Сабакаловы

Дзяўчаты з Таёжнай любілі мяне палохаць.

Адна зь іх хапала за разадраны локаць

І сьціскала, а другая плявала пад ногі вішнямі

І казала прыцішана страшнае, жорсткае, лішняе:

“Што гэта ў цябе ў руках: сабачка?

Харошы сабачка, але ў сабачкі балячка:

Вось тут, глядзі, на попе — самы сапраўдны лішай.

Сабакаловам сабачку аддай.

Аддай!” —

Едуць, едуць сабакаловы.

Яны ўжо на суседняй вуліцы.

Вуліцы Вішнёвага Страху,

Вуліцы Вечаровага Брэху.

Дзяўчаты крычалі і вырывалі сабаку з рук,

Кожная брудная, як калюга, і дужая, як фізрук,

А я прыціскаў да грудзей, да сэрца, да кадыка

Свайго сіняга сабаку бяз вока, зялёнага свайго ваўка.

Ім было па дзесяць, а мне і пяці

Яшчэ ня споўнілася, і ў вышыню расьці

Мне падабалася больш, чым раздавацца ўшыркі.

Горад, прыватны сэктар, вішні, платы і дзіркі,

Вада з калёнак, сьцюдзёная, як анэстэтык,

Смала, якую ўлетку жавалі гэтак,

Быццам хацелі самі зрабіцца дрэвамі:

Вішнямі і таполямі, а не адамамі-евамі.

Якія там Евы!

Гэтыя Евы са сьмехам крычалі малому Адаму:

“Аддай сабаку!” — а ён: “не аддам” ім.

“Лішай на срацы!” — а ён маўчыць.

Стаіць і румзае, гладзячы той лішай,

Быццам недзе зусім недалёка, у бедных яго вушах

І праўда

Едуць, едуць сабакаловы.

Селядцовымі круцяць галовамі,

Дзядзькі зь сеткамі,

Дзядзькі з клеткамі,

З чарапушкамі на шастах.

Па вуліцы Першага Ровара.

Па вуліцы Жоўтага Драніка.

Па вуліцы Гульні ў Доктарку.

Па аблоках і па кустах.

Дзяўчаты з Таёжнай: троечніцы і няўмехі

Айцы — Баярскія, маці Эдыты П’ехі,

Яны рабілі балюча так, як грызуць арэхі,

Якія там на Таёжнай былі пацехі?

Тралейбуснае дэпо і сваё дупло.

Стромыя спускі, пусткі, за імі — цыганскае царства,

Каровы, сьвіньні, бабулькі ў хустках, птаства.

Смачны сьнег — як зубная паста.

Мойвы ў газэце бліскучае паўкіло.

Ды яшчэ казіных шарыкаў чорны россып.

І ўсё было б добра, калі б ня просты

Рэфрэн, што торгаў мяне за бровы:

Едуць, едуць сабакаловы.

Па вуліцы Лішаёў,

Па вуліцы Мазі ад Горла.

Едуць.

Яны ўжо блізка.

Калі ты сабака — схавайся ў будку.

Замры ў дзіцячым сваім абутку,

Каб не пабачыў ніхто з канапы,

Што ня ногі ў цябе насамрэч, а лапы.

Памры ў будцы,

Зрабіся будкай,

Ня гаўкай гучна,

Бо ноч няхутка.

Што яны робяць, сабакаловы?

Едуць.

А калі прыедуць, што будуць рабіць?

Сабак лавіць,

І мераць, мераць,

Хто без ашыйніка — таму сьмерць, сьмерць!

А калі сказаць, што ты нечы, што маеш будку?

Не павераць!

Хто зь лішаём — таму сьмерць, сьмерць!

Сьмяюцца.

Уначы, абдымаючы майго ваўка,

Я ня спаў, я чуў рокат рухавіка.

Страшным словам адганяючы чорны страх,

Я лішай намацваў на тваіх баках.

За пісюн трымаючыся, слухаючы ківач,

І сабачы брэх, і дзіцячы плач,

Я сачыў, як вуліца сочыць за платамі,

Зазірае ў будкі,

Пхне ў галовы памяць,

Набівае жывёл і людзей

Нечым мяккім, сырым,

Незаўважным удзень.

У прыватнага сэктара — справы прыватныя.

У майго сабакі лапы ватныя.

Беласьнежны ў яго ў галаве паралён,

Па яго не прыедуць.

Ніколі.

І няхай там, на вуліцы, шэры фургон,

А ў фургоне злы дзядзька й жалезны загон,

Што з таго, што прыехалі сабакаловы.

Я ня веру ніводнаму вашаму слову.

Я заткну ўсе дзіркі ў сваёй галаве,

Я ў сьвежай зямлі закапаю цябе,

Дзе агрэставы куст, чым далей ад спакус,

Чым далей ад дзяцінства, у якім я ўгруз,

Чым далей ад Таёжнай, да лепшых часоў,

Гэта проста гульня. Не магіла, а схоў.

Yes I wanna be your dog,

Мой сабака сёньня здох.

Загрузка...