных акулярах, каб вывучаць мову ворагаў — але ім проста не было чым заняцца і яны праціралі на дыванах свае папяровыя штаны.

Такім чынам, сябры не зьбіраліся марнаваць час і паперу на такія дробязі, як нейкае там лігнваканструяваньне, і, напэўна, лічылі мяне тым яшчэ занудам. Але ў гульні мае яны гулялі з падлеткавым імпэтам — бо ніхто іншы ня мог прапана­ваць ім нічога падобнага. Адзін зь сябрукоў уладзіўся ахоўнікам у вялікім гіпэрмаркеце. Калі я яго сустракаю, дык раблю выгляд, што мы не знаёмыя. Іншы сьпіўся і памёр у Маскве. Ён любіў перакручваць словы: гэта ягоны выраз, які ён паўтараў з тупой асалодай і нейкім кішэчным сьмехам — “нармалды”. З націскам на “ы”. Нармалды, Алежка, все нармалды. Усе сьмяяліся. Апрача мяне. Пад іхны дурны сьмех я разважаў, адкуль ды навошта тое ненармальнае “нармалды” і як яно магло прычапіцца да нашай расейскай мовы, відавочна нешта дзікае, цюркскае, дурны дзядоўнік з далёкага стэпу, прынесены сьляпым ветрам з аднаго канца імпэрыі ў другі.

Трэці прыяцель зьехаў у Ангельшчыну і неяк праз шмат гадоў знайшоў мяне ў фэйсбуку. Ён даволі доўга даставаў мяне, пішучы мне ў прыват бадзёрыя пытаньні наконт таго, чаго я дабіўся ў жыцьці — і ўсё па-ангельску. Чаму раптам па-ангельску? Каб не прынялі за нашага? Але хто яго пабачыць тут, у прыватным чаце? Неўзабаве мне зрабілася ясна. Яму не хапала маёй зайздрасьці. Ён хацеў прызнаньня свайго саксэсу. Яму карцела паказаць, што ён “кое-чего добился в жизни”. Чамусьці яны ўсе, зьехаўшы, курчаць зь сябе такіх ужо эўрапейцаў, што на ваніты цягне. Я ўважліва разгледзеў фота прыяцеля, які ўсьміхаўся з-пад нейкіх пальмаў. Ды ў яго на лбе было рускім языком напісана: дзіця гаўнамікрараёна, савок па нараджэньні, чыстакроўны славянін, то бок сын яўрэйкі і татарына. Аблічча не зьмянілася. Зьмянілася мяно. На канцы ягонага прозьвішча зьявілася прыгожае “off”. Быў Сырнікаў, а стаў Sirnikoff. Цікава, ці памятае ён нашае поўзаньне па падлозе, нашыя пакты, перамогі, перамір’і, нашыя падарожжы з папяровым порна на потных падушачках пальцаў — ад плінтуса да плінтуса? Мне хацелася ў яго распытаць пра ўсё гэта, нашае, далёкае, але я адказаў толькі: Fuck off, Sir Nikoff. Навошта мне эмігранты — я сам эмігрант. Бо ўсё жыцьцё ўцякаў ад усіх іхных моваў — да сваёй, адзінай.

Так, ужо трынаццацігадовым фрыкам у трэні­ках я прыдумляў мовы. У тым узросьце маёй улюбёнай кніжкай быў “Словарь юного филолога”. А асабліва той яго артыкул, які называўся “Искусственные языки”. Я і цяпер памятаю ягонае разьмяшчэньне ў кнізе: ён займаў правы бок, зьлева была карцінка, а працяг быў на наступнай старонцы — я перачытваў яго зноў і зноў, і добра памятаю заўсёднае пачуцьцё гаркоты, калі перагортваеш тую старонку: артыкул быў крыўдна кароткі і хутка сканчаўся. Я прагнуў больш інфармацыі, але яе нідзе не было — ні ў школьнай бібліятэцы, ні ў раённай, ні ў гарадзкой, усё тое самае, мізэр, мне заставаўся толькі мой белы, бедны, усёведны слоўнік: какашачныя пляміны ад какавы і варэньня на запаветнай старонцы, і крошкі ад печыва, навечна сплюснутыя тугім карашком, і антрапаморфныя часьціны мовы на малюнках. Неўзабаве ён ужо сам разгортваўся там, дзе трэба. Каб зноў выдаць той самы мізэр, даўно завучаны на памяць. І ўсё ж менавіта з гэтай белай кніжкі я ўпершыню даведаўся пра эспэранта і Замэнгофа, пра валяпюк і пастара Шляера, пра іда ды інтэрлінгву. Мяне зачароўвалі гэтыя словы, Іда Эспэранта гучала для мяне, як жаночае імя, а Валяпюк — як імя юрлівага ляснога бога, які гоніцца за нявіннай німфай (а насамрэч за той яшчэ німфаманкай). Я быццам бы чуў незнаёмыя незразумелыя словы, якія зьляталі зь іхных вуснаў; было нешта распуснае і трывож­нае ў вобразе, які паўставаў перада мной, варта мне было ўзяць мой слоўнік у рукі. Слоўнік нівод­нага разу ня схібіў — зь ім я забываўся пра мярзоту роднага мікрараёну і шаленства маёй страшнай сярэдняй школы, і пра нудныя абавязкі, і пра чырвоныя павязкі дзяжурных, зь якімі мы, вучні, былі падобныя да маладых нацыстаў. Зь цьвёрдай вокладкай, увесь такі пазытыўны і правільны, поўны каляровых ілюстрацый, нечым падобны да дзіцячай бібліі — гэты спакушальны слоўнік для старэйшых школьнікаў усім сваім выглядам абяцаў хлопчыку ці дзяўчынцы, якія абяруць філялёгію, месца ў шэрагах інтэлігенцыі: заўжды чыс­тыя рукі, кабінэтную славу і белы білет што да чорнай працы. Я рана перастаў яму верыць. І ўсё роўна мовы мяне заварожвалі, а больш за ўсё заварожвала тое, што гэта і праўда рэальна: ства­рыць сваю.

Пазьней я зразумеў, чаму ў мяне нічога не выходзіла — я рабіў дзіцячую памылку, ня вартую сур’ёзнага лінгваканструктара: я хацеў, каб мовы, якія я прыдумляў, былі як жывыя. Падобныя да ўжо існых. Гаворкі, якія ствараюць ілюзію жыцьця. Мовы, якімі быццам бы карысталіся мільёны людзей, сотні пакаленьняў, мовы сівыя і дрымучыя, з прыхаванай недзе ў нутры перадгісторыяй. Канструюючы, я нібыта рабіў гукавы фон для сэрыялу, аздабляў штучнай мовай дадзены мне паводле кантракту штучны сусьвет. Я ня быў вольны. Я хацеў, каб усё было як у людзей — маючы пад рукой толькі няўмела выразаныя мной папяровыя фігуркі. Мне і ў галаву не прыходзіла, што я і мае прыяцелі таксама былі героямі, вартымі мовы, што мы і былі гатовай перадгісторыяй, цалкам прыдатнай для нараджэньня чагосьці новага.

Стварыць мову — цяжкая праца. У тыя часы і крыху пазьней, калі ў маім жыцьці яшчэ не надышоў доўгі пэрыяд Паразы, я некалькі разоў спрабаваў стварыць нешта вартае і ўвесь час сутыкаўся з адной праблемай, якой так і ня здолеў даць рады. Чым больш мая мова нагадвала жывую, тым больш умоўнасьцяў, адпаведнасьцяў і правілаў яна патрабавала. Я нецярпліва і неахайна распрацоўваў лексыку і граматыку, спадзеючыся намацаць нарэшце ратавальнае дно — але мова ненасытная, яна патрабуе яшчэ і яшчэ, і ты пагружаешся і цягнешся ў спадзеве адчуць цуд — а да дна яшчэ жахліва далёка. І ты проста тонеш. Захлынаешся ў бясконцасьці мовы, у яе абяцаньнях. Цяпер я ведаю, што каб прыдумаць мову, трэба спачатку самому вызначыць яе дно. І адштурхнуцца ад яго, і забыць, дзе яно, на якой глыбіні. Даць мове самой перамяшчаць сваё дно то бліжэй, то далей ад таго, хто ў яе пагрузіўся.

Сапраўдны лінгваканструктар ня робіць мовы “як жывыя”. Ён стварае жывыя мовы.

Бальбута атрымалася такой жывой, што нехта ад яе нават памёр.

Загрузка...